МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.
П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял. ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.
2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.
3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П.п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв.гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п.паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ Аляксандр Антонавіч (13.3.1890, в. Лапеніца Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.10.1957),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1937), праф. (1928). Скончыў Пецярбургскую правасл. духоўную акадэмію (1914) і Маскоўскі ун-т (1917). З 1921 у Мінску, чл. Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР (гл.Мінскае таварыства гісторыі і старажытнасці). Выкладаў у БДУ (1921—23, 1944—47), Пермскім ун-це, пед. ін-тах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. у Дзярж.гіст. музеі Ін-та гісторыі АНСССР. Доктарская дысертацыя па дачыненнях Рас. дзяржавы з Рэччу Паспалітай у час смуты 1600—19. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нац.-дзярж. канцэпцыі. 17.6.1922 разам з патрыятычна настроенымі правасл. святарамі і прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі падпісаў адозву да правасл. беларусаў з заклікам стварэння нац. (аўтакефальнай) правасл. царквы Беларусі. У 1923 абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, арыштаваны і сасланы ў г. Перм. У 1944 вярнуўся ў Мінск. Даследаваў пытанні сац.-эканам. развіцця Рас. дзяржавы ў сярэдневякоўі, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст., гісторыю асветы і грамадска-паліт. думкі ў краінах Усх. Еўропы 16—19 ст. і інш.
Тв.:
Униатские школы для западнорусского юношества до Брестской церковной унии // Тр. БГУ. 1922. № 1;
Западнорусские униатские школы XVII—XVIII вв. // Там жа. № 2—3;
Борьба за Белоруссию и Украину в 1654—1667 гг. // Уч. зап. Моск. гор. пед. ин-та. 1947. Т. 2, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач. 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,
феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.
Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст.рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́НЬ, Сіань,
горад у цэнтр. Кітаі, у даліне р. Вэйхэ (прыток Хуанхэ). Адм. ц.прав. Шэньсі. Каля 3 млн.ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металургічная, шматгаліновае машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, аўтамашын, трактароў, самалётаў), керамічная, тэкст., фармацэўтычная, лакафарбавая, харчовая. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 7—8, 14 ст.
У 1027—249 да н.э. тут знаходзіўся цэнтр фарміравання этнічнай супольнасці чжоў са стараж. сталіцамі Хао і Фэн. У 202 да н.э. тут засн. сталіца ханьскай імперыі Чан’ань, якая ў 3—6 ст.н.э. была сталіцай шэрагу паўн.-кіт. дзяржаў. У 583 на месцы сучаснага С. пабудавана новая сталіца Кітая г. Дасін (пазней перайменавана ў Чан’ань). У эпоху Тан (618—907) горад стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Кітая. Перабудаваны паводле адзінага плана, ён стаў узорам для больш позняга горадабудаўніцтва. У 10 ст.паступова страціў б. значэнне. З 14 ст.адм. ц. акругі Сіянь, атрымаў сучасную назву. З 2-й пал. 17 ст. С. — адм. ц. правінцыі Шэньсі. У 1936 у С. адбыліся выступленні гаміньданаўскіх войск супраць урада Чан Кайшы. У 1949 горад вызвалены ад гаміньданаўцаў нар.-вызв. арміяй Кітая. У 1974 у выніку раскопак (вядуцца з 1956) каля С. выяўлена пахаванне імператара Цынь Шыхуандзі з тэракотавымі скульптурнымі выявамі воінаў. Пахаванне ў С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Да арт.Сіянь. Пахаванне кітайскага імператара Цынь Шыхуандзі. Тэракотавыя скульптурныя выявы воінаў. 3 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙу Аргенціне.
Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв.т-ва «Грамада», бел.т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.Луцкевіча, бел.культ.т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.Мярэчка, У.Гайлевіч, Я.Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац. адметнасць, змяняць назвы (бел.т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел.культ.т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел.т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ НАСЕЛЬНІЦТВА.
У пасляваенны час колькасць насельніцтва Беларусі пастаянна расла амаль да 1990-х г. Але тэмпы росту пачалі зніжацца ў 1970-я г., а ў 1990-я г. набылі інтэнсіўны характар, што абумоўлена зніжэннем натуральнага прыросту насельніцтва. У 1993 упершыню за пасляваенныя гады колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных, пачалася дэпапуляцыя (змена натуральнага прыросту натуральнай стратай) і тэмпы яе паступова нарастаюць. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя — вынік развіцця краіны на працягу апошніх 25 гадоў. З канца 1970-х г. (у горадзе — з канца 1960-х г.) насельніцтва Беларусі не ўзнаўляе сваёй колькасці (за выключэннем сярэдзіны 1980-х г., калі часова адзначаўся рост каэфіцыентаў узнаўлення насельніцтва). Натуральны прырост насельніцтва краіны на працягу 15 гадоў забяспечваўся толькі за кошт назапашанага ў папярэднія гады дэмаграфічнага патэнцыялу ўзроставай структуры. У наш час усё насельніцтва краіны ўзнаўляецца на 65,3%, гарадское — на 58,4%, сельскае — на 88,7%. Апошняе дзесяцігоддзе краіна жыве ва ўмовах скарачэння насельніцтва за кошт натуральнага руху. Адмоўны натуральны прырост маюць усе адм. раёны і большасць гарадоў, у т. л. Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск і інш. У 1993 натуральныя страты насельніцтва складалі 11,2 тыс.чал., у 2002—58 тыс.чал. Колькасць насельніцтва за 10 гадоў скарацілася на 336 тыс.чал. (з 10 234,6 тыс.чал. на пач. 1993 да 9898,6 тыс.чал. на пач. 2003), натуральныя страты складаюць 389,3 тыс.чал. Дадатны міграцыйны прыбытак за гэты перыяд кампенсаваў натуральныя страты насельніцтва толькі на 53,3 тыс.чал. (гл.рыс. 2).