МАРКЕ́ВІЧ (Арсень Іванавіч) (12.4.1855, г. Брэст — 18.1.1942),

архівіст, літаратуразнавец. Чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Выкладаў у гімназіях г. Холм (цяпер Хэлм, Польшча) і г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літва), у 1883—1907 у мужчынскай і жаночай гімназіях г. Сімферопаль. У 1885 зрабіў падарожжа ў Грэцыю, Егіпет, Палесціну. З 1908 старшыня Таўрыдскай вучонай архіўнай камісіі. Спрыяў адкрыццю Сімферопальскага ун-та (1918), у якім выкладаў (праф.). Аўтар працы «Юрый Крыжаніч і яго літаратурная дзейнасць» (1876). Даследчык гісторыі Таўрыды (Крыма): «Таўрычаская губерня ў час Крымскай вайны. Па архіўных матэрыялах» (1905), «Тапаніміка Крыма», «Сімферопаль, яго гістарычныя лёсы, даўніна і нядаўняе мінулае» (абедзве 1924) і інш. Сістэматызаваў навук. працы («Taurica — Спроба паказальніка твораў пра Крым») і маст. творы («Крым у рускай паэзіі») пра Крым.

Тв.:

Таврическая губерния во время Крымской войны: По архивным материалам. Симферополь, 1994.

Літ.:

Гардзіцкі А. Яго паклікала Таўрыда // Культура. 1999. 13—19 лют.

А.​К.​Гардзіцкі.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.​Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.​В.​Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.​Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

змест, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.

2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турэ́цкі ‘які мае адносіны да Турцыі або яе жыхароў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), туре́цʼкі ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. турецкий, турецский, туречкий ‘тс’ (1565–1566 гг.), ‘састаўная частка некаторых батанічных назваў’ (1599 г., ГСБМ), у пераносных значэннях таксама ‘чужы, незнаёмы’: Я адну дачку маю — / Тую замуж аддаю / Да ў турэцкую зямлю (бешанк., Песні нар. свят), ‘чужаземны’: turéckʼiĭe ôrý​exi ‘грэцкія (валоскія) арэхі’ (лун., Арх. Вяр.), часам у значэнні ‘дзікі, непрыемны, шкодны’: турэ́цкі баго́н ‘нейкая расліна, падобная на багон’ (ТС), або, наадварот, турэ́цкі рамо́нак ‘рамонак пахучы’ (лельч., Нар. лекс.), гл. спецыяльна пра ўжыванне т. зв. ксенонімаў Беразовіч, Язык и традиционная культура, 433–436 і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах лічыцца запазычаннем з польск. turecki (вытворнае ад Turek ‘турак’), як і сама назва краіны Турцыя (польск. Turcja з новалац. Turcia), гл. Фасмер, 4, 126; Гарбуль, Семант. полонизмы, 184; Арол, 4, 119; відавочна, пранікненне праз старабеларускую мову (Золтан, SSlav., 34, 1–4, 113–116). Аўтары ЕСУМ (5, 683) дапускаюць утварэнне непасрэдна ад ту́рки (< *турец), як і Туреччина, турьський, што да тур. Türk ‘турак, цюрак’, параўн. і ст.-бел. турский ‘турэцкі’ (1516 г., ГСБМ). Параўн. туркі-баркі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),

бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.

Літ.:

Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.

М.​С.​Лобач.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),

рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.​Б.​Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.​А.​Менеласа, В.​В.​Капніста, К.​М.​Арсеньевай, М.​І.​Лапухіной, А.Г. І В.​Г.​Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.​П.​Трашчынскага, Ф.​А.​Бароўскага, А.​Ф.​Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.​І.​Безбародка з дочкамі, А.А. і М.​І.​Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.​Б.​Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.

Літ.:

Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.

У.Баравікоўскі. Партрэт М.​І.​Лапухіной. 1797.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус. нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус. нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац. вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоў Вял. Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус. вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.

Літ.:

Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;

Хоровое искусство: (Сб. ст.). Вып. 2. Л., 1971.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)