ЭКСПО́ [ад франц. expo(sition) выстаўка],

сусветная выстаўка (звычайна з лічбай, што ўказвае год), якая знаёміць з дасягненнямі ў розных галінах дзейнасці. Напр., сусв. універсальная выстаўка «Экспо-2000. Чалавек—прырода—тэхніка» (г. Гановер, Германія) падвяла вынікі 20 ст.

т. 18, кн. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДХРА-ПРА́ДЭШ,

штат на ПдУ Індыі. Пл. 276,8 тыс. км², нас. 66,5 млн. чал. (1991), пераважна андхра (тэлугу); гарадскога 20%. Адм. цэнтр — Хайдарабад, буйныя гарады: Вішакхапатнам, Віджаявада. Займае прыбярэжную нізіну ўздоўж Бенгальскага заліва, частку пласкагор’я Дэкан і гор Усх. Гаты (выш. да 1680 м). Клімат вільготны, трапічны, мусонны на ўзбярэжжы (1500 мм ападкаў за год), ва ўнутр. раёнах з засушлівай зімой (ападкаў 500—850 мм за год). Адзін з асн. с.-г. штатаў Індыі. Гал. с.-г. культуры: рыс, тытунь, клешчавіна, кенаф, цукр. трыснёг, таксама вырошчваюць проса, арахіс, бавоўнік і інш. У жывёлагадоўлі пераважае авечкагадоўля. Традыцыйныя галіны прам-сці — тытунёвая, цукровая. Развіты горназдабыўная (каменны вугаль, слюды, хрызалітавы азбест, барыты, вапнякі, буд. матэрыялы, жал. і марганцавая руды, храміты, свінец), металург., хім., маш.-буд. прам-сць. Транспарт чыг., марскі (гал. порт Вішакхапатнам), аўтамабільны.

З.​М.​Шуканава.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,

на ПнУ Афрыкі (частка Сахары), у Егіпце, паміж далінай р.Ніл і Чырвоным морам. На Пд (22° паўн. ш.) злучаецца з Нубійскай пустыняй. У рэльефе пераважаюць друзаватыя, пясчанікавыя і вапняковыя плато выш. да 500 м, якія паступова ўздымаюцца з З на У. Уздоўж Чырвонага м. цягнецца крышт. хр. Этбай (выш. да 2184 м, Шаіб-эль-Банат). Карысныя выкапні: нафта, волава, фасфарыты, буд. камень. Клімат трапічны пустынны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 30 °C, ападкаў да 100 мм за год. Дажджы не выпадаюць многія гады. Характэрны сухія рэчышчы (вадзі). Падземны сцёк, які захоўваецца круглы год, падтрымлівае ў далінах разрэджаную ксерафітавую і злакава-хмызняковую расліннасць; трапляюцца асобныя дрэвы (акацыі, тамарыскі, фінікавая пальма і інш.). Жывёльны свет: шматлікія грызуны, антылопы, гіены, шакалы, паўзуны. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля (козы, авечкі, вярблюды). У аазісах — земляробства.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,

агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАХАЛЁЎ Пётр Серапіёнавіч (5.10.1919, с. Мыльнікава Шадрынскага р-на Курганскай вобл., Расія — 15.7.1997),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (1982). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1952). У 1961—90 выкладаў у Бел. АМ. Творам характэрна абагульненасць жывапіснага апавядання, тыпізацыя і характарнасць у вобразным ладзе. Сярод жанравых карцін: «Рамонтныя работы ў МТС» (1954), «Партызанскія паходы» (1958), «Абаронцы Брэста» (1962), трыпціх «Год вялікага пералому» (1965—67), «Рудабельская рэспубліка» (1970), дыпціх «Аб вайне і міры» (1978—83), «Нашы прыйшлі» (1984). Значнае месца займаюць партрэты: «Калгасніца» (1960), «Дачка» (1964), «Ц.​В.​Канапацкі» (1980) і пейзажы: «Пачатак красавіка» (1962), «Вязынка» (1982). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1969—71).

Літ.:

Шныпаркоў А.М. П.​С.​Крахалёў. Мн., 1975.

П.Крахалёў. Трактарыста забілі. З трыпціха «Год вялікага пералому». 1967.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.

