прасцейшае атр. роўнараснічных інфузорый. Паразітуе ў тоўстым кішэчніку чалавека, свіней і буйн. раг. жывёлы, узбуджальнік балантыдыязу і каліту. Упершыню выяўлены ў свіней ням. пратазаолагамі Р.Лейкартам і Ф.Штэйнам (1862).
Даўж. цела 30—150, шыр. 20—110 мкм, несіметрычнае, авальнае, укрыта кароткімі раснічкамі. Мае ротавую адтуліну, 2 ядры, 2 скарачальныя вакуолі. Размнажаецца папярочным дзяленнем. Жывіцца рэшткамі ежы ў калавых масах, элементамі крыві, крухмалам, зрэдку асобінамі свайго віду. Утварае цысты, якія з калам выходзяць з кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЧНАСЦЬ,
непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл.Сутнасць і з’ява).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т КІРАВА́ННЯМіністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь,
недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, менеджэраў, эканамістаў-менеджэраў, юрыстаў. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: кіравання, менеджэраў, эканам. адносін, правазнаўства, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, польскі ін-т. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. Мае лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр. Вядзе н.-д. работу. Падтрымлівае сувязі з Вышэйшай гандлёвай школай у Варшаве. Філіялы ун-та ў Брэсце. Магілёве, Оршы, Гродне, Полацку, Мазыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАВО́З,
аўтамабіль, паўпрычэп ці прычэп, абсталяваны цыстэрнай для вадкага паліва (бензіну, газы, дызельнага паліва). Цыстэрна мае паказальнік узроўню паліва, клапан для сувязі ўнутр. поласці цыстэрны з навакольнай атмасферай пры ўзнікненні празмернага ціску, зліўныя патрубкі з хуткадзейнымі засаўкамі, адстойнікі з водааддзельнікамі, проціпажарныя сродкі, зазямленне.
Ёмістасць цыстэрнаў на аўтамабілі і прычэпе 1,2—8 тыс.л, на паўпрычэпах 7—30 тыс. л. Цыстэрны вял. ёмістасці (больш за 5 тыс.л) абсталяваны ўнутры падоўжнымі і папярочнымі перагародкамі (хвалярэзамі) для памяншэння гідраўлічных удараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІРУБІ́Н,
прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІШАФІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага Г.Бішафа),
мінерал класа галагенідаў, водны хларыд магнію MgCl2∙6H2O. Прымесь брому да 1%.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, валакністыя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны да цьмянага. Цв. 1—2. Крохкі. Шчыльн. 1,6 г/см³. Гіграскапічны. Мае пякуча-горкі смак. У саляных адкладах сульфатнага тыпу, багатых магніем. Другарадны мінерал пакладаў карналіту і галіту. Сыравіна для атрымання магнію і яго злучэнняў, вытв-сці магнезіяльнага цэменту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ІНГ»,
агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс.км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс.км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,
спартыўная вузкая падоўжаная лёгкая вёславая лодка. Мае вынесеныя за барты на кранштэйнах уключыны для вёслаў і рухомыя банкі-сядзенні. Адрозніваюць вучэбныя — тыпу клінкер (з абшыўкай канта на кант, бяспалубныя, адносна высакабортныя) і гоначныя — тыпу скіф (з абшыўкай угладзь, нізкабортныя, запалубленыя з носа і кармы); парныя (вясляр вяслуе двума вёсламі) і расхінныя (вясляр вяслуе адным вяслом). Парныя бываюць на 1, 2, 4 весляроў (адзіночкі, двойкі, чацвёркі), расхінныя — на 2, 4, 8 весляроў (двойкі, чацвёркі, васьмёркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРДЭО́Н (франц. accordēon),
музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.