абры́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; пр. абрыдзеў, ‑дзела і абрыд, ‑ла, зак.

Надакучыць, апрыкраць; прыесціся. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Лабановічу ўрэшце абрыдла гэта п’яная гульня і гэта гразь распушчанага языка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абадра́цца, абдзяруся, абдзярэшся, абдзярэцца; абдзяромся, абдзерацеся; зак.

1. Аблупіцца (пра кару дрэва). // Пашкодзіць скуру, пакрыць паверхню чаго‑н. драпінамі. — Пакурым, — яшчэ ўсё спакойна вырашыў Максім, — а потым усцягнем свой карабель на гэтыя клавішы. Вось толькі смала са дна абдзярэцца. Брыль.

2. Разм. Знасіць усю вопратку, абутак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змярка́нне, ‑я, н.

1. Наступленне змроку, цемнаты. Дзень праводзяць дзеці ў лесе — З досвітку і да змяркання. Аўрамчык. Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі. Брыль.

2. Прыцемкі паміж заходам сонца і наступленнем ночы. Дзень пагас за сялом, Паплавы ахінула змярканне. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бутэ́лечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да бутэлька; маленькая бутэлька; пляшачка. — Вось вы, таварыш начальнік, — сказаў.. [Мякіш], — гаворыце: горача. А каб яно, пане браце, у цяньку, ды з вудачкай, ды ўзяць бутэлечку з сабой... Брыль. [Віктар:] — Трэба ж было не здагадацца купіць бутэлечку чарніла. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вадо́хрышча ‑а, н. і вадо́хрышчы, ‑аў.

Адно з царкоўных зімовых свят. Увечар перад вадохрышчам, узялі яны свечку, мелу кавалак, крыжы на вушаках пісаць, міску жыта і пайшлі ў свіронак. Брыль. — Што гэта, бабка, тут робіш? — Ваду, панічок, свянцоную даю. — А, праўда! — прамовіў настаўнік. Сёння ж вадохрышчы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варанёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вараніць.

2. у знач. прым. Пакрыты слоем варанення (у 2 знач.). Толя сядзіць на носе чайкі і на ўзбраенні яго — доўгі лёгенькі шост і «іжаўка» дзядзькі Антося, якая ляжыць на брызенце плашч-палаткі, прыемна пабліскваючы варанёнай сталлю ствалоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́рціся, ‑труся, ‑трэшся, ‑трэцца; ‑тромся, ‑трацеся; пр. зацёрся, ‑церлася; зак.

1. Знікнуць, стаць нябачным, невыразным пад уздзеяннем трэння або якіх‑н. іншых прычын. След зацёрся. □ Акопы не зацёрліся, хоць параслі сасоннікам. Брыль.

2. Схавацца, забраўшыся ў натоўп, у групу людзей. Хлопец паспяшаўся зацерціся ў натоўпе. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згатава́цца, ‑туецца; зак.

Зварыцца, прыгатавацца (пра ежу). Вечарам гарыць дзе-небудзь на беразе агонь, сядзіш з Лявонам Песцікам пры вогнішчы і чакаеш, калі згатуецца ў кацялку юшка. Лупсякоў. Уранні Леначка не захацела пачакаць, пакуль згатуецца снеданне. І гэта зноў засмуціла старую. Брыль. // Закіпець (пра ваду). Чай згатаваўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

масці́цца, машчуся, мосцішся, мосціцца; незак.

1. Зручна размяшчацца, уладкоўвацца. Толя злажыў манаткі ў носе лодкі .. і пачаў масціцца на начлег. Брыль.

2. перан. Разм. Мець намер, намервацца. Дзіўныя ў .. [Максімкі] адносіны з Язэпам. Мосціцца ўсё пасябраваць з ім. Хадановіч.

3. Зал. да масціць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́ўка, ‑і, ДМ дзеўцы; Р мн. дзевак; ж.

Разм. Тое, што і дзяўчына. Агонь, а не дзеўка. Усё гарыць у яе руках. Пестрак. — Зірні ж хоць на дзеўку маю, — з гордасцю маці сказала Валя. Брыль.

•••

Заседзецца ў дзеўках гл. заседзецца.

Застацца ў дзеўках гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)