ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),

узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт. дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.

Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.

Літ.:

Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ. М., 1981;

Кременчугский Л.С., Ройцина О.В. Пироэлектрические приемники излучения. Киев, 1979.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паго́н1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус. пск. пого́н ’выган’, балг. по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв. pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.

Пагон2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус. пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.

Паго́н3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск. *pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да поля (у 1 знач.). Хадзілі дзяўчаты лясамі, Хадзілі дзяўчаты лугамі, Хадзілі у даль палявую, Збіралі красу веснавую. Русак. // Такі, які бывае ў полі; характэрны для поля. Куды ні пайду — усё вясну нагадае: І першая пругкая зелень травы, Здалёку туманаў смуга залатая, І ціш палявая, і шум баравы. Хведаровіч. // Які знаходзіцца ў полі. Палявы стан. □ Палявая дарожка прывяла нас у ціхі лес. Бялевіч. // Які расце ў полі. Палявыя травы. □ Аднекуль вынырнула групка дзяўчат з палявымі кветкамі ў руках. Хадкевіч. Паводдаль ад дарогі разгацілася палявая дзічка. Чорны.

2. Звязаны з выкарыстаннем палёў для пасеваў, з работамі ў полі. Палявы севазварот. □ Палявыя работы кончаны: жыта пасеяна, бульба выбрана, зябліва заворана. Чарнышэвіч.

3. Які дзейнічае, прымяняецца ў баявых умовах; паходны. Палявы тэлефон. Палявы аэрадром. Палявы шпіталь. □ [Камандзір:] — У нас была ўласная палявая кухня, .. сапраўдная кухня, вайсковая. Брыль. Першым ішоў шыракаплечы чалавек у новым мундзіры з палявымі пагонамі генерал-маёра. Шамякін.

4. Звязаны з дзеяннямі ў прыродных умовах. Палявая практыка геолагаў.

5. Спец. Паляўнічы ​2. Палявыя якасці сетэра.

6. Састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Палявая мыш.

•••

Палявая сумка гл. сумка.

Палявы шпат гл. шпат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панано́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць; зак., чаго.

1. Прынесці за некалькі прыёмаў многа чаго‑н. [Ася:] — Мне ўжо і так маластоўскія дзяўчаты ўсяго пананосілі. — Бяры, бяры і папраўляйся, — весела кажам мы. Асіпенка.

2. Сваім рухам нанесці многа чаго‑н., утварыць што‑н. З акна былі відаць кучы камення на ўзлеску, ля поля, на іх ужо вецер пананосіў пылу. Чорны. / у безас. ужыв. Цяжка прайсці вуліцай у Грынях ля Раінінай хаты, куды пананосіла зімою з Выганчыку горы снегу. Пташнікаў.

3. і што. Нанесці на паперу, карту, схему ўсё, многае. Пананосіць населеныя пункты на карту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прагнаць (у 2 знач.).

2. Абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу. Новае гумно адгарадзілі ад старога, выгарадзілі прагон да яго. Чорны. // Такая ж дарога без агароджы, выган. Прычыніў хлеў і пагнаў каня ў вуліцу, а адтуль на прагон. Галавач.

3. Палоса, доўгі ўчастак поля, сенажаці і пад., адведзены для работы аднаму чалавеку, звяну, брыгадзе.

4. звычайна мн. (праго́ны, ‑аў). Павёрстная аплата за праезд на паштовых, а таксама аплата казной праезду па чыгунцы афіцэраў і цывільных чыноўнікаў у дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саніта́р, ‑а, м.

Асоба малодшага медыцынскай персаналу ў лячэбных установах, якая даглядае хворых і раненых, сочыць за чысцінёй у палатах і пад. На парозе прыемнага пакоя з’явіўся санітар. Каліна. Калі ў карцэр прыйшоў лекар з санітарам, Андрэй нават не звярнуў на іх увагі. Машара. // У арміі — радавы медыцынскай службы, які аказвае рапеным першую дапамогу і выносіць іх з поля бою. — Саніта-ар! — голасна крыкнулі паблізу. «Алёша?» — мільганула ў Антанюка, але затрымлівацца нельга было — рота атакавала. Хадкевіч. // перан. Пра таго або тое, што дапамагае захаванню здароўя, чысціні каго‑, чаго‑н. Дзятлы і мурашкі — лясныя санітары.

[Лац. sanitas — здароўе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хматны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́тар

(рус. ротор, ад лац. rotare = вярцець)

1) вярчальная частка электрычнай машыны, якая знаходзіцца ўнутры статара;

2) вярчальная частка паравой турбіны, кампрэсара, гідраматора і г.д. (параўн. статар 2);

3) нясучы вінт верталёта;

4) мат. вектар, які характарызуе вярчальны рух у дадзеным пункце вектарнага поля.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экра́н

(фр. écran)

1) заслона, якая засцерагае ад уздзеяння шкодных прамянёў, магнітнага поля, гарачыні, святла і інш. (напр. радыяцыйны э.);

2) паверхня для ўзнаўлення светлавых адбіткаў (э. тэлевізара);

3) уст. нацягнутая на раму белая тканіна для дэманстрацыі фільмаў, дыяпазітываў і інш.;

4) перан. кінамастацтва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пабярэ́жжа Узбярэжжа ракі, край лесу. поля (БРС 1937). Тое ж пабе́ражжа (Слаўг.). пабрэжжа (Нас.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)