хадо́к, хадака, м.

1. Той, хто ходзіць пехатой. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Асоба, якая паводле службовага або спартыўнага абавязку павінна многа хадзіць. Першы ішоў ляснік. За ім лёгкім крокам натрэніраванага хадака нячутна ступаў незнаёмец. Паўлаў. — Э, гэта недалёка! — быццам узрадаваўся стары. — Добры хадок да ночы дайшоў бы. Шамякін. // Разм. Той, хто пастаянна ходзіць па якіх‑н. справах. «Вось табе і хадок па судах», — успомніўшы тое, што сёння днём чуў пра Асмалоўскага, падумаў Сяргей з цеплынёй у душы. Сіўцоў.

2. Выбарная асоба, пасланая куды‑н. з даручэннем, хадайніцтвам. Вы ведаеце здарэнні, калі цар задавольвае просьбы. [Лабановіч:] — Але ці ведаеце вы такія здарэнні, калі цары высылалі хадакоў ад сялян у Сібір? А такія здарэнні былі. Колас. — Мяне сяляне паслалі да Леніна хадаком, з наказам, каб бальшавікі бралі ўладу. Гурскі.

•••

Не хадок куды — пра таго, хто больш не пойдзе, не хоча хадзіць. — Не, Ёсіп, з табою больш, я не хадок. Іду ў калгас угнаенні вазіць, — з нейкай асабліва вясёлай незалежнасцю паведаміў Макар. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галка 1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.

Га́лка 2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка 2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.

Га́лка 3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ўка ’папярочка на дзержаку рыдлёўкі, віл’ (касцюк., ушац., Жыв. сл.). Бел. слова з’яўляецца або пранікненнем з рус. гаворак (пра што сведчыць і значэнне слова, магчыма, тэрміналагічнае), або агульнага паходжання з рус. лексікай. У рус. кокова ’палка з крывым верхнім канцом, кульба’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, валаг. ’верацяно з намотанай не да канца пражай’, ’кончык носа’, алан. коковка ’загнуты верхні канец палкі, кульбы’, наўг. і інш. ’палка з крывым верхнім канцом’, кастр., варонеж. ’паліца, доўбня’, цвяр., наўг. ’мыліца’, ’качарга’, цвяр. ’акруглы край верацяна і інш.’, ніжнегар. ’клубок нітак па кароткай палцы’ і мн. інш. Рус. коковка ў слоўніку Фасмера не праэтымалагізавана. Да бел. і рус. лексем паралелей быццам бы няма. Этымалагічна слова вельмі няяснае. Можна меркаваць аб чляненні ko‑koba, як аб інавацыі ў некаторых рус. і адпаведнай бел. гаворцы. Па ўтварэнню гэта структура магла быць з рэдуплікаваным першым складам. Другую частку можна параўнаць з адзначаным у Даля рус. наўг. кова ’кол, пень, паля’. Магчыма, сюды можна аднесці бел. кавеня, укр. ковінька ’палка з загнутым канцом, кульба’, ковиза ’кульба’, аднак няяснае словаўтварэнне лексемы. Далей, сюды і рус. закавыка, ковыка. Але ковыка ў СРНГ толькі ў значэнні ’нейкая расліна’. Словаўтварэнне не вельмі яснае: ‑ов‑ прыметнікавы фармант, які ў выніку перараскладання ўвайшоў у састаў складанага суфікса. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што семантыка такіх утварэнняў, як рус. кокова, кокора, кокот, кокотышка, кошка, кука і пад., не выключае магчымасці неаднаразовага збліжэння гэтых лексем, што можа выклікаць трансфармацыю як формы, так і семантыкі, або наогул прывесці да генерацыі кантамінаванай формы. Магчыма, разглядаемае слова з’яўляецца вынікам такіх збліжэнняў і трансфармацый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кво́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты. Люда здавалася побач з мажным шыракаплечым Туміліным танюткай і кволай. Савіцкі. Птушаня, маленькае, кволае і такое бездапаможнае, сядзела непадалёку ў траве і сутаргава разяўляла жоўтую дзюбку. Курто. // Які дрэнна расце, развіваецца (пра расліны). У Аксінні тулілася да зямлі, апусціўшы вушы, кволая расада, а ў Палікарпаўны весела цягнуліся к сонцу букецікі. Кулакоўскі. // Слабы, маладзенькі, далікатны. Увайшлі [Сашка і дзед] у бярозавы гай. Ад беластволых красунь, у якіх толькі-толькі на[клёў]валіся кволыя лісточкі, здавалася, навокал пасвятлела. Даніленка. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся кволымі бледна-жоўтымі і ружовымі сыраежкамі. Васілевіч.

2. Невялікі па сіле, інтэнсіўнасці, напружанасці. Кволае полымя. Кволы голас. □ Кволы ветрык лашчыў зялёную маладую травіцу. Мурашка.

3. Недастаткова моцны; нетрывалы. Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго .. дзябёлае тулава. Колас. Наладаваныя трохтонкі, палутаркі.., быццам вялізныя жукі, спаўзаюць з узгорка на кволы мост. Брыль.

