Абаку́ліваць ’падманваць, ашукваць’ (Нас., Бяльк.), абакуліцца ’памыліцца’ (Нас., Яруш.), абакульнік ’ашуканец’ (Бяльк.), абакула ’той, хто ашуквае’ (Касп., Яруш.) < *о‑ба‑кул‑ити < *бакуля < *бакаць. Што датычыць словаўтваральнай мадэлі, параўн. абдзяжуліць (гл.). Рус. бакулить ’гаварыць, балбатаць’, бакуля, бакуня ’балбатун’, бакать ’гаварыць, балбатаць’. Параўн. ст.-польск. bakać, чэш. bakati ’зваць’ (< прасл. bajati ’гаварыць’). Інакш Фасмер, 3, 97, які абакуливать < аб + акула. Рус. окула ’ашуканец’ хутчэй за ўсё памылковая дэкампазіцыя ад обакулить, бакулить. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17. Гл. бакулы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барацьба́ (БРС, Касп.), укр. боротьба́. Крамко (Гіст. мовы, II, 141) лічыць, што прынамсі бел. слова з’яўляецца няпоўнай калькай (у дакастрычніцкі перыяд развіцця бел. літаратурнай мовы) з рус. (борьба́), якая ад рускага слова адрозніваецца словаўтваральным элементам. Вывад вельмі няпэўны. Хутчэй барацьба́, боротьба́ — бел.-укр. утварэнне (з новым суфіксам ‑тьба, які ўзнік на базе дэкампазіцыі такіх слоў, як малацьба́). Бел. барадзьба́ ’баранаванне’ (Касп.) < барацьба (кантамінацыя з словам бараньба ’баранаванне’). Да ўтварэнняў тыпу бел. барацьбі́т гл. Кіш, SSlav., 2, 365–371.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дварані́н ’дваранін’ (БРС). Рус. дворяни́н, укр. дворяни́н, польск. dworzanin, ст.-чэш. dvořěnin і г. д. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 30) мяркуе, што гэта слова агульнаславянскае, што вельмі няпэўна. Паводле Слаўскага (1), польск. слова вядома толькі з XV ст.; Фасмер (1, 489) указвае, што рус. слова ў значэнні ’чалядзін князя’ вядома з XVII ст., рус. слова і польск. dworzanin — гэта калькі з с.-н.-ням. hövesch. Слав. словы хутчэй у большасці самастойныя ўтварэнні па вядомай мадэлі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́сыць ’досыць’ (БРС, Нас., Байк. і Некр.), таксама до́сіць, дос (Касп.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне, як і ўкр. до́сить, з польск. dosyć ’тс’. Вельмі няпэўна. Хутчэй за ўсё не запазычанне, а роднасныя формы. Гл. у Фасмера, 1, 532: рус. дыял. до́сыть, бел. до́сыць, польск. dosyć, чэш. dost, dosti, славац. dosti < *do syta. Так жа мяркуе (але без бел. форм) Слаўскі, 1, 157. Параўн. досць (гл.). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заво́са ’жалезная скобка, прымацаваная да падушкі восі, каб калясо не ўрэзвалася ў яе (вось)’ (Нас.). Параўн. рус. арханг. зао́сок ’аснова з дрэва, на якой замацоўваецца жалезная частка восі’, польск. zaośnik ’дэталь воза’. Відавочная сувязь з за і вось (гл.) не дае, аднак, яснасці наконт шляху словаўтварэння: канчатак ‑а ўказвае хутчэй на бязафіксны аддзеяслоўны наз., чым на прэфіксальны (параўн. заплот, запазуха), мадэль за + аснова + а не адзначаецца. Можа, адлюстроўвае воса < вось? Ці не падвядзенне пад «мадэль» атоса (гл.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зду́ха ’дрыгва’ (Сл. паўн.-зах.; пруж., ДАБМ, 685), здухавіна 2 ’нізкае вільготнае месца’ (Нас.), ’падзолістая глеба’ (Сл. паўн.-зах.), зды́ховина ’дрыгва’ (ганц., ДАБМ, 754). Укр. дыял. зду́ховина ’багна’, серб.-харв. ѝздуха ’непрыкметная трэшчына ў русле, што ўцягвае рачную ваду’. Насуперак Юркоўскаму (Ukr. hydrogr., 164) прэфікс хутчэй не sъ‑, а jьz‑ (параўн. серб.-харв.) ці vъz‑ (параўн. здух). Трэба пагадзіцца з Талстым (СГТ, 185), што тэрмін непасрэдна звязаны з анатамічным тэрмінам (гл. здух) паводле падобнасці знешняга дзеяння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калапні́ ’каноплі’ (Гарэц., Др.-Падб., Жд. 2; дзісн., дзярж., КЭС; мядз., полац., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.; Рам., Чач.), колопня ’каноплі’ (Нас.). Гродз. калапні, мін. калапня (Кіс.). Метатэза ад каноплі, СРНГ адзначае колопня ’расліна Cannabis sativa’ са спасылкай на Аненкава і з паметай «заходняе». Жыздр., кастр. колопли ’тс’. Укр. зах.-укр. колопні посківні. Аднак, відаць, няма патрэбы дапускаць усх.-слав. паходжанне слова, паколькі рэгулярны характар працэсу хутчэй за ўсё незалежнае развіццё метатэзы ва ўсх.-слав. мовах. Гл. каноплі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падге́рац ’жалезны прэнт, які злучае шворан з трайнёю калёс’ (ТСБМ, Янк. 2), падгэ́ріц (Бяльк.), падагэ́рц (Шат.), падгэ́рц (Шат., Янк. 2), подге́рэц, подгэ́рэц (ТС), подге́рец (Мат. Гом.), подге́рац (Сл. ПЗБ), підгі́рць, подгі́рць, подго́рец, пудге́рец (Сл. Брэс.), пудге́рац (Тарнацкі, Studia). Рус. курск. подги́риц (без тлумачэння значэння у КСРНГ), смал. подге́р ’жалезная паласа под коламі, якая злучае пярэднюю і заднюю часткі колаў’, укр. підге́рц, пудге́рец ’тс’. Няясна. Па фанетычных прыкметах, запазычанне, хутчэй усяго германізм. Але канкрэтную крыніцу вызначыць цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)