ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЗС-МАТРЫЦА,

святлоадчувальная інтэгральная схема, у аснову работы якой закладзены прынцып захоўвання лакалізаванага эл. зараду; цвердацельны аналаг перадавальных тэлевізійных трубак.

Асн. элемент — паўправадніковая прылада з зарадавай сувяззю (ПЗС, адсюль назва). Калі матрыца з такіх прылад, размешчаных на 1 крышталі паўправадніка, знаходзіцца ў факальнай плоскасці аб’ектыва, то ў кожнай ячэйцы матрыцы збярэцца зарад, які адпавядае асветленасці ў дадзеным пункце, і відарыс будзе «запісаны» ў выглядзе такіх зарадавых пакетаў. У канцы кожнага радка размяшчаецца счытвальнае прыстасаванне і ўзмацняльнік. Калі падаваць на электроды ПЗС-м. тактавыя імпульсы, якія забяспечваюць перадачу зарадавых пакетаў выхадной прыладзе, з выхаднога ўзмацняльніка здымецца паслядоўнасць імпульсаў, адпаведных зыходнаму відарысу.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),

майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.

Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАКІ́,

у беларусаў веснавое свята нар. календара. Правасл. царква прымеркавала да яго дзень 40 пакутнікаў (адзначалася 9 сак. с. ст.). Лічба 40 часта абыгрывалася ў павер’ях і абрадавых дзеяннях. Дзяўчаты на С. пераломвалі 40 дошчачак і разрывалі 40 вяровачак (сімвалізавалі, відаць, сілы, што скоўвалі зямлю), каб наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. Калі на С. здараўся мароз, то чакалі яшчэ 40 маразоў і за кожным з іх з’ядалі па аднаму з 40 хлебных шарыкаў, спечаных да свята. На С. звычайна чакалі пацяплення, «адпушчэння» дрэў і прылёту птушак. Калі ад грамніц да С. трымалася добрае сухое надвор’е, то летам чакалася засуха.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; скажы́; ска́заны; зак.

1. гл. гаварыць.

2. з інф. Распарадзіцца, загадаць.

Мне сказалі падрыхтаваць ілюстрацыйны матэрыял да тэмы.

Мама сказала сыну хутчэй бегчы дадому.

3. (звычайна з адмоўем). Зрабіць вывад, падумаць.

Па тваім адзенні не скажаш, што бедна жывеш.

4. у форме 1 ас. мн. буд. ска́жам ужыв. таксама як пабочн. сл. Напрыклад (разм.).

Скажам, заўтра я не змагу пайсці ў бібліятэку.

5. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н.

Скажыце, які ты спрытны!

6. у форме 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй, ужыв. для выражэння нязгоды, недавер’я.

Схадзі ў лес па ягады! — Скажаш жа! — Куды ёй у лес!

◊

Скажы(це), калі ласка — ветлівы зварот пры запытанні аб чым-н.

Скажыце, калі ласка, куды вядзе гэта дарога?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ла́ска¹, -і, ДМ ла́сцы, ж.

1. Выражэнне любові, пяшчоты; цёплыя адносіны да каго-н.

Мацярынская л.

2. Ветлівасць, далікатнае абыходжанне, прыхільнасць, лагоднасць, спагада.

Выхавацелі інтэрната імкнуцца ахінуць ласкай і клопатам кожнае дзіця.

◊

Быць у ласцы (разм.) — карыстацца павагай, давер’ем.

Дзякуй за ласку — шчыра дзякую.

Зрабіць ласку — аказаць паслугу.

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба або пабуджэнне.

Увайсці (убіцца) у ласку (разм.) — набыць чыю-н. прыхільнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

збо́ку, прысл.

1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры.

З. ад дарогі.

Стаць з.

2. З месца, аддаленага ад каго-, чаго-н.

Адысці ўбок і назіраць з.

Калі глядзець на гэта з., дык здаецца, што ўсё тут добра (перан.).

3. у знач. прыназ. з Р. Побач з кім-, чым-н., паблізу каго-, чаго-н.

З. дарогі.

◊

Збоку прыпёка (разм.) — пра каго-, што-н. пабочнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

навіга́цыя, -і, ж.

1. Суднаходства, мараплаванне.

Адкрыць навігацыю.

2. Перыяд года, калі магчыма суднаходства.

3. Навука аб спосабах выбару шляху і метадах ваджэння суднаў, лятальных і касмічных апаратаў.

Падручнік па навігацыі.

Паветраная н.

Касмічная н.

4. Тэхналогія, працэс кіравання і выбару аптымальнага маршруту для транспартнага сродку з дапамогай навігатара (у 2 знач.).

Аўтамабільная н.

|| прым. навігацы́йны, -ая, -ае.

Н. перыяд.

Навігацыйныя прыборы.

Навігацыйная сістэма

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

не́дзе, прысл.

1. У нейкім, дакладна невядомым месцы; дзесьці.

Н. пачуўся стрэл.

2. з інф. Няма месца (дзе можна было б што-н. зрабіць, размясціцца і пад.).

Схавацца н.

3. з інф. Неадкуль (што-н. узяць, атрымаць і пад.).

Н. было напіцца.

4. Невядома куды, кудысьці.

Сысці н. з дому.

5. Ужыв. ў выпадках, калі дакладна не вызначаецца час дзеяння.

Прыехалі н. к вечару.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)