ЗАСУ́ЛІЧ (Вера Іванаўна) (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),
дзеяч рас.рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.Ф.Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХВО́РВАННЕ,
медыка-статыстычны паказчык здароўя насельніцтва, які характарызуе распаўсюджанасць, структуру і дынаміку хвароб у цэлым, зарэгістраваных за год, а таксама ў асобных узроставых, палавых, сац., прафес., тэр. яго групах. Вылічваецца колькасцю хвароб на 100, 1000, 10 000, 100 000 насельніцтва. Адрозніваюць першасныя З. — сукупнасць хвароб, упершыню зарэгістраваных на працягу года, і хваравітасць (распаўсюджанасць) — сукупнасць усіх хвароб сярод насельніцтва і частата паталогіі, выяўленая пры мед. аглядзе (вызначаецца частата новых хвароб і распаўсюджанасць усіх хвароб, што працякалі доўгі час). Сістэма аховы здароўя ажыццяўляе спец. ўлік інфекц. (эпідэміял.), неэпідэміял. і прафес. З., улічвае і вывучае З. з часовай стратай працаздольнасці ці часовай непрацаздольнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РАЎСКІ ДАГАВО́Р 1649 паміж гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і каралём Рэчы Паспалітай Янам Казімірам у часвызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Заключаны 18 жн. ў г. Збораў (Украіна) пасля пераможнай для Хмяльніцкага Збораўскай бітвы. Паводле З.д. захоўваліся вольнасці запарожскага войска, колькасць укр. казакоў на каралеўскай службе вызначалася ў 40 тыс., абвяшчалася амністыя ўдзельнікам вайны, улада ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Брацлаўскім ваяв. перадавалася ўкр. гетману, шляхце вярталіся ўсе яе маёнткі на Украіне. Аднак З.д. не задавальняў ні казакоў, ні шляхту і не быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай. У пач. 1651 баявыя дзеянні аднавіліся.
Літ.:
Голобуцкия В.А. Дипломатическая истории освободительной войны украинского народа 1648—1654. Киев, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫ СОН,
біялагічнае прыстасаванне некат. млекакормячых (напр., бурага мядзведзя, барсука, бурундука, вавёркі, хамяка, янота) да перажывання неспрыяльных кармавых і кліматычных умоў жыцця ў зімовы перыяд. На перыяд З.с. жывёлы назапашваюць тлушч, забіраюцца ў норы ці інш. сховішчы, не кормяцца. У адрозненне ад зімовай спячкі характарызуецца меншым зніжэннем т-ры цела і працэсаў абмену рэчываў (напр., у бурага мядзведзя т-ра апускаецца да 29 °C, абмен рэчываў зніжаецца на 30—35%). Працягласць і глыбіня З.с. залежаць ад т-ры навакольнага асяроддзя, запасаў тлушчу і фізіял. стану жывёлы. У час З.с. жывёлы не трацяць чуткасці, аналізуюць гукі і пры небяспецы пакідаюць сховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАЎЧУ́К (Міхаіл Трыфанавіч) (19.11.1908, в. Занужоўе Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 9.1.1990),
філосаф, парт. дзеяч. Чл.-кар.АНСССР (1946). Д-рфілас.н. (1946), праф. (1939). Скончыў Акадэмію камуніст. выхавання (1931). З 1933 на парт. і навук. рабоце, у 1947—49 сакратар ЦККП(б)Б. У 1970—78 рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, рэдагаваў час. «Философские науки». Даследаваў гісторыю рус. філасофіі, метадалагічныя праблемы гісторыі філасофіі. Аўтар кн. «Г.В.Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65), «Гісторыі філасофіі ў СССР» (т. 1—5, 1968—88).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў [свецкае імя Бруцкі Іван (Ян); н. 22.1.1926, в. Белавуша Столінскага р-на Брэсцкай вобл.],
бел. эмігранцкі рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Манітобскі ун-т (1954) у г. Вініпег (Канада), Укр.правасл. семінарыю ў г. Баўнд Брук (ЗША). У 1943 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З 1947 у Канадзе. З 1957 старшыня Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 у ЗША, старшыня аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Дэтройце, член рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. У 1979 прыняў сан свяшчэнніка, з 1981 епіскап, з 1984 мітрапаліт БАПЦ. Узначальвае кансісторыю БАПЦ, прымае ўдзел у выданні час. «Царкоўны пасланец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (23.2.1859, Масква — 26.7.1895),
рускі антраполаг, археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чл.Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це (1882), Парыжскага і Італьянскага антрапал. т-ваў. Склаў першую ў Расіі інструкцыю па антрапал. і антрапаметрычных даследаваннях. У час экспедыцыі ў Мінскую і Віцебскую губ. (1886) сабраў матэрыял для асн. працы па антрапаметрыі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў (поўнасцю не выдадзена).
Тв.:
Отчет по экспедиции в Белоруссию летом 1886 г. // Изв. имп. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. 1887. Т. 51, вып. 1;
Заметки по кефалометрии белорусов сравнительно с велико- и малорусами // Там жа. 1890. Т. 68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫў Ляймене,
навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.Ермаловіч, А.Каўка, А.Мірановіч, І.Іваноў, А.Бембель, М.Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.