(н.-лац. Sabadilla < ісп. cebadilla, ад cebada = ячмень)
расліна сям. лілейных, пашыраная на горных лугах Амерыкі, пераважна Мексікі; настойка і адвар насення гэтай расліны выкарыстоўваюцца супраць паразітаў жывёл і чалавека.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
таге́тэс
(н.-лац. tagetes)
травяністая расліна сям. складанакветных з жоўтымі, жоўта-аранжавымі або карычнева-чорнымі кветкамі ў кошыках, з моцным пахам, пашыраная ў субтропіках Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; аксаміткі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
якабі́нія
(н.-лац. jacobinia)
вечназялёная травяністая расліна сям. акантавых з суцэльным лісцем і ружовымі, чырвонымі, жоўтымі, белымі або аранжавымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРА́ХІС (Arachis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд.Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр.бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦІКІ, аканіт (Aconitum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн.Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (A. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (A. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (A. wilsonii), боцікі павойныя (A. volubile), боцікі пірамідальныя (A. pyramidalis), боцікі Фішэра (A. ficheri), боцікі фіялетавыя (A. napellus), боцікі Штэрка (A. stoerkianum).
Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГАРАПАДО́БНЫЯ (Gaviiformes),
атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн.Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.
Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».
Да арт.Гагарападобныя. Гагары: 1 — чырвонаваллёвая; 2 — чорнаваллёвая; 3 — палярная (а — у шлюбным, б — у зімовым убранні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Bucephala clangula),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн.Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял. белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд.Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),
род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн.Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).
Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.