КАЛУМБІ́Я (Columbia),

рака на З Канады і ЗША. Даўж. 2250 км, пл. бас. 670 тыс. км². Пачынаецца ў Канадзе з аднайм. возера ў Скалістых гарах на выш. каля 800 м. Цячэ пераважна ў гарах, утварае парогі. У сярэднім цячэнні перасякае мяжу з ЗША і далей цячэ ў вузкіх глыбокіх каньёнах і цяснінах па Калумбійскім плато. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз Каскадныя горы, упадае ў Ціхі ак., утварае эстуарый даўж. каля 50 км і шыр. 5—10 км. Гал. прыток р. Снейк (злева). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 8470 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Вял. гідраэнергет. рэсурсы. У ЗША на К. плаціны, вадасховішча, ГЭС (Джон-Дэй, Гранд-Кулі, Чыф-Джозеф і інш.). Суднаходная (з абводнымі каналамі) на 450 км ад вусця, акіянскія судны падымаюцца да г. Портленд. У верхнім цячэнні К. (у межах Канады) нац. паркі. Турызм. На К. — гарады Рычленд, Ванкувер, Портленд (ЗША).

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)