Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел.трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус.смал.труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус.трудъ ‘немач, хвароба’, польск.trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск.trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж.trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш.trud ‘вугор, прышч’, славен.trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв.чак.trûdi ‘гемарой’, серб.тру̂д ‘розныя хваробы’, макед.дыял.тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав.трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл.*trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ.trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат.trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд.tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч.τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл.trwyddo ‘вярцець’ < і.-е.*tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл.*trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац.laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
во́ка, ‑а; мн. во́чы, Р вачэ́й, Д вача́м Т вача́мі і вачы́ма, М аб вача́х; н.
1. Орган зроку. Анатомія вока. Заплюшчыць вочы. Хворыя вочы.// Позірк; погляд. Адвесці вочы. Сустрэцца вачамі. □ Тым часам дзядзька ненарокам Глядзеў на човен добрым вокам.Колас.
2. Здольнасць бачыць; зрок. Зоркія вочы. Слабыя вочы. Пільнае вока.
3.толькіадз. Здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага вопыту. Бывалае вока. Звыклае вока. Гаспадарчае вока. Вернае вока.
•••
Абвесці вачамігл. абвесці.
Адбіраць вочыгл. адбіраць.
Адвесці вочыгл. адвесці.
Адкрыць вочыкамугл. адкрыць.
Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) — мімалётна глянуць, убачыць каго‑, што‑н.
Аж вочы на лоб вылазяць (лезуць); вочы на лоб палезлі — вочы шырока адкрыліся, вытарашчыліся (ад здзіўлення, страху, пры падняцці цяжару).
Аж іскры з вачэй пасыпалісягл. іскра.
Акінуць вокам (вачыма)гл. акінуць.
Бегчы за вачымагл. бегчы.
Берагчы як (зрэнку) вокагл. берагчы.
Благія вочы — тое, што і ліхія вочы.
Валовыя вочы — вялікія, лупатыя, невыразныя вочы.
Вачэй не адарвацьгл. адарваць.
Вачэй не звесцігл. звесці.
Вачэй не зводзіцьгл. зводзіць.
Вачэй не паказвацьгл. паказваць.
Вока (зуб) гарыцьнашто — пра моцнае жаданне мець, атрымаць што‑н. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца, але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога.Сабаленка.
Вока на вока; з вока на вока — без сведак, сам-насам.
Вока не запарушыцькамугл. запарушыць.
Вока не мецьгл. мець.
Вока ў вока, вочы ў вочы — блізка адзін да другога.
Вокам не згледзецьгл. згледзець.
Вокам не маргнуцьгл. маргнуць.
Вон з вачэй — прэч.
Вочы адкрылісяўкаго — пра таго, хто зразумеў сутнасць чаго‑н., убачыў тое, чаго нейкі час не заўважаў.
Вочы б мае не бачылі — аб чым‑н. непрыемным, чаго не хочацца бачыць.
Вочы выбірацьгл. выбіраць.
Вочы драцьгл. драць.
Вочы загарэліся (гараць) — пра таго, каму вельмі моцна нечага захацелася.
Вочы замазвацьгл. замазваць.
Вочы на мокрым месцы — пра таго, хто часта плача.
Вочы на патыліцы — пра таго, хто патрэбнага не бачыць.
Вочы павылазілі — пра таго, хто не бачыць, не заўважае чаго‑н.
Вочы прагледзецьгл. прагледзець.
Вочы прадрацьгл. прадраць.
Вочы працерцігл. працерці.
Вочы разбягаюццагл. разбягацца.
Выесці вочыгл. выесці.
Выкінуць на вокагл. выкінуць.
Вылупіць вочы (бельмы)гл. вылупіць.
Выплакаць (усе) вочыгл. выплакаць.
Вырасці на вачахгл. вырасці.
Вырасці ўчыіх‑н.вачахгл. вырасці.
Глядзець вачамікаго або чыімігл. глядзець.
Глядзець другімі вачамінакаго-штогл. глядзець.
Глядзець нядобрым (косым) вокамгл. глядзець.
Глядзець прама ў вочыгл. глядзець.
