ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,

матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл. Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).

Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн. прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.

Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.

Літ.:

Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

супраціўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).

2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.

3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.

•••

Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.

Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акты́ўнасць

(ад актыўны)

уласцівасць актыўнага, дзейны ўдзел у чым-н., энергічная дзейнасць;

аптычная а.здольнасць некаторых рэчываў, напр. кварцу, раствору цукру, паварочваць плоскасць палярызацыі святла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гартава́ць

(польск. hartować, ад ням. harten)

1) надаваць цвёрдасць, трываласць металу шляхам моцнага награвання í раптоўнага ахаладжэння;

2) перан. выхоўваць стойкасць, вынослівасць, здольнасць пераносіць цяжкасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паліфа́гія

(гр. polyphagia)

1) здольнасць жывіцца разнастайнымі жывёльнымі і расліннымі кармамі пэўнай групы (параўн. пантафагія);

2) празмернае ўжыванне ежы, выкліканае ўзмоцненымі працэсамі засваення пажыўных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тыксатрапі́я

(ад гр. thiksis = дотык + -трапія)

здольнасць дысперсных сістэм вяртаць зыходную структуру, разбураную механічным уздзеяннем; мае практычнае прымяненне ў тэхналогіі лакафарбавых матэрыялаў, кляёў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эметрапі́я

(ад гр. emmetros = суразмерны + ops, opos = вока)

пераламляльная здольнасць вока, пры якой чалавек добра бачыць і далёкія і блізкія прадметы (параўн. гіперметрапія і міяпія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАДЗЯ́ГІ (Spongillidae),

сямейства прэснаводных каланіяльных губак. У сусв. фауне 16 родаў. Пашыраны ўсюды. У вадаёмах Беларусі не вывучаліся. Найб. вядомыя 2 віды: бадзяга азёрная (Spongilla lacustris), якая жыве ў стаячых вадаёмах, і бадзяга рачная (Ephydatia fluviatilis) — у праточных.

Памеры калоніі да 1 м. Цела шурпатае з непрыемным пахам, шэрае, жаўтаватае, брудна-зялёнае. Шкілет крамянёвы. Размнажаюцца палавым і бясполым (пачкаваннем) спосабамі. Маюць вял. здольнасць да аднаўлення: з дробнага кавалачка вырастае самастойная асобіна. Кормяцца аднаклетачнымі арганізмамі і арган. рэшткамі. Увосень утвараюць унутр. пупышкі — гемулы, якія вясной даюць пачатак новай калоніі. Засмечваюць гідратэхн. збудаванні. Ачышчаюць вадаёмы ад арган. рэчываў. Высушаныя — нар. лек. сродак ад рэўматычных і інш. боляў. У медыцыне выкарыстоўваюцца мазі з бадзягамі.

Бадзягі: 1 — азёрная; 2 — рачная.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ ГЛІ́НЫ,

асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў. Маюць высокую эластычнасць, звязвальную здольнасць і вогнетрываласць (не ніжэй як 1580 °C).

Вогнетрывалыя гліны складаюцца пераважна з каалініту ці блізкіх да яго мінералаў з агульнай формулай Al2O3∙2SiO2H2O. У іх трапляюцца і інш. мінералы (напр., монатэрміт, пірафіліт, гідраслюды). Вогнетрываласць (блізкая па значэнні да т-ры плаўлення) залежыць ад хім. саставу гліны. Вогнетрывалыя гліны маюць значную колькасць аксіду алюмінію Al2O3 (гліназём; 30—45%) і розныя прымесі. Зніжаюць вогнетрываласць злучэнні жалеза і аксіды шчолачных металаў.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў для металургіі, машынабудавання, як асн. кампанент для вырабу фарфору, фаянсу, керамічных плітак і тэхн. керамікі. У Беларусі радовішчы вогнетрывалай гліны на Пд Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Я.​М.​Дзятлава.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)