АЗА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пн ад Калінкавіч, 22 км ад чыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс. ж. (1995).
У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав. ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.
Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦЫ,
горад, цэнтр Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., у вярхоўі р. Бярэзіна. За 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем. 7,4 тыс. ж. (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1407. Належалі Манівідам, Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. З 1621 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Докшыцкага павета. З 1795 горад. У 1796 Д. атрымалі герб: у зялёным полі 2 узгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы. З 1797 у Барысаўскім пав. У канцы 19 ст. ў Д. больш за 5,6 тыс. ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 3,6 тыс. ж. З 15.1.1940 горад, цэнтр Докшыцкага раёна. У Вял. Айч. вайну з 9.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Д. і раёне загубілі 4931 чал. У Д. размяшчаўся вял. гарнізон ворага, які неаднаразова быў разбіты партызанамі (гл. Докшыцкі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943). 2,2 тыс. ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Глыбоцкім раёне.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
т. 6, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
т. 6, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАВА, Янава,
горад, цэнтр Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Самароўка. За 132 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі на лініі Брэст—Лунінец. 16,2 тыс. ж. (1998).
Вядома з 14 ст. як в. Порхава. У 1423 падаравана Луцкаму кафедральнаму касцёлу. У 1465 Порхава перайменавана ў Янава ў гонар луцкага епіскапа Яна Ласковіча. У 15 ст. мястэчка належала Шуйскім, Ажэшкам. Да канца 18 ст. ў ВКЛ, з 1795 — у Рас. імперыі, мястэчка Кобрынскага пав. У 1897—3041 ж., 2768 будынкаў, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа, сукнавальная ф-ка, гарбарны і цагельны з-ды, маслабойня, 5 млыноў. У 1914 было 11 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у Польшчы, у Пінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Іванаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 27.6.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў І. і раёне 8,8 тыс. чал. У 1962—65 І. ў Драгічынскім р-не. З 11.3.1971 горад, 7,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, могілкі ваеннапалонных, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (рубеж 19—20 ст.).
т. 7, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
т. 7, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫН,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ліпнянка. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад і Ляхавічы, 216 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Райтанаў. 782 ж., 338 двароў (1998).
У 17 ст. належаў кн. Радзівілам. У 1772 перададзены літ. падскарбію А.Тызенгаўзу, потым належаў Патоцкім. У 1670 нясвіжскія езуіты заснавалі ў К. касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1800—09 у маёнтку Рэпіхава каля К. (цяпер парк у межах вёскі) жыў паэт Я.Чачот. 9.6.1863 у Рэпіхаўскім лесе ў час паўстання 1863—64 адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., 290 ж., 18 двароў, царква. З 1921 у складзе Польшчы. у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1972—783 ж., 280 двароў.
Лясніцтва, цэх перапрацоўкі драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, 2 бальніцы, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, мемарыяльны знак Я.Чачоту, курган Памяці ў гонар паўстанцаў 1863. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (гл. Крывошынскі касцёл езуітаў).
т. 8, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).
На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.
Т.С.Скрыпчанка.
т. 9, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
І.У.Бунто.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБЫ́ТКІ,
вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.А.Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.
В.В.Віталёва.
т. 13, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́НЧЫК (Валерый Давыдавіч) (н. 17.4.1940, Мінск),
бел. кінарэжысёр. Вучыўся ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1959—61). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1967). У 1969—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першы фільм «Шостае лета» (1968). Асаблівасць яго стылю — насычаная паэт. падрабязнасцямі і багатай прадметнай фактурай эпохі жывапіснасць кадра, арыгінальны гукапластычны кантрапункт. Зняў фільмы: «Магіла льва» (1972), «Вянок санетаў» (1976, паводле аповесці В.Муратава «Мы ўцякалі на фронт»), «Дзікае паляванне караля Стаха» [1979, паводле аповесці У.Караткевіча; Гран-пры на Міжнар. кінафестывалях дэтэктыўных і прыгодніцкіх фільмаў у Каталіцы (Італія), 1980; містычных і навук.-фантаст. фільмаў у Бруселі, 1983; спец. прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Манрэалі (Канада), 1980; дыпломы на Міжнар. кінафестывалях навук. фантаст. фільмаў у Трыесце (Італія) і «Фільмэкс» у Лос-Анджэлесе (ЗША), абодва 1981], «Культпаход у тэатр» (1983). Мастацкай вытанчанасцю, метафарычнасцю, муз. пластыкай кінакадра, спалучэннем лірыкі і іроніі адметныя тэлефільмы «Чырвоны агітатар Трафім Глушакоў» (1969), «Апошняе лета дзяцінства» (паводле А.Рыбакова, 1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (паводле «Запісак паляўнічага» І.Тургенева, 1975), «Камічны палюбоўнік, або Любоўныя штукарствы сэра Джона Фальстафа» (тэлеаб’яднанне «Экран», 1985). У Т-ры студыі кінаакцёра паставіў спектакль «Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана (1985). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
В.Ф.Нячай.
т. 13, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)