Глядзець праўдзе ў вочыгл. глядзець.
Глядзець смерці ў вочыгл. глядзець.
Дваіцца ў вачахгл. дваіцца.
Дзе вочы падзецьгл. падзець.
Для адводу вачэйгл. адвод.
Добрыя вочы — у забабонах — магічная сіла зроку, здольная прыносіць толькі дабро.
Есці вачамігл. есці.
Жадзён на вокагл. жадзён.
З адкрытымі вачамі (рабіцьшто, ісці) — смела, адчуваючы сябе правым.
З завязанымі вачамі — неабачліва, не раздумваючы.
З п’яных вачэй — у стане ап’янення.
За вочы (абгаварыць, абазваць, назваць і пад.) — завочна, не ў прысутнасці. І называлі ўсе яго і за вочы і ў вочы — Міхаіл Іванавіч.Крапіва.
Забегалі вочы (вочкі) — пра сквапнага, зайздроснага чалавека або пра таго, хто гаворыць няпраўду.
Закаціць вочыгл. закаціць.
Закрыць вочыкамугл. закрыць.
Закрыць вочынаштогл. закрыць.
Заліць вочыгл. заліць.
Засціць вочыгл. засціць.
Затуманіць вочыгл. затуманіць.
Звесці вочыгл. звесці.
Змераць вокам (вачамі)гл. змераць.
Знікнуць з вачэйгл. знікнуць.
(Зрабіць) вялікія вочы — вельмі здзівіцца.
Каб мае вочы не бачылі — прагнаць каго‑н. або не жадаць бачыць што‑н.
На вачахчыіх ці каго — а) на віду, у прысутнасці каго‑н.; б) увачавідкі. [Трахім Пятровіч:] — Вясна на вачах сушыць поле.Краўчанка.
На вока (вызначыць, прыкінуць і пад.) — прыблізна.
На воку (вачах) — пад наглядам, на відавоку.
На вочы лезцігл. лезці.
На вочы не напускацькагогл. напускаць.
На вочы не пападацца (не паказвацца) — не сустракацца сам-насам, не быць на віду.
На свае (ўласныя) вочы бачыцьгл. бачыць.
На свежае вока — вокам пабочнай асобы.
Не акінуць вокамгл. акінуць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (надзець)гл. ведаць.
Не верыць сваім вачамгл. верыць.
Не глядзець ні вока ні бокагл. глядзець.
Не спускаць вока (вачэй)зкаго-чагогл. спускаць.
Не ў воку — у няміласці. Ганька.. злуецца на таго, хто ў маткі не ў воку.Васілевіч.
Не ўзняць вачэйгл. узняць.
Некуды вачэй дзецьгл. дзець.
Ні на вочы — не цярпець, не хацець бачыць каго‑, чаго‑н.
Няма воказакімгл. няма.
Няма дзе вачэй схаваць (ад сораму)гл. схаваць.
Па вачах бачыцьгл. бачыць.
Падняць вочыгл. падняць.
Паказацца на вочыгл. паказацца.
Паказаць вочыгл. паказаць.
Папасціся (трапіць) на вочы (вока)камугл. папасціся.
Папова вока — пра зайздроснага чалавека.
Паставіць вочынакагогл. паставіць.
Перавесці вочыгл. перавесці.
Песціць вочыгл. песціць.
Пляваць у вочыгл. пляваць.
Прабегчы вачамігл. прабегчы.
Правесці вокам (вачамі)гл. правесці.
Прадраць вочыгл. прадраць.
Пранізаць вачамігл. пранізаць.
Прапасці з вачэйгл. прапасці.
Праўда вочы колегл. праўда.
Праўду-матку ў вочы рэзацьгл. рэзаць.
Працерці вочыгл. працерці.
Прыкінуць вокамгл. прыкінуць.
Пусціць дым (туман) у вочыгл. пусціць.
Рабіць вялікія вочыгл. рабіць.
Гадаваць вокагл. радаваць.
Раса вочы выесцьгл. раса.
Раскрыць вочыкамугл. раскрыць.
Свежае вока — чалавек (звычайна супрацоўнік рэдакцыі газеты), які чытае паласу з мэтай выяўлення ў яе матэрыялах моўных недакладнасцей і якому матэрыялы гэтага нумару газеты незнаёмы.
