МАХО́РКА (Nicotiana rustica),

кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.

Махорка.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],

1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

часовая або ўстойлівая страта прафес. працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж. пенсія.

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНС (Robbins) Фрэдэрык Чапмэн (н. 25.8.1916, г. Оберн, штат Алабама, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Місурыйскі ун-т (1936) і Гарвардскую мед. школу (1940). У 1940—42 і ў 1948—50 супрацоўнік дзіцячай бальніцы ў г. Бостан, у 1952—66 кіраўнік аддзела ў Гал. гар. бальніцы г. Кліўленд, з 1952 праф. мед. школы пры ун-це ў г. Кліўленд, у 1966—80 дэкан; пасля — у Ін-це медыцыны ў г. Бетэсда (да 1985 дырэктар). Навук. працы па праблемах вірусных хвароб, эпідэміялогіі інфекц. гепатыту, сыпнога тыфу, Ку-ліхаманкі. Распрацаваў тэхніку культывавання віруса поліяміэліту ў тканкавых культурах, адзін са стваральнікаў вакцыны супраць поліяміэліту і метадаў вызначэння і вылучэння розных відаў вірусаў. Нобелеўская прэмія 1954 (разам з Дж.​Ф.​Эндэрсам, Т.​Х.​Уэлерам).

А.​Ю.​Маніна.

Ф.Ч.Робінс.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СШРА́ЛЬНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Spirotricha),

або рознараснічныя інфузорыі (Heterotricha), падклас прасцейшых кл. раснічных інфузорый. 3 атр., каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах. Жывуць свабодна або прымацаваныя да субстрату. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вады. Ёсць паразіты, узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца бурсарыя трункатэла (Bursaria truncatella), спірастомум малы (Spirostomum minus), стыланіхія мітылюс (Stylonichia mytilus), трубачы: блакітны (Stentor coeruleus) і зменлівы (S.polymorphus).

Даўж. да 3 мм. Цела ўкрыта шчыльнай пелікулай з густымі раснічкамі (органы перамяшчэння), некат. маюць ракавіну. Каляротавыя раснічкі (2—4 рады) злітыя паміж сабой (т.зв. мембранелы), якія спіральна закручаны па гадзіннікавай стрэлцы (адсюль назва), даўжэйшыя за астатнія (адсюль другая назва). Кормяцца дробнымі арган. рэшткамі, бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Корм для інш. беспазваночных, малявак рыб.

А.​М.​Петрыкаў.

Спіральнараснічныя інфузорыі: 1 — бурсарыя трункатэла; 2 — стыланіхія мітылюс; 3 — трубач блакітны.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМЯКІ́ (Cricetine),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў (зрэдку вылучаюць у асобнае сямейства). 60—80 родаў, 380—390 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі, тропікаў Азіі і Афрыкі. Жывуць на адкрытых ландшафтах гор і раўнін у норах. На Беларусі ў паўд.-зах. ч. Брэсцкай і паўд.-ўсх. ч. Гомельскай абл. да 1960-х г. трапляўся Х. звычайны (Cricetus cricetus).

Даўж. цела 5—36 см, хваста 0,7—33 см, маса 7—250 г. Афарбоўка ад попельнай або буравата-шэрай да цёмнай карычнева-вохрыстай; зрэдку ўздоўж спіны — чорная паласа і чорна-белыя плямы ў пярэдняй ч. тулава. У большасці ёсць зашчочныя мяшкі. Некат, зімой у спячцы. Нараджаюць да 18 дзіцянят. Кормяцца насеннем, ч. раслін. насякомымі, дробнымі пазваночнымі; назапашваюць кармы. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Выкарыстоўваюцца як эксперым. жывёлы.

Хамякі: 1 — звычайны; 2 — перадкаўказскі.

т. 16, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЖ Аркадзь Сямёнавіч (н. 25.10.1930, в. Бабінкі Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі ўнутр. хвароб. Д-р мед. н. (1974), праф. (1978). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1958 у Ін-це біяфізікі АМН СССР (г. Азёрск Чэлябінскай вобл.). У 1964—68 гал. тэрапеўт Мін-ва аховы здароўя Беларусі, адначасова ў Мінскім мед. ін-це. З 1967 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (з 1969 заг. кафедры). У 1976—77 асабісты ўрач Ю.Цэдэнбала. у 1984—94 гал. нефролаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. З 1990 прэзідэнт Бел. і член Еўрап. асацыяцыі нефролагаў. Навук. працы па паталогіі ўнутр. органаў, пераважна нырак.

Тв.:

Протеинурия: Клинич. значение и патогенез. Мн., 1983;

Нефрология в терапевтической практике. Мн., 1988 (у сааўт.);

Практическое руководство по нефрологии. Мн., 2001 (у сааўт.).

т. 17, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́ЎДЗІК Мікалай Захаравіч (н. 15.8.1931, в. Куцэйкі Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі і клінічнай біяхіміі. Д-р мед. н., праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў. З 1959 у Бел. н.д. скурна-венералагічным ін-це (у 1968—86 нам. дырэктара). З 1986 у Мінскім мед. ун-це (у 1986—97 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні псарыязу, удасканаленні метадаў дыягностыкі і лячэння скурных і венералагічных хвароб, змяшчэнні мікраэлементаў у структуры скуры ў антагенезе.

Тв.:

Профессиональные болезни кожи. Мн., 1997 (разам з С.​У.​Федаровічам, В.​П.​Філонавым);

Венерические болезни. Мн., 1998 (разам з А.​Ц.​Сасноўскім. М.​В.​Качук);

Дерматологический справочник. Мн., 2001 (разам з А.​Ц.​Сасноўскім, І.​М.​Бялугінай).

т. 18, кн. 1, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жаўту́ха 1 ’жоўтая афарбоўка скуры, вочных склераў і г. д.; хвароба, што яе выклікае’. З рус. желтуха ’тс’ або паралельна з ім. Параўн. укр. жовтяниця. Сцяцко (Афікс. наз., 124) адзначае непрадуктыўнасць тыпу назваў хвароб, прычым краснуха, відаць, утворана там, дзе красн.‑ азначала ’чырвоны’, таму трэба лічыцца з рус. уздзеяннем. Параўн. іншую назву гэтай хваробы жаўтачка (< польск.). Шанскі (1, Ж, 282) лічыць желту́ха ўласна рус. утварэннем, а бел. < рус.

Жаўту́ха 2 ’грыб зялёнка, Tricholoma flavovirens’ (Мат. Гом.), жовтушка ’нейкі ядомы грыб’ (камян., Жыв. сл., 188). Ад прыметніка жоўты (гл.) з суфіксамі ‑уха ці ‑ушка паводле пашыранай мадэлі назваў раслін, у тым ліку грыбоў (Сцяц., Афікс. наз., 124, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

экстрасэ́нс

(ад лац. extra = звыш меры, самы лепшы + sensus = пачуцце, адчуванне)

чалавек, які валодае асобымі біяэнергетычнымі магчымасцямі і звышпачуццёвымі здольнасцямі, якія найчасцей выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і лячэння хвароб (параўн. хілер).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)