ГАЛІНЗО́ГА (Galinsoga),

род кветкавых раслін сям. астравых. 4 віды амер. паходжання. Пашырыліся як заносныя амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 2 віды: галінзога драбнакветная (Galinsoga parviflora) і раснічастая, або шчаціністая (Galinsoga ciliata). Растуць каля дарог, на пустках, у садах, пасевах, на агародах.

Аднагадовыя амаль голыя або густаапушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 100 см. Лісце простае, падоўжана- ці шырокаяйцападобнае, супраціўнае, чаранковае. Кветкавыя кошыкі гетэрагамныя, звычайна шматлікія, дробныя, паўшарападобныя, у верхавінкавых ці пазушных паўпарасоніках. Краявыя кветкі язычковыя, белыя, песцікавыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя, двухполыя. Плод — сямянка з чубком. Пустазелле. Некаторыя віды маюць лек. ўласцівасці.

Галінзога драбнакветная.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАЛІ́ЦКІ (Міхаіл Лявонавіч) (3.12.1791, в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 2.2.1861),

бел. ўрач, гісторык, літаратар. Д-р медыцыны (1815), праф. (1824). Скончыў Віленскі ун-т (1815) і працаваў у ім (1816—27). Чл. Віленскай археал. камісіі (з 1857). З 1830-х г. даследаваў помнікі палеаграфіі, займаўся вывучэннем стараж. Вільні і зах. зямель Беларусі. Дапамагаў А.​Кіркору ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археал. экспедыцыях, збіранні археал. матэрыялаў. Шмат рэдкіх дакументаў перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Даследаваў бел. гісторыю, займаўся літ. дзейнасцю.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЖА́ (Віталій Лявонцьевіч) (н. 1.1.1939, г. Палтава, Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1992). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Скончыў Кіеўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1962). З 1964 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі; адначасова з 1994 праф. Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па цепламасапераносе ў мнагафазных сістэмах і цеплаабмене ў дысперсных асяроддзях, па ўласцівасцях псеўдазвадкаваных пластоў і праблемах энергазберажэння.

Тв.:

Фильтрация двухфазных однокомпонентных потоков в дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з Г.​І.​Жураўскім);

Тепломассоперенос в многофазных системах. Мн, 1990 (разам з Г.​І.​Жураўскім, Э.​М.​Сімкіным).

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЕ́ЕЎ (Яфім Данілавіч) (8.3.1908, в. Левенка Бранскай вобл., Расія — 3.7.1990),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). З 1931 у Чырв. Арміі. З 1933 на сав. і парт. рабоце. З ліп. 1941 у тыле ворага, з студз. 1943 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Лідскай зоне, у крас. 1943 — ліп. 1944 камандзір Лідскага партыз. злучэння, адначасова кіраўнік Лідскага падп. міжрайпартцэнтра, сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны на парт. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Ліда.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАЧО́Ў (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),

рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.​Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.​Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.​Адамчыка, аповесці В.​Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.​Галавача, У.​Карпава, А.​Кулакоўскага, М.​Лупсякова, І.​Пташнікава, А.​Савіцкага, Т.​Хадкевіча, І.​Шамякіна і інш.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́ВА (Людміла Васілеўна) (н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.​Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і І.​Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.​Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.​Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.​Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона).

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

Гарнастай: 1 — летам; 2 — зімой.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),

род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).

Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.

Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЦІХ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 10.6.1931, в. Радкоўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тарфяной механікі. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па стварэнні сістэм кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі торфабрыкетнай вытв-сці.

Тв.:

Автоматизация процессов сушки торфа на брикетных заводах. Мн., 1983 (разам з У.​Я.​Геншафтам, Б.​В.​Вайтовічам);

Влагометрия торфа. Мн., 1986 (разам з Л.​С.​Лісам);

Физико-механические методы измерения и дозирования массы сыпучих материалов. Мн., 1987.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)