ГЕ́ЛЕРТ ((Gellert) Крысціян Фюрхтэгот) (4.7.1715, г. Гайніхен, Германія — 13.12.1769),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік Асветніцтва. Праф. Лейпцыгскага ун-та (1745). Пропаведзі рэліг. абавязку і сямейнай дабрачыннасці прысвечаны «Маральныя лекцыі» (т. 1—2, 1770), «Духоўныя оды і вершы» (1757). У «Байках і апавяданнях» (т. 1—2, 1746—48) адлюстраваў побыт і свядомасць ням. бюргерства. Гелерт першы з ням. пісьменнікаў паспрабаваў стварыць ням.бурж. камедыю («Пяшчотныя сёстры», 1747, і інш.), а таксама асветніцкі раман («Жыццё шведскай графіні фон Гелерт» (т. 1—2, 1747—48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЗЕ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 3600—3200 да н.э. на тэр. Егіпта. Найб. даследаваны могільнік Негада-2 у Верхнім Егіпце. Развілася з амрацкай культуры. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, вядомы штучныя арашальныя каналы. Працягвалася развіццё апрацоўкі крэменю, распаўсюджваліся медныя прылады (сякеры, кінжалы, рыбалоўныя кручкі і інш.). Для герзейскай культуры характэрны каменныя пасудзіны і імітуючыя іх керамічныя вырабы, размаляваныя чырв. фарбаю (выявы лодак, людзей, жывёлы і інш.), з’яўленне фаянсу, на апошнім этапе развіцця — таксама пісьма, выкарыстанне ў будаўніцтве цэглы-сырцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫ СІ́НТЭЗ,
атрыманне крышталічных неарган. рэчываў ва ўмовах, што дазваляюць мадэліраваць фізіка-хім. працэсы ўтварэння мінералаў у зямных нетрах. Заснаваны на здольнасці вады і водных раствораў пры т-ры 300—500 °C і ціску 10—80 МПа раствараць рэчывы, якія практычна нерастваральныя ў звычайных умовах. У такіх умовах вырошчваюць таксамавял. монакрышталі (напр., крышталі кварцу масай да 50 кг). Выкарыстоўваецца ў прам-сці пры вытв-сці розных злучэнняў: аксідаў (SiO2, GeO2), сульфідаў (ZnS, PbS, HgS), сілікатаў (CaSiO3, NaNdSi6O14) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя школы, якія ствараліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—14 ст. купецкімі гільдыямі. Выкладанне роднай мовы і арыфметыкі ў іх было пастаўлена значна лепш, чым у царкоўных. У школах павышанага тыпу выкладаліся таксама граматыка, геаметрыя і элементы рыторыкі. Гільдзейскія школы былі платныя, вучыліся ў іх звычайна дзеці заможных бацькоў. Каталіцкая царква ставілася да гільдзейскай школы варожа, паколькі іх стварэнне лічыла парушэннем манаполіі царквы ў школьнай справе. З заняпадам гільдый у 15—16 ст. гільдзейскія школы перайшлі ў падначаленне гар. кіраванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЦЫКЛО́ІДА І ЭПІЦЫКЛО́ІДА,
крывыя, якія апісваюцца адвольным пунктам акружнасці, што коціцца без праслізгвання па нерухомай акружнасці. Пры ўнутраным датыканні акружнасцей крывыя наз.гіпацыклоідамі, пры вонкавым — эпіцыклоідамі; у залежнасці ад суадносін радыусаў рухомай і нерухомай акружнасцей атрымліваюцца розныя віды гіпацыклоіды і эпіцыклоіды, напр.астроіда, кардыёіда. Выкарыстоўваюцца ў тэорыі машын і механізмаў. Гл.таксамаЦыклоіда, Эвалюта і эвальвента.
Да арт.Гіпацыклоіда і эпіцыклоіда: а, б — гіпацыклоіды (r/R = m = 2/5, m = 2/3); в, г — эпіцыклоіды (m = 1/3, m = 2/3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),
павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,
асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКАЯ ((Glińska) Тэафіля) (сапр.Букатова; 1762 ці 1763, в.Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski T.T. Glińska // Mikulski T. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛІКАЎ (Іван Іванавіч) (6.1.1887, Масква — 31.3.1937),
рускі майстар палехскай мініяцюры. Засл. дз. маст. РСФСР (1933). Вучыўся і працаваў у іканапісных майстэрнях с. Палех, Масквы і Пецярбурга. Выкладаў у Палехскім маст. вучылішчы. На аснове традыцый строганаўскай школы жывапісу і палехскага іканапісу 18 ст. стварыў адметны стыль мініяцюрнага жывапісу тэмперай на лакавых вырабах, які вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю, дынамічнасцю: «Тройкі вясельныя», «Тры музыканты» (абедзве 1924), «Бітва» (1928), «Чырвоныя партызаны» (1935). Выконваў таксамаіл. тэмперай (да «Слова аб палку Ігаравым», 1934), дэкар. пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.