Свяціць вачымагл. свяціць.
Соль табе ў вочыгл. соль.
Спаць адным вокамгл. спаць.
Стаяць на вачахгл. стаяць.
Стаяць (паўстаць) перад вачамі (у вачах)гл. стаяць.
Страляць вачамігл. страляць.
Стрыгчы вачамігл. стрыгчы.
Сысці з вачэйгл. сысці.
Сячы ў вочыгл. сячы.
Таропіць вочыгл. таропіць.
Тыкаць (тыцкаць) у вочыгл. тыкаць.
У вачах пацямнелагл. пацямнець.
У вачахчыіх — у думках, уяўленні каго‑н.
У вочы не бачыцьгл. бачыць.
У вочы сказаць (казаць)гл. сказаць.
У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы)гл. пазычыць.
Узяць на вокагл. узяць.
Упасці (укінуцца) у вока — запомніцца, спадабацца.
Упіцца вачамігл. упіцца.
Ускінуць вочыгл. ускінуць.
Уставіць вочыгл. уставіць.
Хаваць вочыгл. хаваць.
Хоць ты ў вочы плюньгл. плюнуць.
Цешыць (пацяшаць) вокагл. цешыць.
(Цёмна) хоць вока выкалі — вельмі цёмна, нічога не відно.
Чортава вока — вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце.
Чытаць у вачахгл. чытаць.
Чэзнуць на вачахгл. чэзнуць.
Шукаць вачамігл. шукаць.
(Як) бяльмо на вокугл. бяльмо.
Як вока схопіць — як толькі можна ўбачыць, як толькі далёка бачыць вока.
Як вокам ахапіць (акінуць, згледзець, скінуць)гл. ахапіць.
Як вокам маргнуцьгл. маргнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і зінф.
1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле.Якімовіч.// Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць.// Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.
2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак.// Паведаміць, перадаць. Даць адрас.// Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.
3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед.Якімовіч.//Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне.//Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш.Адамчык.//Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару?Колас.//Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток!Колас.//Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер.Ермаловіч.
4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць.Корбан.// Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.
5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў.Бядуля.// Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток.Чорны.
6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.
7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню.Чорны.Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак.Мурашка.
8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць).// У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл.Чорны.
9.заг.дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.
Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.
Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.
Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.
Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.
Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.
Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.
Даць бярозавай кашыкаму — пакараць, набіць розгамі.
Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).
Даць волюкаму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.
Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.
Даць выхадчаму — даць магчымасць праявіцца.
Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.
Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.
Даць (уступіць) дарогукаму — забяспечыць свабоду дзеяння.
Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.
Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама.Корбан; б) тое, што і даць дзёру.
Даць дуба — памерці.
Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.
Даць (задаць) дыхтукаму — насварыцца, расправіцца.
Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся.Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.
Даць жахукаму — моцна напалохаць каго‑н.
Даць жыццёкаму — нарадзіць, пусціць на свет.
Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.
Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.
Даць знаць — паведаміць.
Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.
Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.
Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.
Даць (задаць) лазнюкаму — даць наганяй, строгую вымову.
Даць лазыкаму — пакараць, набіць лазовым дубцом.
Даць лупцоўку (бубна)каму — адлупцаваць.
Даць маху — дапусціць памылку.
Даць пачатакчаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.
Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.
Даць (задаць) перцукаму — насварыцца, даць наганяй.
Даць (задаць) пытлюкаму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.
Даць раду(ы)каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць.Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца.Чорны.
Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач.Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю.Рунец.
Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.
Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.
Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.
Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.
Даць ход — пусціць у дзела.
Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.
Даць цягу — уцячы.
Даць (задаць) чосукаму — прабраць каго‑н. за што‑н.
Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.
Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.
(Не) даць дыхнуцькаму — прымусіць працаваць бесперапынна.
Не даць спускукаму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.
Не даць у крыўдукаго — заступіцца, абараніць.
Не даць ходукаму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.
Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце.Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); у навук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар.арх. ансамбляў.
Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Стараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл.св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). У Стараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. У пач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.
На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вял.Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт.Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел.дзярж.політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-вабуд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.
