МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ГО́РАДА СВЕТЛАГО́РСКА.

Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.​І.​Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.

К.​М.​Несцярэнка.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАДЗІ́МАВА,

гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. каля в. Нікадзімава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Купалападобным насыпам і валам падзелена на 2 часткі (памеры 40 × 36 і 48 × 48 м). Умацавана валамі выш. 4,5 м. Пры даследаванні выяўлены рэшткі замкнёнай кругавой пабудовы слупавой канструкцыі, падзеленай на асобныя жылыя і гасп. памяшканні. Унутры жылых памяшканняў захаваліся рэшткі агнішчаў. Знойдзены жал. прылады працы і зброя, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, гліняныя прасліцы, льячкі, ліцейныя формачкі, фрагменты ляпнога посуду і інш. Знойдзены скарб: скураны пояс з бронзавымі спражкай і накладкамі, пакрытымі серабром, 2 нажы ў ножнах і крэсіва ў футарале, зліткі і шматлікія бляшкі з алавяніста-свінцовага сплаву. Гарадзішча загінула ад пажару. Лічаць, што тут знаходзіўся адм.-тэр. цэнтр значнай акругі, сядзіба правадыра і яго дружыны.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫ́МЕР (ад англ. streamer вузкая доўгая стужка) у вылічальнай тэхніцы, адзін з накапляльнікаў інфармацыі на магн. стужцы для персанальных ЭВМ ці мікра-ЭВМ; таксама запамінальнае прыстасаванне з паслядоўным зваротам. Прызначаны для аператыўнага запісу, архіўнага захоўвання і рэзервовага капіравання вял. аб’ёмаў важнай інфармацыі (праграм, дакументаў і інш.).

С. адрозніваюцца тыпам картрыджа (касеты), дзе змяшчаецца магн. стужка, даўжынёй і шырынёй магн. стужкі, відам магн. галовак запісу-счытвання, колькасцю дарожак запісу і стандартам сціскання даных. Картрыджы бываюць 1- ці 2-бабінныя з аб’ёмам інфармацыі да 100 Гбайт, могуць выкарыстоўвацца і касеты для быт. магнітафонаў (у С. мікра-ЭВМ). Скорасць запісу-счытвання інфармацыі да 300 Мбайт/мін. Да С. могуць далучацца аўтазагрузчыкі ці бібліятэкары картрыджаў (прылады для аўтам. змены картрыджаў), што дазваляе павялічыць аб’ём запісанай інфармацыі да некалькіх тэрабайт.

Л.​В.​Сільноў, М.​П.​Савік.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПО́ВАЙ ГРАБЕ́НЬЧАТА-Я́МКАВАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. жылі на тэр. паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Мела наземныя жытлы, што размяшчаліся па берагах азёр і невял. рэчак. Крамянёвыя вырабы — кароткія наканечнікі стрэл вербалістай або рамбічнай формы і коп’і з двухбаковай рэтушшу, а таксама нажы, скрабкі, разцы і інш. касцяныя і рагавыя прылады. Кераміка — вялікія з круглаватым донцам гаршкі з дамешкамі жарствы ў тоўстых і добра абпаленых сценках, арнаментаваныя гарыз. паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыраказубага грэбеня, якія ўтваралі рамбічныя ўзоры. У канцы неаліту плямёны гэтай культуры змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры. На тэр. Беларусі найб. значныя помнікі: Скема, паселішчы на р. Свольна, воз. Бярэшча.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 16, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМІ́ЛІНСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. 28.5.1984, адкрыты 22.11.1986 у г.п. Шуміліна як музей нар. славы, з 1993 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 163 м², 3 залы, больш за 8,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2003). Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак на тэр. раёна, пра падзеі грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, станаўленне сав. улады, абарончыя баі, дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, зброя партызан, асабістыя рэчы і дакументы землякоў Герояў Сав. Саюза П.А.Акуцыёнка, М.А.Ласкунова, Дз.М.Мінчугова, М.К.Спірыдзенкі, фотаздымкі 106 Герояў Сав. Саюза, якія вызначыліся пры вызваленні Шумілінскага р-на ад фаш. акупантаў. У экспазіцыі прылады працы і побыту, адзенне і абутак сялян і гараджан 19 — пач. 20 ст., вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцыя жывапісу мясц. майстроў, у т. л. мастака У.​П.​Белавусава.

