КА́ЛЬМАН ((Kálmán) Імрэ) (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),
расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус.вак. школы. Нар.арт.СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял.т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр.нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУ́ХІН (Юрый Аляксандравіч) (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.Белавусавым, аператар з А.Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́Н (Іван Міхайлавіч) (18.6.1874, Масква — 16.2.1946),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1936). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1896). З 1896 у Яраслаўскім т-ры, т-ры Корша ў Маскве. З 1898 у МХТ (з 1943 дырэктар). Творчасць М. вызначалася мастацтвам пераўвасаблення, жыццёвай дакладнасцю вобразаў, імкненнем да раскрыцця іх унутр. сутнасці, ярка выражаным нац. характарам. Сярод роляў: цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Епіходаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Пугачоў («Пугачоўшчына» К.Транёва) і інш. Выступаў як рэжысёр: «Сіняя птушка» М.Метэрлінка і «Рэвізор» Гогаля (1908), «Месяц на вёсцы» І.Тургенева (1909) і інш. Здымаўся ў кіно: «Палікушка» (1919, вып. 1922), «Калежскі рэгістратар» (1925) і інш. У 1941 з т-рам гастраліраваў у Мінску. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХАЎ (сапр.Няхамкін) Уладзімір Львовіч
(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял.Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент.кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЭ́ЙКА ((Noreika) Віргіліюс-Кястуціс) (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),
літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ.муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.
Літ.:
Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.
эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Эстоніі (1968). Нар.арт.СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),
расійская артыстка балета. Нар.арт. Чувашыі (1980). Нар.арт.СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.Сахарава), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.
Літ.:
Р.Я.Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.