РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал.т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ.«Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып.«Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел.фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял.Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскайгуб. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.
Тв.:
Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;
Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;
Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскайвобл. — 7.4.1983),
бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскайвобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.Грыгор’еў).
Тв.:
Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;
Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;
Маці і сын. Беласток, 1992;
Белы сон. Мн., 1990;
Споведзь. Мн., 1993.
Літ.:
Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;
Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;
Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»
(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),
ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук.этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.
Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав.Гродзенскайгуб.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎКА,
горад у Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскайвобл. За 1,5 км ад р. Нёман, за 28 км ад Ліды, 7 км ад чыг. ст. Нёман на лініі Ліда—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Лідай і Навагрудкам. 12,8 тыс.ж. (1996). Шклозавод «Нёман». Магіла сав. ваеннапалонных.
У мінулым вёска Лідскага пав. Віленскай губ., побач з якой у 1883 памешчык З.Ленскі пабудаваў гуту, што пазней стала шклозаводам «Нёман». З 1921 у складзе Польшчы, вёска Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Навагрудскім р-не, цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі. З 15.5.1959 рабочы пасёлак Навагрудскага, з 1962 Лідскага р-наў, э 24.6.1968 — гар. пасёлак, з 21.9.1990 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ВЕРКА вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскайвобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад г. Ліда, 91 км ад Гродна, 14 км ад чыг. ст. Курган. 567 ж., 210 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, бальніца, гандл. цэнтр, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1413, калі тут быў заснаваны касцёл. У 15—19 ст. належала Галігінавічам, Юндзілавічам, Касцевічам, Галеўскім, Кастравіцкім і інш. З 1570 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Мытлянскай вол. Лідскага пав. У 1881 — 73 ж. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1970 — 248 ж. Магчыма, першапачатковая гісторыя вёскі звязана з летапісным горадам Вевярэск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскайвобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).
Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Йімя Ф.К.Багушэвіча.
Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабы нар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс.экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДЗЕ́ВІЧ (Іосіф Міхайлавіч) (н. 28.8.1937, в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскайвобл.),
бел. вучоны-аграхімік. Акад.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1992). Д-рс.-г.н., праф. (1992). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1960). З 1966 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1980 дырэктар. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці глебаў і прадукцыйнасці аграцэнозаў, рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і меліярантаў, прадухіленні негатыўных вынікаў хімізацыі і радыеактыўнага забруджвання глебаў. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны аптымальныя параметры аграхім. якасцяў глебаў, інтэграваныя мадэлі іх урадлівасці з зададзеным узроўнем прадукцыйнасці севазваротаў і экалагічнымі абмежаваннямі на выкарыстанне сродкаў хімізацыі, нарматыўна-метадычная аснова аўтаматызаванага кіравання ўрадлівасцю глебаў.
Тв.:
Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);
Калийные удобрения. Базель, 1994 (разам з У.В.Пракошавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТНАКВЕ́ТНІК (Nymphoides),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЦЫІ (ад лац. oro гавару),
празаічны жанр у літаратуры Беларусі 17—18 ст.; своеасаблівыя тэатралізаваныя паказы-прамовы ў школьным тэатры. З арацыямі выступалі шкаляры ў час розных святаў (Каляды, Вялікдзень), на т.зв. школьных сейміках, дзе парадзіраваліся шляхецкія павятовыя сеймікі, і ў сувязі з заканчэннем навуч. года, каб прадэманстраваць поспехі ў красамоўстве. Прамоўцы гаварылі на польск. і бел. мовах. Тэатралізаваныя арацыі наладжваліся ў Жыровіцкай базыльянскай школе (Слонімскі р-нГродзенскайвобл.) і школьным т-ры пры ёй (1751—56 і 1761), Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.; 1780-я г.). Лепшыя арацыі распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках, садзейнічалі развіццю аратарскай прозы на Беларусі.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974.