С.​В.​Іванова.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,

электрамеханічная вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на ўзаемадзеянні двух ці болей рухомых і нерухомых электродаў, што маюць разнайменныя эл. зарады. Выкарыстоўваецца для вымярэння напружанняў пераменнага і пастаяннага току, колькасці электрычнасці (эл. зараду) і магутнасці.

У Э.п. фіз. велічыня, якая вымяраецца, пераўтвараецца ў эл. напружанне, што падаецца на пласціны (электроды), узаемадзеянне якіх адхіляе стрэлку на вугал, прапарцыянальны квадрату пададзенага напружання. Найб. пашыраны электрастатычныя вальтметры для вымярэння напружання ад 10 В да соцень кілавольт. Маюць нераўнамерную шкалу, паказанні іх незалежныя ад знешніх магн. палёў, частаты і характару напружання. Для Э.п. характэрна вельмі малое ўласнае спажыванне магутнасці і высокі клас дакладнасці. Пашыраны ў радыётэхніцы, лабараторнай практыцы і інш.

У.​М.​Сацута.

Схема электрастатычнай прылады: 1 і 2 — рухомыя і нерухомыя электроды; 3 — вось; 4 — спружына; U — напружанне, якое вымяраецца.

т. 18, кн. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМЦО́Ў Міхаіл Пятровіч (н. 29.3.1954, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1999). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе (з 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем). Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі складаных малекул, ’лазернай фізіцы. Даследаваў фатоніку цыянінавых фарбавальнікаў, у выніку чаго даў рэкамендацыі па мэтанакіраваным сінтэзе новых злучэнняў, аптымізацыі іх выкарыстання як асновы лазерных асяроддзяў, аптычных дыскаў, фотатэрапіі і дыягностыкі раку. Распрацаваў метады і прылады для спектраскапічных даследаванняў складаных малекул і паўправадніковых структур.

Тв.:

Влияние энергии фотонов на процессы необратимых фотопревращений полиметиновых красителей (разам з Я.​С.​Варапаем) // Журн. прикладной спектроскопии. 1995. Т. 65, № 2;

Особенности флуоресценции полиметиновых красителей — фотосенсибилизаторов нового поколения (разам з Я.​С.​Варапаем) // Спектроскопия и люминесценция молекулярных систем. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

насві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да насвістаць.

2. што і без дап. Свістаць (часцей паціху, самому сабе). Насвістваць песню. □ Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сева паціху пачаў насвістваць. Карпаў. // Пра птушак. [Шпак] то заносіў у дзюбцы чарвяка ў шпакоўню, то сядзеў паблізу і насвістваў вясёлыя песенькі. Пальчэўскі. // Пра вецер, мяцеліцу і пад. За акном насвістваў вецер, хвалямі наганяў дождж, усё сцябаў, сцябаў па шыбах. Мыслівец. // Пра машыны, прылады. Вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́сы, ‑аў; адз. прыпас, ‑у, м.

1. Тое, што назапашана, нарыхтавана загадзя; запасы харчавання. У самы глухі куток пад ложкам, куды нават венік служанкі Насты рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу. Колас. У засені дрэў.. на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя гуркі, хлеб. Савіцкі.

2. Снарады, патроны і пад., прызначаныя для стральбы з гармат, вінтовак. Баявыя прыпасы. Агнястрэльныя прыпасы.

3. Разм. Прылады для якой‑н. справы, занятку. Рыбалоўныя прыпасы. Цяслярскія прыпасы. Паляўнічыя прыпасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сукно́, ‑а; мн. сукны, ‑аў; н.

1. Шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валеннем. Сторы разгарнуў пакунак .. Кавалак сукна... Бядуля. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма. Колас.

2. толькі мн. (су́кны, ‑аў). Камплект куліс і заслон, якія афармляюць сцэну. Блізнюк, як спуджаны заяц, матануў за кулісы сцэны і знік там у сукнах і бакоўках. Сабаленка.

•••

Салдацкае сукно — шэрае тоўстае сукно для шынялёў.

Класці пад сукно гл. класці.

Ляжаць пад сукном гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)