4. перан. Малы, слабы, нязначны. Кволая надзея. □ Але спадзяванне, хоць і кволае, усё-ткі жыло ў ім і не давала супакою. Мележ. [У Чудзіна] надта хутка пагаслі тыя кволыя пачуцці сумлення, якія разбудзіў у хлопца Ганчароў сваёй гутаркай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; люба́я, ‑о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; любо́е, ‑о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.

2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.

3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.

4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.

5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.

6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.

7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).

•••

Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́шта ​1, нечага, нечаму, нешта, нечым, аб нечым, займ. неазначальны.

1. Невядома, незразумела што. Дзядзя Косця сядзеў за сталом і нешта пісаў. Шчарбатаў. Мікола нешта сканфужана прамармытаў і, прыгнуўшыся, пайшоў з пакоя. Даніленка. // Што‑н. неакрэсленае, пакуль што няяснае; штосьці. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысьці ісці, трэба нешта рабіць. Колас. Лукаша як быццам нешта затрымлівала. Кавалёў.

2. звычайна ў Н і В. Нейкі прадмет, з’ява, пачуццё і пад. Нешта паставіў [бацька] на стол, зняў пінжак, потым зачэрпнуў конаўкай вады з вядра, выпіў. Кандрусевіч. У далечыні сіняваты лес, вада і неба зліваюцца ў нешта адно. Ермаловіч. / Тое ж з азначэннем. На забалочанай сенажаці з’явілася з туману нешта цёмнае, жывое і набліжаецца да лесу. В. Вольскі. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля.

не́шта ​2, прысл.

1. Чагосьці, чамусьці, невядома чаму. Нешта нездаровіцца. □ Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Чорны. [Максім:] — Ды нешта ты, Сяргей, раптам загаварыў, як па-пісанаму. Машара.

2. (у спалучэнні з прыназ.). Прыблізна. Штодня нешта пад восем гадзін па нашу брыгаду ў Лазюкі прыязджаў грузавік. Вышынскі. Ужо асушана нешта каля пяцісот гектараў, а экскаватарчыкі нястомна ўсё ідуць, усё чэрпаюць глыбінныя пласты палескай зямлі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Глытаючы, прапусціць праз глотку ў стрававод. Вера набірае ў рот вады і доўга сагравае яе, перш чым праглынуць. Асіпенка. З мядком і цвік праглынеш. Прыказка.

2. перан.; што. Разм. Выслухаць што‑н. непрыемнае, абразлівае без пратэсту. — Дзякуй трэба сказаць за падарунак, а не бурчаць, як старому дзеду, — паўшчувала бабуля ўнука. Слава моўчкі праглынуў гэты дакор. Шыловіч. Мікола Валюжынец моўчкі праглынуў абразу. Б. Стральцоў. // Не выказаць якога‑н. пачуцця, перажывання і пад. Налагея праглынула падрыхтаваныя для Таццяны калючыя словы і, нічога не сказаўшы, выйшла з хаты. Шамякін.

3. перан.; што. Разм. Сказаць што‑н. невыразна, не поўнасцю, не пагаварыць да канца.

4. перан.; каго-што. Зрабіць нябачным, схаваць. Праз хвіліну цемра і завіруха праглынула. [Максімаву] постаць. Шамякін. Багна, праглыні таго, хто будзе зноў кіравацца сюды ваяваць! Сачанка.

5. перан.; што. Разм. Вельмі хутка прачытаць. На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, [Я. Колас] меўся праглынуць.. найменей паўсотні кніг. Лужанін.

•••

Жыўцом праглынуць — тое, што і жыўцом з’есці (гл. з’есці).

Праглынуць пілюлю — моўчкі перанесці абразу, крыўду.

Праглынуць язык — замаўчаць, перастаць гаварыць.

Як (быццам) аршын праглынуў — пра чалавека, які трымаецца ненатуральна прама.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывалі́ць ​1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго‑н. Прываліць бервяно да сцяны. // Прыкрыць, прыціснуць зверху чым‑н. Прываліць каменем. □ [Снег] прыкрыў, прываліў з восені багну і ваду ў балотах. Сачанка. // безас. Прыціснуць, прыдушыць. Гэтая дзяўчына пераклала немцам, быццам у лесе сасной прываліла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога. Карпюк.

2. Спец. Прыстаць, прычаліць (пра судна). Параход прываліў да берага.

3. Разм. Прыйсці, сабрацца ў вялікай колькасці. Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Колас. Як заўсёды.., на сход прываліла ўся вёска; моладзь — тая наперадзе. Нікановіч. Прывалілі людзі з саду: — Што такое? — Што за гром? Бялевіч. / у безас. ужыв. У мястэчка за апошні месяц прываліла нямала рознага люду. Навуменка. // перан. З’явіцца, прыйсці (пра што‑н. нечаканае або ў вялікай колькасці). [Аўгусцін:] — Чуў, чуў, Мікалай, пра тваю знаходку. Во шчасце прываліла! Паўлаў. Здаецца, ніколі .. [вясны] так пс чакалі, як сёлета. Ажн[о] во яно, прываліла цяпло. Савіцкі. Дабро прываліла ў хату, але да раніцы яго яшчэ трэба добра прыхаваць. Няхай. / у безас. ужыв. Мадэльшчыкаў мала, а новых заказаў многа цяпер прываліла. Чорны.

прывалі́ць ​2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Трохі, не поўнасцю зваліць (сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)