САМАЎЗГАРА́ННЕ,

узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл. Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯДО́ЛІ,

першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),

высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫЖАВА́ННЕ,

аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алігапсо́нія

(англ. oligopsonia, ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + opsonia = закупка прадуктаў)

сітуацыя на рынку, пры якой даволі абмежаванай колькасці пакупнікоў процістаіць вялікая колькасць прадаўцоў (вытворцаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

бюракра́тыя

(фр. bureaucratie, ад bureau = бюро + гр. kratos = улада)

1) сістэма кіравання, пры якой асноўную ролю выконвае адміністрацыйны апарат, далёкі ад інтарэсаў грамадства;

2) чыноўніцтва.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дэгуста́цыя

(фр. dégustation, ад лац. degustare = спрабаваць на смак)

вызначэнне якасці якога-н. прадукту (віна, чаю і інш.) пры яго вырабе органамі зроку, нюху, смаку.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

інфа́ркт

(лац. infarctus = набіты, напоўнены)

амярцвенне тканак якога-н. органа з-за адсутнасці цёку крыві ў артэрыях пры спазме або закупорцы (напр. і. сардэчнай мышцы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

макрараён

(ад гр. makros = вялікі + фр. rayon = раён)

найбольшая тэрытарыяльная адзінка, у якую пры раяніраванні можна аб’яднаць па якіх-н. прыкметах розныя мясцовасці (параўн. мікрараён).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

мана́рхія

(гр. monarchia, ад monos = адзін + arche = улада)

форма кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць адной асобе (манарху), а таксама дзяржава з такой формай кіравання.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)