крыж, -а, мн. крыжы́, -о́ў, м.

1. Прадмет хрысціянскага культу ў выглядзе вертыкальнага стрыжня з адной або дзвюма папярочнымі перакладзінамі, на якім, згодна з Евангеллем, быў распяты Ісус Хрыстос; сімвал выратавання і збавення чалавецтва.

К. на купале царквы.

Нацельны к.

Крыжы на магілах.

2. У хрысціян: малітоўны жэст правай рукой, які сімвалізуе такі прадмет.

3. Фігура з дзвюх ліній, якія перасякаюцца пад прамым вуглом.

Намаляваць к.

4. Знак узнагароды, ордэн у форме такой фігуры.

Георгіеўскі к.

5. Ніжняя частка хрыбетніка, якая складаецца з пяці пазванкоў, злучаных з касцямі таза (спец.).

6. перан., адз. Пра цяжкі лёс, які выпаў на чыю-н. долю.

Цярпліва зносіць к. пакут.

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца — арганізацыя для аказання дапамогі ваеннапалонным, хворым, раненым, пацярпелым у вайну.

Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.

Ставіць крыж на кім-чым (разм.) — лічыць каго-, што-н. скончаным, больш не існуючым; траціць усякую надзею на каго-, што-н.

|| памянш. кры́жык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1, 3 і 4 знач.).

|| прым. крыжо́вы, -ая, -ае (да 1—5 знач.) і крыжавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.).

Крыжовы шлях.

Крыжавая косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)