ДЫ́ЛІУС ((Delius) Фрэдэрык Тэадор Альберт) (29.1.1862, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 10.6.1934),
англійскі кампазітар. З 1884 у ЗША, вывучаў негрыцянскі фальклор, у т. л.спірычуэлы (іх інтанацыі ўвасоблены ў многіх яго творах). З 1897 у Францыі. Майстар яркіх, незвычайных гармоній, адзін з першых англ. кампазітараў, якія звярталіся да нац. крыніц і вобразаў. Сярод твораў: оперы (6), у т. л. «Сельскія Рамэо і Джульета» (паст. 1907), «Ірмелін» (1953), «Фенімор і Герда» (1919); для салістаў, хору і аркестра — «Песні захаду сонца» (1907), Рэквіем (1916), «Песні развітання» (1930); для аркестра — «У летнім садзе» (1908), «Песня гор» (1911), «Песня лета» (1930); сюіты («Фларыда», 1887), рапсодыі і інш.; 4 канцэрты для інструментаў з аркестрам (1897—1921); 4 санаты для скрыпкі і фп. (1892—1930); для голасу з аркестрам — «Шакунтала» (1889) і інш.; камерна-вак. творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎК (Аляксандр Васілевіч) (15.8.1893, г. Адэса, Украіна — 30.3.1963),
расійскі дырыжор, педагог, кампазітар. Нар.арт. Расіі (1954). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917). З 1917 дырыжор, у т. л. ў 1920—31 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. З 1933 дырыжор, у 1953—61 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял.сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Заснавальнік, гал. дырыжор і маст. кіраўнік (1936—41) Дзярж.сімф. аркестра СССР. Выкладаў у Ленінградскай (1927—48, з перапынкам) і Маскоўскай (1939—63, з 1948 праф.) кансерваторыях. Сярод яго вучняў Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, К.Сімяонаў, Я.Святланаў. Аўтар сімфоніі, сімфаньеты для стр. аркестра, уверцюры, канцэртаў для арфы, фп. з аркестрам, рамансаў і інш. Інструментаваў оперу «Жаніцьба» М.Мусаргскага (1917), «Поры года» і 2 цыклы рамансаў Чайкоўскага (1942) і інш. Аднавіў 1-ю сімфонію С.Рахманінава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГО́Й, Дрэгой (Dragoi, Drăgoi) Сабін (18.6.1894, г. Сэліштэ, Румынія — 31.12.1968), румынскі кампазітар, фалькларыст. Засл. дз. маст. Румыніі (1953). Чл.-кар. Акадэміі Румыніі (1953). Вучыўся ў Клужскай (1919—20), удасканальваўся ў Пражскай (1920—22) кансерваторыях. Праф. кансерваторый у Тымішаары (1924—42 і 1946—50, у 1925—43 таксама дырэктар) і Бухарэсце (1950—52). Дырэктар Опернага т-ра ў Тымішаары (1940—47), Ін-та фальклору ў Бухарэсце (1950—64). У творчасці апіраўся на рум.сял. песні. Сярод твораў: оперы «Напасць» (паст. 1928), «Пэкалэ» (паст. 1962); араторыі, кантаты; «Сельскі дывертысмент» для стр. аркестра (1928), канцэрт для фп. з аркестрам (1941); хар. творы, музыка да кінафільмаў. Відны даследчык рум. фальклору (запісаў каля 3000 нар. мелодый). Аўтар апрацовак нар. мелодый для фп. і голасу з фп., зборнікаў нар. песень (калядкі, дойны), артыкулаў. Дзярж. прэміі Румыніі 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),
бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.М.Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.Сальеры і «Белая дама» Ф.А.Буальдзьё, сімфоніі І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.К.Агінскага і К.Курпінскага).
Літ.:
Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.
латышскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар.арт. Латвіі (1965), нар.арт.СССР (1983). Праф. (1967). Скончыў Латвійскую кансерваторыю па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1933, клас Я.Вітала). З 1927 педагог Рыжскай нар. кансерваторыі, з 1937 — Латв.дзярж. кансерваторыі (з 1992 Латв.муз. акадэмія). Заснавальнік лат. аперэты: «У краі блакітных азёр» (1954), «Шэсць маленькіх барабаншчыкаў» (.1955), «Хлопцы з бурштынавага берага» (1964), «Тайна чырвонага мармуру» (1969), «Толькі ружы» (1977). Сярод інш. твораў: оперы «Залаты конь» (1965), «Ветрык, вей!» (1970), «Мая і Пая» (1980); дзіцячыя балеты «Спрыдытыс» (1968), «Чыпаліна» і «Чароўная птушка Лаліты» (1979), «Кошчын млын» (1986); кантаты; канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1948, 1983), для валторны (1985); больш за 800 хар. і сольных песень; музыка да драм. спектакляў і інш.Дзярж. прэмія Латвіі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац.акад.т-раоперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.І.Глінкі (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАЛІ́ТАЎ-ІВА́НАЎ (сапр.Іванаў) Міхаіл Міхайлавіч
(19.11.1859, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 28.1.1935),
рускі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар.арт. Рэспублікі (1922). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас М.Рымскага-Корсакава). З 1893 праф. (у 1919—22 рэктар) Маскоўскай кансерваторыі. У 1899—1906 дырыжор прыватнай рус.оперы, Опернага т-ра Зіміна, з 1925 — Вял.т-ра ў Маскве. У творчасці апіраўся на традыцыі рус.муз. класікі, выкарыстоўваў таксама муз. фальклор Каўказа і Сярэдняй Азіі. Аўтар опер «Ася» (1900), «Здрада» (1909), сімф. твораў, у т. л. сюіт «Каўказскія эскізы» (1894) і «Іверыя» (1895), паэмы «Мцыры» (1924), камерна-інстр. ансамбляў, рамансаў. У 1923—24 узначальваў Беларускую песенную камісію. Апрацаваў шэраг бел.нар. песень (апубл. ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (1928). Сярод вучняў А.Баланчывадзе, Р.Гліэр, З.Памяшвілі, М.Чуркін.
расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1951, педагог А.Ваганава), Ленінградскую кансерваторыю (1982). З 1951 салістка, з 1971 педагог-рэпетытар Марыінскага т-ра, з 1989 — «Амерыканскага тэатра балета» (Нью-Йорк). Выканальніца гал. партый у балетах рус. і замежнай класікі і сучасных аўтараў (многія ўпершыню ў СССР). Вяршынь балетнага акадэмізму дасягнула ў партыях Аўроры («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонды («Раймонда» А.Глазунова), Жызэлі («Жызэль» А.Адана). Здымалася ў тэлеэкранізацыях балетаў, тэлефільмах-канцэртах і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіла балеты «Жызэль» (1987), «Спячая прыгажуня» (1990). Дзярж. прэмія СССР 1980. «Залатая зорка» Міжнар. фестывалю танца ў Парыжы (1965), прэмія імя Г.Паўлавай (Парыж, 1982).
амерыканскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў сучаснай амер. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (Нью-Йорк), Н.Буланжэ (Парыж) і інш. Выступаў як піяніст, дырыжор, чытаў лекцыі ў многіх ун-тах ЗША. Пад уплывам неакласіцызму І.Стравінскага, імпрэсіянізму і джаза выпрацаваў своеасаблівы індывід. стыль кампазіцыі. Выкарыстоўваў амер. і лац.-амер.муз. фальклор, увасабляў муз. інтанацыі розных народаў Амерыкі. Сярод твораў: оперы «Другі ўраган» (1937), «Ласкавая зямля» (1954); балеты «Хлопец Білі» (1938), «Радэо» (1942), «Апалачская вясна» (1944), «Панэлі, якія танцуюць» (1963); 3 сімфоніі (1924—46) і праграмныя п’есы для арк., канцэрты; камерна-інстр. ансамблі (у т. л.фп. трыо «Віцебск»); хары, песні, музыка для тэатра, кіно і інш. Аўтар кн. «Як слухаць музыку» (1939), «Музыка і фантазія» (1952), «Новая музыка, 1900—1960» (1968).
Літ.:
Шнеерсон Г. Портреты американских композиторов. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ (Валерый Аляксандравіч) (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.