МІКО́ЗЫ |ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)], 1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)