ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),

складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРО́З (ад грэч. sklerōsis зацвярдзенне),

паталагічнае ўшчыльненне тканкі ці органа, выкліканае гібеллю функцыян. элементаў і заменай іх злучальнай тканкай. Бывае С. дыфузны (агульнае пашкоджанне органа) і ачаговы (частковае пашкоджанне). Адрозніваюць атэрасклероз, кардыясклероз, С. нырак (нефрасклероз), лёгкіх (пнеўмасклероз), печані (цыроз печані). Асобная форма С. — рассеяны склероз.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫКС (грэч. Styx),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня аднайм. ракі ў царстве мёртвых. У розных версіях міфа С. — дачка Акіяна і тытаніды Тэфіды альбо бога цемры Эрэба і Нікты (Ночы). Падчас спрэчак багі на беразе р. Стыкс кляліся яе вадой, і гэтая клятва лічылася самай свяшчэннай.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЗІС (грэч. thesis палажэнне, сцвярджэнне),

1) у шырокім сэнсе — адно з асноватворных палажэнняў пэўнай канцэпцыі ці тэорыі.

2) У філасофіі Г.​Гегеля — зыходны момант у працэсе дыялект. развіцця, які разам з антытэзісам і сінтэзам складаюць трыяду.

3) У логіцы — палажэнне, сапраўднасць якога патрабуе доказу.

т. 16, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕЙТАСПО́РЫ (ад грэч. teleutē канец + споры),

адзін з відаў спор (пераважна. што зімуюць) іржаўных грыбоў. Бываюць адна- і мнагаклетачныя, «адзінкавыя, свабодныя і зрошчаныя. Пасля перыяду спакою прарастаюць і ўтвараюць фрагмабазідыю з базідыяспорамі. Будова Т. — сістэм. адзнака ржаўных грыбоў. Часам Т. наз. таксама споры галаўнёвых грыбоў.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭТРАКО́НХ (ад грэч. tetra чатыры + конха),

тып цэнтрычнага хрысц. храма сярэдневякоўя і Адраджэння; 4-пялёсткавага плана, утворанага апсідамі, крыжападобна звернутымі да цэнтр. падкупальнага квадратнага аб’ёму (напр., храм Джвары ў Мцхеце, 586/587—604, Грузія; царква Санта-Марыя дэла Кансалацыёне ў Тодзі, 1508—1617, Італія).

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭТРА́ЭДР (ад грэч. tetra чатыры + hedra грань), адзін з 5 тыпаў правільных мнагаграннікаў, правільная трохвугольная піраміда. Мае 4 грані (трохвугольныя), 6 рэбраў, 4 вяршыні (у кожнай сыходзяцца 3 рабры). Аб’ём Т. V = a3 ∙ 2 / 12 ≈ 0,1179 a3 , дзе a — даўжыня рабра.

Тэтраэдр.

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТО́М (франц. fantôme ад грэч. phantasme прывід, здань),

1) вычварнае з’явішча, прывід, здань. Ф. наз. таксама мадэль чалавечага цела або яго частак у натуральную велічыню, якая служыць наглядным дапаможнікам.

2) Стварэнне ўяўлення, вымыслу.

3) Назва ваен. самалёта-знішчальніка ЗША 2-й пал. 20 ст.

т. 16, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІБРАЛІ́Т (ад лац. fibra валакно + грэч. lithos камень),

будаўнічы цеплаізаляцыйны і канстр. матэрыял. Атрымліваюць прасаваннем у формах сумесі мінер. вяжучага (паленага магнезіту, цэменту) і драўніннай стружкі. Вырабляецца ў выглядзе пліт (для цеплаізаляцыі), радзей — тонкіх аддзелачных лістоў (для перагародак, запаўнення каркасаў унутр. сцен і інш.).

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКАБІЁНТ (ад грэч. phykos водарасць + біёнт),

водарасцевы кампанент слаявіны лішайніку. Прадстаўлены пераважна сіне-зялёнымі, зялёнымі, радзей жоўта-зялёнымі і бурымі водарасцямі. Большасць з іх існуе ў свабодным стане, некат. — толькі як Ф. Найб. пашыраная зялёная водарасць трэбуксія, якая з’яўляецца Ф. амаль паловы ўсіх лішайнікаў.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)