ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),
друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.
У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн.экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.
І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас.АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ (ад лац. cantus спевы, песня),
свецкая бытавая вакальна-харавая песня-гімн. Пашыраны ў слав. народаў у 16—18 ст.
К. ўласцівы: сілабічны рыфмаваны верш з тыповымі структурамі 11(5+6), 13(7+6), 14(8+6), 12(6+6) і інш.; папевачны прынцып муз. мыслення; страфічная форма арганізацыі (ад 2—4 да шматрадковай шматчасткавай са строфамі вышэйшага парадку); шматстрофная будова; тыповая быт.танц. мелодыка і рытміка; характэрныя рытмаформулы і рытмаінтанацыі; стэрэатыпізацыя кадэнцыйных і экспазіцыйных зваротаў, секвентны метад развіцця; танізацыя мелодыкай сілабічнага верша і крышталізацыя сілабатонікі; лінеарны прынцып фактурнага мыслення; крышталізацыя функцыянальнай гармоніі на канцах радкоў і строф э пераважнай натуральна-ладавай у сярэдзіне; сувязь са знаменным спевам і нар. песняй.
К. з’явіліся ў Чэхіі ў 14 ст. На Беларусі ўзніклі ў 15 ст. Іх прататыпы — псальмы і песні з гусіцкіх зборнікаў («Псалтыр» Я.Гуса) і шматлікіх пратэстанцкіх канцыяналаў, катэхізісаў, песеннікаў. Найб. раннія К. былі 1-, 2-галосымі. Паступова на Беларусі і Украіне замацавалася 3- і 4-галосая фактура. 3-галоссе стэрэатыпізавалася і стала штампам з уласцівымі яму функцыямі галасоў: верхні — вядучы, сярэдні (у тэрцыю ці сексту) і ніжні — бас (гарманічны фундамент). Гэты тып фактуры значна паўплываў на бел. нар.-песеннае шматгалоссе, стаў тыповым прынцыпам арганізацыі партый для «траістай музыкі». Змест К. звязаны са старажытнасцю і сучаснымі ім эпохамі. Бытавалі славільныя, патрыят., гіст., пакаянныя, малітоўныя, любоўныя, лірычныя, пастаральныя, застольныя, апакаліптычныя, эсхаталагічныя, сац. накіраванасці. Складваліся ў духоўных акадэміях, калегіях, семінарыях, павятовых і парафіяльных вучылішчах, брацкіх школах, манастырах, пазней у купецкім, мяшчанскім асяроддзі. Вядомы К. Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага. Е.Славінецкага (Беларусь), Дз.Растоўскага (Туптала), С.Яворскага, Ф.Пракаповіча, Р.Скаварады (Украіна), А.Кантэміра, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава, А.Сумарокава, І.Багдановіча (Расія) і інш.
Літ.:
Орлова Е. О традициях канта в русской музыке // Теоретические наблюдения над историей музыки. М., 1978;
Келдыш Ю.В. Внекультовая духовная песня // История русской музыки М., 1983. Т. 1;
Яго ж. Песня в рукописных сборниках // Там жа. М., 1984. Т. 2, ч. 1;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
рака ў Цэнтр. Афрыцы, пераважна ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (дзе наз. Заір), часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўж. 4320 км (ад вытоку р. Луалаба), пл.бас. 3,7 млн.км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля р. Амазонка). Вытокі на ПдУДэмакр. Рэспублікі Конга на плато каля мяжы з Замбіяй, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Банана. Верхняе цячэнне (да вадаспада Баёма) па пласкагор’ях і плато, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні (ад вадаспада Баёма да г. Кіншаса) у межах упадзіны Конга — раўнінная рака з шырокай далінай (да 20 км), падзяляецца на рукавы і пратокі. Ніжняе цячэнне (ад г. Кіншаса да вусця) пераважна ў глыбокай цясніне па Паўд.-Гвінейскім узв., шмат парогаў і вадаспадаў (Лівінгстана і інш.). Каля г. Матады К. выходзіць на вузкую прыморскую нізіну, рэчышча шыр. да 1,5 км. Каля г. Бома пачынаецца эстуарый. Гал. прытокі: Арувімі, Убангі, Санга (справа), Ламамі, Лулонга, Рукі, Касаі (злева). Да бас. К. належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і інш. Жыўленне дажджавое. Макс. паводкі ў вярхоўях у ліст.—студз., у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі—чэрв. і ліст.—студзені. Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс.м³/с. Вял. масы вады, якія К. выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 км ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн.т за год. Значныя запасы гідраэнергіі (каля 390 ГВт). Вял. 1 ЭС — Нзіла, Нсеке (на р. Луалаба), Інга (у ніжнім цячэнні). Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец і інш.). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў у бас. К. каля 20 тыс.км. Уласна К. (укл. Луалабу) суднаходная на б.ч. цячэння за выключэннем парожыстых участкаў, у абход якіх пабудаваны чыгункі. Ніжэй г. Матады заходзяць акіянскія судны. Гал. рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,
помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр.ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.Мадэрна). На фасадзе з вял.цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдніназ. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум.бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум.бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.Манцу (манум.бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рымскі сабор святога Пятра.Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́С (грэч. Atlas),
Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.
Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-растудз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-раліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч.тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 м — мяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,
дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс.га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс.га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс.га (па 17%).
Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс.га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс.га), Бяльмонт (каля 12 тыс.га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.
На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),
сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн.ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.
У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.
На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар.б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).