У якасці Н.э. найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.

Схема будовы насычанага нармальнага элемента: 1 — ртутны электрод; 2 — дэпалярызатар; 3 — электрод з амальгамы кадмію; 4 — крышталі сульфату кадмію; 5 — электраліт — насычаны водны раствор сульфату кадмію.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́ЛІ́,

паўвостраў на У Афрыкі. Пл. каля 750 тыс. км². Абмываецца на Пн Адэнскім зал., на У і ПдУ Індыйскім ак. Большая ч. паверхні — ступеньчатыя плато (выш. 1000—1500 м), на Пн — горы (г. Шымбірыс, выш. 2416 м). Клімат субэкватарыяльны, на Пн — трапічны, засушлівы, у цэнтр. ч. — пустынны. Ападкаў 250—500 мм за год. На ПнЗ ва ўзвышанай ч. колькасць ападкаў павялічваецца (больш за 1000 мм за год). Рэкі — пераважна часовыя патокі, акрамя рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. У далінах рэк галерэйныя рэдкалессі, на ўнутр. плато — тыповыя і апустыненыя саванны, а па схілах — лясы з дрэвападобных ядлоўцаў, на ўзбярэжжы акацыевыя паўпустыні. Качавая жывёлагадоўля, у аазісах вырошчваюць кукурузу, бананы, арахіс і інш. На тэр. паўвострава — дзяржавы Самалі, Джыбуці, усх. раёны Эфіопіі. Важнейшыя гарады і порты — Магадыша (Самалі), Джыбуці (Джыбуці).

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Самалі. Узбярэжжа Індыйскага акіяна.

т. 14, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРВА́РКІ,

натуральныя павіннасці па будаўніцтве і рамонце замкаў, дарог, мастоў, грэбляў, плацін, млыноў і інш. дзярж. і панскіх збудаванняў, ачыстцы берагавых палос суднаходных рэк у ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі ў 15—1-й трэці 20 ст. Ш. не ўваходзілі ў склад паншчыны, іх памер не быў аднолькавы ў розных мясцовасцях; у 1-й пал. 19 ст. на Беларусі складаў да 24 і болей рабочых дзён у год з сял. двара. Найб. пашыранай інвентарнай нормай было 12 рабочых дзён у год з двара. Пасля сялянскай рэформы 1861 цяжар Ш. значна павялічыўся з прычыны таго, што дарожныя ўчасткі часта замацоўвалі за сельскай грамадой за некалькі дзесяткаў вёрст ад паселішчаў, а сяляне абавязаны былі папраўляць дарогі пераважна ў час палявых работ. Дарожную павіннасць несла амаль выключна сялянства. Ш. ў 1921—39 існавалі ў Зах. Беларусі.

В.​П.​Панюціч.

т. 17, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСІ́НСКІ Рышард Здзіслававіч (н. 30.6.1931, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. кінарэжысёр-дакументаліст, сцэнарыст, журналіст. Скончыў БДУ (1955), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў дакумент. кіно ў Маскве (1973). З 1955 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод лепшых цыкл фільмаў, створаны метадам кінаназірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963), «Наш клас праз год» (1964; абодва ў сааўт.), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1973; прэмія Міжнар. кінафестывалю дакумент. кіно ў г. Ліён, Францыя, 1973), «Вяртанне ў 10 «А» (1988; абодва з В.​Сукманавым) і інш. Найб. значныя работы ў галіне распрацоўкі тэмы бел. культуры і гісторыі: «Штрыхі да партрэта» (1968), «Зорка Максіма» (1981), «Чатыры стагоддзі памяці» (1985), «Душа не падарожніца», «Паланэз для касінераў» (абодва 1994), «Дыярыуш наваградскі» (1997), «12 прыступак для малітвы» (2000, сярэбраны медаль ордэна Назарэцянак, Ватыкан, 2000). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974.

Г.​У.​Шур.

т. 18, кн. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1883—1914 у г. Ваўкавыск. У 1908 мела газава-бензінавы рухавік. Выпускала тытунёвых вырабаў (курыльны тытунь, махорка, папяросы і цыгарэты) да 5,7 тыс. пудоў за год (1910). Працавала ад 25 (1884) да 385 (1900) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)