НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),
бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад.АН Беларусі (1931), чл.-кар.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф. Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АНБССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.
Тв.:
Древний Вавилон. М., 1913;
Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;
Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;
Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;
Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;
Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ БЕ́ЛІЦА, Нова-Беліца, Навабеліца,
былы павятовы цэнтр і прадмесце г. Гомеля, цяпер адм. раён г. Гомеля. Засн. паводле ўказаў Кацярыны II ад 28.3 і 7.10.1785 у сувязі з пераносам пав. цэнтра з Беліцы (цяпер в. Старая Беліца) бліжэй да Гомеля. 10.3.1791 Сенат даручыў магілёўскаму намесніку П.Пасеку перасяліць на пасад Н.Б. 302 сялян с. Прыбыткі і в. Дуянаўка. У 1786—1852 Н.Б. — цэнтр Беліцкага павета. У 1854 Н.Б. далучана да Гомеля як прадмесце. У 1880 у Н.Б. 1646 ж., 305 дамоў. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз Сож. У 1897 у Н.Б. 2957 ж., 405 двароў, 2 чыг. станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыг., 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы, прыходскае вучылішча (з жаночай зменай), 3 яўр. малітоўныя школы, крупадзёрка, вятрак, Навабеліцкая запалкавая фабрыка, канатны з-д, пенькатрапальня, пякарня, 26 крам, 6 корчмаў, Навабеліцкі спіртаачышчальны завод і інш. У пач. 20 ст. існавалі Навабеліцкая лесапільная фабрыка і Навабеліцкі лесапільна-бандарны завод. У 1940 утвораны Навабеліцкі р-нг. Гомеля (у 1948 скасаваны, у 1951 адноўлены).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА (Аляксандр) (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу пры Укр.пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл.царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУА́НСКАЯ ШКО́ЛА,
філас. кірунак 14—16 ст., які развіваў ва ун-тах Паўн. Італіі (Падуі, Мантуі, Ферары, Балонні) традыцыі арыстоцелізму ў авераісцкай інтэрпрэтацыі (гл.Авераізм) або ў тлумачэнні Аляксандра Афрадыйскага (грэч. каментатар Арыстоцеля). Звязана з дзейнасцю праф. Падуанскага ун-та П’етра д’Абана, які замацаваў у італьян. ун-тах прыродазнаўчую праблематыку і арыстоцелізм у трактоўцы араб. філосафаў і Марсілія Падуанскага, які адстойваў аддзяленне палітыкі ад царк аўтарытэту і рэліг. маралі. Да П.ш. належалі праф. Падуанскага і Балонскага ун-таў Анджэла д’Арэца, Паала Венета, Гаэтана да Цьене, Нікалета Вернія, П’етра Трапаліна, Марка Антоніо Зімара, Алесандра Акіліні, Агасціна Ніфа. На філас. думку некаторых прадстаўнікоў позняга перыяду П.ш. паўплывалі ідэі тамізму. Для П.ш. характэрны рысы сярэдневяковага вальнадумства. Прыняўшы дзвюх ісцін тэорыю, філосафы П.ш. развівалі палажэнні, матэрыялістычныя па сваёй тэндэнцыі і непрымірымыя з вучэннем царквы: своеасаблівы сенсуалізм у гнасеалогіі, уяўленне аб нястворанасці чалавечага роду і яго калект. бессмяротнасці, аб адзінстве бессмяротнай душы чалавецтва і смяротнасці індывід. душы, вучэнне аб несвабодзе волі чалавека, аб натуральным дэтэрмінізме. П.ш. мела ўплыў на італьян філосафаў Дж.Бруна, Дж.Ваніні, П.Пампанацы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСТВА,
рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц.г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл.Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),
1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.
Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.Базевіч).
2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.
С.А.Сергачоў.
Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.Базевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЯ,
вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав.ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́СНА,
вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 9.10.1948, в. Кручполле Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
рускі пісьменнік, вучоны. Акад.Рас. акадэміі славеснасці (1998). Д-рюрыд.н. (1991), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1972).
З 1978 працаваў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, з 1981 у Бабушкінскім райкоме КПСС Масквы, з 1986 у Ін-це марксізму-ленінізму, з 1988 у ЦККПСС, Вярх. Савеце СССР, ва ўрадзе Расіі, у 1993—98 нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расіі, адначасова з 1992 заг. кафедры Маскоўскай юрыд. акадэміі. У раманах «Выканаўца» (1994), «Цяжкае раздарожжа» (1996), «Жнівеньскі зарапад» (1998), «На зямлі белых рос» (1999), «Сімвал маці» (2000) асэнсаванне некат. аспектаў гіст. развіцця сучаснай Расіі, падрабязнасці распаду СССР. Аўтар зб-каў прозы, паэзіі, драматургіі «Не забі» (1993), «Вершы і апавяданні» (1995), «Дрэва дабра і зла» (1996), «Мне прыснілася канюшына» (1997), «Граф Александрэ» (1999) і інш. Ініцыятар многіх гуманітарных акцый, у т. л. па адкрыцці карціннай галерэі ў г. Рагачоў, уклаў асабістыя сродкі ў буд-вацарквы ў в. Ціхінічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.