працэс прыстасавання арганізмаў да новых умоў існавання. Акліматызацыя жывёл і раслін ажыццяўляецца праз няспадчынную змену абмену рэчываў у межах нормы рэакцыі арганізма (гл.Натуралізацыя) або пад уплывам натуральнага адбору праз змену генетычнай структуры віду (гл.Адаптацыя). Акліматызаванымі лічацца віды, здольныя даваць у прыродных умовах паўнацэннае патомства і самастойна падтрымліваць сваю колькасць. Акліматызацыю выкарыстоўваюць як метад эксперым. даследаванняў або разглядаюць як комплекс мерапрыемстваў па мэтанакіраваным усяленні віду ў новыя месцы жыхарства для ўзбагачэння мясц. флоры і фауны, увядзення ў культуру і развядзення (гл.Інтрадукцыя) ці аднаўлення ў раёнах былога пашырэння (гл.Рэакліматызацыя). На Беларусі акліматызаваны некаторыя віды раслін (конскі каштан, клён амерыканскі, псеўдаакацыя, лубін шматлісты і інш.) і жывёл (андатра, янотападобны сабака, амер. норка, фазан, сярэбраны карась, амер. сомік, чудскі сіг, сырок і інш.).
Акліматызацыя чалавека — складаны сац.-біял. працэс, у якім вял. ролю адыгрывае актыўны працэс стварэння сацыяльна арганізаванага асяроддзя працы і побыту, прыстасавання да кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,
на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн.м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫНА́МА»,
беларускае фізкультурна-спарт.т-ва. Аб’ядноўвае супрацоўнікаў і ваеннаслужачых Мін-ваўнутр. спраў, Камітэта дзярж. бяспекі, мытні, пагран., унутр. войск, навуч. устаноў. Арганізавана ў 1923. Культывуецца 20 алімп. відаў спорту. Мае калектывы «Юны дынамавец», «Юны сябра міліцыі», «Юны сябра пажарных», падлеткавыя клубы. Падрыхтаваны 61 засл. майстар спорту, 280 майстроў спорту міжнар. класа, 2312 майстроў спорту. Выхаванцы «Д.» заваявалі 57 алімп. медалёў, з іх 22 залатыя, і 891 медаль на Кубках, чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы. Найб. вядомыя выхаванцы: Т.Самусенка, А.Бялова, А.Раманькоў (фехтаванне), У.Парфяновіч, В.Рэнейскі, У.Раманоўскі, А.Масяйкоў (веславанне), Л.Петрык (спарт. гімнастыка), М.Лобач (маст. гімнастыка), В.Яноўскі (бокс), І.Шылава, К.Лукашык (кулявая стральба), А.Партноў (скачкі ў ваду), А.Папоў (біятлон) і інш. Званне «Заслужаны трэнер» маюць 246 чал.Спарт. базы: стадыён «Дынама», комплекс з лёгкаатлетычным манежам, спецыялізаваныя спартзалы і аднаўленчыя цэнтры ў Мінску, Гомелі, Брэсце, базы ў Стайках і Раўбічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р, Гелаты,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх.комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),
вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.
У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.
Літ.:
Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;
Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
камбінаваны комплекс з некалькіх вылічальных машын з рознай формай выяўлення велічынь (аналагавай і лічбавай), аб’яднаных агульнай сістэмай кіравання. Спалучае якасці і ўласцівасці аналагавых і лічбавых выліч. машын. Выкарыстоўваецца, калі магчымасці аналагавых і лічбавых выліч. машын, узятых паасобку, недастатковыя: пры мадэляванні задач кіравання (у рэальным маштабе часу) рухомымі аб’ектамі (у т. л. ў сістэмах саманавядзення), энергет. комплексамі; стварэнні комплексных трэнажораў і інш.
Адрозніваюць аналага-арыентаваныя, лічбава-арыентаваныя і збалансаваныя (найб. магутныя) гібрыдныя вылічальныя сістэмы. Структура гібрыднай вылічальнай сістэмы, патрабаванні да яе асобных частак залежаць ад галіны выкарыстання і вынікаў дэталёвага аналізу тыповых задач. Разгалінаванне выліч. працэсу паміж аналагавымі і лічбавымі машынамі, якія працуюць у комплексе, забяспечвае высокую дакладнасць і магчымасць выканання многафункцыянальных аперацый, павялічвае агульнае хуткадзеянне і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах гібрыднай вылічальнай сістэмы вядуцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваныя сістэмы выкарыстоўваюцца на аб’ектах судна- і машынабудавання, энергетыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980). Д-рфілал.н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш. Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац ў галіне скарыназнаўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад.Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в.Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплексЗыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА РЫ́НКУ,
комплекс арг-цый, устаноў, інстытутаў, якія садзейнічаюць нармальнаму, бесперапыннаму функцыянаванню рынку, выконваюць пасрэдніцкія функцыі, вырашаюць дапаможныя задачы таварна-грашовага абарачэння паміж суб’ектамі гаспадарання. забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў, прац. сілы ў рыначнай гаспадарцы. Вылучаюць базісны і надбудовачны ўзроўні І.р. Да базіснага ўзроўню адносяць сістэму гандл., фін.-эканам. арг-цый і ўстаноў (банкі, біржы, фін., страхавыя, лізінгавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсіённыя фонды і інш.). Надбудовачны ўзровень уключае рэгулятыўны механізм, інфарм. і тэхн. забеспячэнне (заканадаўства, інфарм. тэхналогіі, камунікацыі). У Рэспубліцы Беларусь працэс станаўлення новай І.р. характарызуецца актыўным развіццём элементаў фін. рынку. У 1997 дзейнічала 28 камерцыйных банкаў, каля 50 лізінгавых і больш за 60 страхавых кампаній, 22 спецыялізаваныя інвестыцыйныя фонды і інш. Фарміруецца монабіржавая сістэма фондавага рынку, развіваецца інфарм.-кансультатыўная і дэпазітарная сістэмы, дзейнічаюць фондавая, міжбанкаўская, валютная, трансп. біржы. Рыначныя адносіны ў сферы таварнага абарачэння рэгулююцца на таварных біржах. У 1997 на Беларусі дзейнічала 5 таварна-сыравінных біржаў, 774 брокерскія канторы і незалежныя брокеры.