АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛКІ́ДАЎ МІР, царскі мір,

заключаны ў 387 (ці 386) да н.э. паміж Спартай і кааліцыяй грэч. полісаў на чале з Афінамі і Фівамі пасля Карынфскай вайны 395—387. Падпісаны спартанскім дыпламатам Анталкідам (адсюль і назва міру). Паводле Анталкідава міру ўсе грэч. гарады на малаазіяцкім узбярэжжы і Кіпры пераходзілі пад уладу персаў, забараняліся саюзы дзяржаў, акрамя Пелапанескага. Кантроль за выкананнем умоў Анталкідава міру ўскладаўся на Спарту, што забяспечвала яе гегемонію над Грэцыяй.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЕ́СКУ ((Antonescu) Іон) (14.6.1882, г. Пітэшты, Румынія — 1.6.1946),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Румыніі, маршал (1941). У 1933—34 нач. Ген. штаба, у 1937—38 міністр абароны. З вер. 1940 дыктатар Румыніі. У ліст. 1940 падпісаў пагадненне пра далучэнне Румыніі да восі Берлін—Рым—Токіо, у саюзе з фаш. Германіяй пачаў вайну супраць СССР. У час нар. паўстання 1944 арыштаваны. Як ваенны злачынец пакараны смерцю паводле прыгавору нар. трыбунала Бухарэста.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА (санскр. літар. прасветлены),

у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт. Будызм).

Выява Буды ў адным з храмаў Малайзіі.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд. межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.

Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс. км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛТАСА́Р,

сын і суправіцель апошняга цара Вавілона Набаніда. Загінуў у 539 да н. э. ў час захопу Вавілона персамі. Паводле іудаісцкіх і хрысц. легенд (адлюстраваны ў Бібліі, у працах стараж.-грэч. гісторыка Герадота) у час балю («валтасараў баль»), які Валтасар наладзіў у ноч, калі персы захапілі Вавілон, на сцяне з’явіліся таямнічыя словы, якія былі растлумачаны як прароцтва гібелі Валтасара і падзелу Вавілонскага царства. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў мастацтве.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЬБА,

рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Паддуб’е, цячэ ў межах Віцебскага узв. Асн. прытокі: Горнаўка (злева) і Сільніца (справа). У ніжнім цячэнні на працягу 5 км цячэ ў межах Віцебска, дзе і ўпадае ў Зах. Дзвіну. Паводле Віцебскага летапісу, у сутоках Віцьбы і Зах. Дзвіны ў 974 заснаваны г. Віцебск.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,

кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам I.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)