ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,
форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЗЫ́Ў на ваенную ці альтэрнатыўную службу, прыцягненне грамадзян да выканання воінскага абавязку (павіннасці) або інш. службовых абавязкаў у адпаведнасці з законам. У Рэспубліцы Беларусь паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) існуюць наступныя віды П.: на тэрміновую ваен. службу (праводзіцца 2 разы ў год) паводле Указа Прэзідэнта; на ваен. службу па мабілізацыі і ў ваен. час (праводзяцца пры абвяшчэнні ў краіне поўнай або частковай мабілізацыі); на ваен. службу ў мірны час афіцэраў запасу, якія не прайшлі тэрміновую ваен. службу і не дасягнулі 27 гадоў (праводзіцца паводле рашэння Савета Міністраў). У шэрагу краін, у т. л. СНД (Украіна і інш.), існуюць законы (у Рэспубліцы Беларусь праект закона) аб альтэрнатыўнай службе. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,
урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр.вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
во́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора.Шамякін.Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе.«Беларусь».// Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.
•••
Воднае полагл. пола.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікую колькасць пялёсткаў (пра кветку). Шыпшына — продак ружы, ад якой яна адрозніваецца тым, што кветкі яе простыя, а не махровыя.«Беларусь».
2. Пра тканіны, вырабы з тканін з высокім ворсам. Махровыя тканіны.
3.перан. Яскрава выражаны, дасягнуўшы вышэйшай ступені (пра якую‑н. адмоўную якасць, пра чалавека з такой якасцю). Махровы нацыяналізм. Махровы рэакцыянер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паказа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Тыповы, характэрны, які дае падставу для якіх‑н. вывадаў. Вельмі паказальнай для ідэйна-творчых пошукаў Бядулі з’яўляецца яго работа над паэмай «Беларусь».Перкін.
2. Які арганізаваны для ўсеагульнага азнаямлення. Паказальны суд. □ У той жа вечар ваенна-палявы суд атрымаў загад рыхтаваць паказальны працэс.Мехаў.
3. Узорны, які служыць прыкладам для другіх. Паказальная гаспадарка. Паказальны ўрок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.
2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа.«Беларусь».Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі.Шакун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)