ПУ́ШЧА,
вялікі масіў густога, цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў. Паняцце «П.» ўжываецца пераважна ў дачыненні да лясных масіваў зах. ч. Беларусі, Польшчы, ПдУ Літвы, Латвіі. На Беларусі вядомы ў Гродзенскай (Аўгустоўская, Графская, Гродзенская, Катранская, Ліпічанская, Свіслацкая П.), Брэсцкай (Белавежская пушча, Ружанская, Шарашоўская П.), Мінскай (Налібоцкая П.) і Віцебскай (Старая, Цёмная, Галубіцкая П.) абласцях. У П. захаваліся унікальныя прыродныя комплексы з багатай флорай і фаунай, на аснове большасці з іх створаны ахоўныя прыродныя тэр.: нац. парк Белавежская пушча, заказнікі (Аўгустоўская, Галубіцкая, Графская, Катранская, Ліпічанская, Налібоцкая П.).
А.В.Пугачэўскі.
т. 13, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)