У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ ФОНДРэспублікі Беларусь,
уся зямля ў межах краіны з унутр. водамі і прыроднымі рэсурсамі. Парадак, умовы карыстання і валодання зямлёй рэгулююцца Зямельным правам. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) З.ф. падзяляецца на землі с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага і гіст.-культ. прызначэння, ляснога і воднага фондаў, запасаў. Састаўныя часткі З.ф. ўстанаўліваюцца дзяржавай у залежнасці ад патрэб развіцця нар. гаспадаркі. Пры неабходнасці землі з адной катэгорыі пераводзяць ў другую. Структура З.ф. Рэспублікі Беларусь на 1.1.1997: агульная плошча 207,6 тыс.км² (2076 тыс.га); з іх 45% займаюць с.-г. землі, 36% — лясы, 2% — воды, 17% — інш. землі. Найб. частка тэрыторыі пад с.-г. землямі, якія выкарыстоўваюцца для атрымання с.-г. прадукцыі. У іх уваходзяць ворныя землі, землі пад насаджэннямі, сенажацямі, пашамі. Структура с.-г. зямель Беларусі на 1.1.1997: агульная пл. 9333 тыс.га; з іх 6230 тыс.га (66,8%) ворныя землі, 146 тыс.га (1,5%) пад пастаяннымі культурамі, 1258 тыс.га (13,5%) пад сенажацямі, 1699 тыс.га (18,2%) пад пашай. У разліку на душу насельніцтва прыпадае 0,9 гас.-г. зямель, у т. л. 0,6 га ворных. У 1997 сярэдні памер плошчы с.-г. зямель калгасаў, саўгасаў і інш. калектыўных гаспадарак каля 3 тыс.га, фермерскіх гаспадарак 18 га. З агульнай плошчы с.-г. зямель 9267 тыс.га (99,3%) знаходзілася ў карыстанні с.-г. прадпрыемстваў і грамадзян. У іх складзе ў карыстанні калгасаў 5664 тыс.га (61,1%), саўгасаў і інш.дзярж., каап. і міжгасп. прадпрыемстваў — 2093 тыс.га (22,5%), у карыстанні грамадзян (асабістыя і фермерскія гаспадаркі) — 1510 тыс.га (16,4%). Лепшыя землі заняты пасевамі с.-г. культур. Пасяўныя плошчы пад культурамі ўстанаўліваюцца з улікам гасп. выкарыстання ўраджаю. Робяцца захады па паляпшэнні выкарыстання ўсіх частак З.ф. Гал. ўвага аддаецца росту прадукцыйнасці с.-г. зямель шляхам укаранення інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання культур і ўтрымання жывёлы, асваення найноўшых метадаў кіравання, рацыянальнага выкарыстання працы, зямлі, матэрыяльна-тэхн. і грашовых сродкаў. Інтарэсы стварэння канкурэнтна- і экспартназдольнай таварнай вытв-сці патрабуюць паскарэння тэмпаў інтэнсіфікацыі і росту ўзроўню яе эфектыўнасці пры выкарыстанні ўсіх састаўных частак З.ф., перш за ўсё с.-г. зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,
геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.
Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.
На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІСІ́ПІ (Mississippi, на мове мясц. індзейцаў — вял. рака),
рака ў ЗША, адна з самых вял. на зямным шары. Даўж. 3766 км (ад вытоку р. Місуры 5970 км), пл. басейна 3230 тыс.км². Пачынаецца з невял. возера на ПнЗ штата Мінесота, перасякае ЗША з Пн на Пд па Цэнтр. раўнінах і Прымексіканскай нізіне, упадае ў Мексіканскі заліў. У вярхоўі рака працякае праз сістэму невял. азёр, даліна вузкая, месцамі М. ўтварае парогі і вадаспады. Ніжэй вусця р. Дэ-Мойн шыр. даліны да 10—15 км, перад упадзеннем р. Місуры — да 20 км. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі рэк Місуры і Агайо) даліна ракі шырокая, рэчышча ад 600 м да 3—4 км, месцамі разгаліноўваецца на рукавы. У ніжнім цячэнні даліна паступова расшыраецца ад 25 км да 70—100 км, рэчышча замацавана ад паводак сістэмай штучных дамбаў. Каля г. Батан-Руж пачынаецца дэльта (пл. каля 33,5 тыс.км²), дзе вылучаюцца 6 гал. рукавоў. Буйныя прытокі: Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер (справа), Вісконсін, Ілінойс, Агайо (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні М. снегавое і дажджавое, у сярэднім і ніжнім пераважна дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе і бурныя дажджавыя паводкі, якія перыядычна выклікаюць навадненні (адно з найб. у ліп. 1993). Сярэдні гадавы расход вады ад 1800 м³/с у вярхоўі да 19 тыс.м³/с (макс. 50—80 тыс.м³/с) у вусцевай ч. ракі. Цвёрды сцёк каля 360 млн.т за год. У верхнім цячэнні М. замярзае на 3—4 месяцы. Водзяцца акуні, фарэлі (у вярхоўі), сазаны, самы, рыбы буфала (у сярэднім і ніжнім цячэнні). М. мае вял.трансп. значэнне: злучана рэкамі і суднаходнымі каналамі з Вял. азёрамі і глыбакаводным шляхам па р.Св. Лаўрэнція з Атлантычным ак. Рачное суднаходства ад вусця да г. Мінеапаліс (на 3 тыс.км), марское — да г. Батан-Руж. Даўж. суднаходных шляхоў бас. М. больш за 25 тыс.км. Па М. перавозіцца штогод каля 360 млн.т грузаў (каля 60% рачных перавозак ЗША). Гідратэхн. рэсурсы — 27,5 ГВт. У бас. М. некалькі ГЭС (найб. каля г. Кіякак). Буйныя гарады і парты: Мінеапаліс з Сент-Полам, Сент-Луіс, Мемфіс, Батан-Руж, Новы Арлеан.