Літ.:
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Рагон М. Города будущего: Пер. с фр.М., 1969;
Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;
Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;
Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;
Новые города Белоруссии. Мн., 1966;
Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;
Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.
І.А.Іода, В.І.Анікін, Ю.І.Шпіт.
Да арт.Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.Да арт.Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.Да арт.Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).Да арт.Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.Да арт.Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.Да арт.Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.Да арт.Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л.па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі пашляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара паант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я.Колас.Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў.Лынькоў.І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль.Мележ.//пракаго-што, абкім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні.Колас.
2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску.Ларчанка.
3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала.Чорны.Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека.Кавалёў.// Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара].Бядуля.
4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае.Лынькоў.Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць.Панчанка.
5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ.Колас.Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка.Шамякін.Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха.Брыль.Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі.Чорны.
7. і здадан.дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць.Брыль.Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх.Колас.
8.узнач.пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы.Крапіва.
•••
Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які)гл. бог.
Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведаегл. бог.
Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.
Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых!Быкаў.
Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.
Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.
Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.
Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.
Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха.Крапіва.
Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.
Ведаць толкучым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.
Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.
Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.
Ведаць цанукаму‑,чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.
Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.
Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.
Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.)гл. ліха.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.
Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.
Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведаегл. хто.
Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.)гл. чорт.
Чорт ведае што!гл. чорт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.
1.каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго‑, што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. □ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі.Чорны.Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі.Лынькоў.// Прадэманстраваць перад кім‑н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус.// Азнаёміць з чым‑н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку.Даніленка.// Даць каму‑н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару.// Прад’явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск.Якімовіч.
2.што, накаго-што і без дап. Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю‑н. увагу на каго‑, што‑н. Паказаць дарогу на станцыю. □ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла.Пальчэўскі.— Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах.Шчарбатаў.— Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты.Брыль.//перан. Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях.Глебка.
3.што і здадан.сказам. Растлумачыць, навучыць каго‑н. рабіць што‑н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. □ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары.Ляўданскі.// Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.
4.што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць.Колас.[Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць.Глебка.// Дабіцца якіх‑н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.
5.што і здадан.сказам. Апісаць, расказаць пра каго‑, што‑н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.Колас.// Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі.Бярозкін.
6.што і здадан.сказам. Выявіць, раскрыць што‑н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. □ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі.Г. Кісялёў.Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх.Шамякін.// З’явіцца сведчаннем чаго‑н.; даць падставу для якога‑н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша...Кавалёў.// Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек.Колас.
7.што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія‑н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. □ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся.Шыцік.
8.здадан.сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было.Мікуліч.
9.каму. Разм. Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую‑н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей.Колас.— Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад.Якімовіч.
•••
Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (гл. падаць).
Паказаць вочы — паявіцца дзе‑н.
Паказаць, дзе ракі зімуюцькаму — правучыць, пакараць каго‑н.
Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).
Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.
Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.
Паказаць на дзверыкаму — прапанаваць каму‑н. выйсці.
Паказаць прыклад — паслужыць узорам.
Паказаць пяткі — хутка ўцячы.
Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.
Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.
Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся...Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры.Куляшоў.Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі?Глебка.Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак.Даніленка.// Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС.Лобан.Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі.Чорны.// Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі.Лужанін.// Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт.Калачынскі.
2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць.Дуброўскі.Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца.Брыль.
3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал.Дубоўка.//перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год.Чорны.Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу.Брыль.
4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць.Мяжэвіч.Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы.Прануза.// Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба.Маўр./убезас.ужыв.І, бач, зноў жа сабралася на дождж.М. Стральцоў.// Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.
5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі.Маўр.
6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу.Колас.// Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу.С. Александровіч.— Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці.Васілевіч.//зінф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася?Якімовіч.Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць.Скрыган.// Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.
7.(звычайнасасловамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху.Быкаў.Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі.Лынькоў.Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі.Галавач.І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам.Арабей.// Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася.Мележ.Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я.Бяспалы.
8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок.Лынькоў.Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк.Крапіва.// Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй.Чарнышэвіч.Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны.Кулакоўскі.
•••
Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму.М. Ткачоў.
Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.
Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.
Хмары сабралісянадкім-чымгл. хмара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)