КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук.працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,
адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл.Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл.Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл.Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл.Логіка класаў).
Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст.ісп. філосаф Р.Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш.Рас. вучоны П.С.Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.Расела і А.Н.Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.Лукасевіч, А.Гейцінг, А.М.Калмагораў, В.І.Шастакоў, С.К.Кліні, А.А.Маркаў і інш.).
Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл.Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.
Літ.:
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1975;
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),
рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час.«Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час.«Отечественные записки». Збліжэнне з В.Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.Чарнышэўскім і М.Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар.рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны. А.Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.Дэнеры і Г.Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш.літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, А.Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.Купала, Броўка, М.Танк, Р.Барадулін, А.Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.Лужанін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;
Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;
Бел.пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд.Мн., 1952;
Сялянскія дзеці. 2 выд.Мн., 1955;
Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд.Мн., 1957;
Дзецям. Мн., 1971;
Лірыка. Мн., 1971.
Літ.:
Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.А.Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;
Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;
Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),
французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.
На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.К.Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.Ясінскага і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;
Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;
Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.
Літ.:
Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;
Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТР ((Sartre) Жан Поль) (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас.працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер. з пол. // Arche. 2000. № 1.