гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйка ў Зах. Дзвіну. За 36 км ад г. Браслаў, 205 км ад Віцебска. Канцавая ст. на чыг. лініі Варапаева—Друя. Аўтадарогай злучаны з Браславам. 1,4 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага пад 1386 у складзе ВКЛ. У 14—18 ст. тут існаваў Друйскі замак. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Д. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. 8.8.1618 атрымала прывілей на магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на хвалях, вада сярэбраная. З Д. паходзіць адзін з шэдэўраў бел. рукапіснай кнігі — Друйскае евангелле 16 ст. За час існавання ў Д. пабудавана каля 20 храмаў. У 1790 у Д. 3,4 тыс.ж. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, заштатны горад Дзісенскага пав. Віленскай губ. У 1897 у Д. 4787 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У 1931 у Д. 3375 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак у Браслаўскім, з 1.5.1940 да 1963 у Міёрскім р-нах. 2,5 тыс.ж. (1971).
Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. лініі. Сярэдняя і муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі меліярац. работ, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1812. Помнік архітэктуры — Друйскі кляштар бернардзінцаў (1643—46) і Друйскі парк (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРЫ́Т (Dēmokritos) з Абдэры
(каля 460 г. да н.э. — ?; па некат. звестках пражыў больш за сто гадоў),
старажытнагрэчаскі філосаф, адзін з заснавальнікаў ант.атамістыкі. Напісаў каля 70 твораў па філасофіі, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, тэорыі музыкі і інш. Да нас дайшло каля 300 фрагментаў, пераважна з этычных твораў. Адным з гал. вытокаў філас. вучэння Д. служаць погляды Леўкіпа. У сваёй тэорыі пазнання Д. абгрунтоўваў думку пра існаванне 2 груп ведаў: заснаваных на пачуццях і на працы розуму; калі пачуцці ў стане прынесці няпоўныя, недакладныя і непраяснёныя («цёмныя») звесткі аб навакольнай рэчаіснасці, то чалавечае мысленне забяспечвае веды аб сапраўднай, г.зн. атамнай прыродзе рэчаў, таму што ўспрыманне і разуменне сутнасці атамаў даступны выключна розуму. Паводле некат. звестак, Д. пашырыў атамістычную тэорыю на тлумачэнне такіх філас. катэгорый, як час і прастора. Прытрымліваўся высновы аб неабходнай і заканамернай сувязі паміж усімі прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, лічыў, што гал. мэта пазнання — знаходжанне прычын прыродных і гіст. працэсаў. Значнае месца ў яго творчасці займаюць распрацоўка і паглыбленне тэорыі Леўкіпа аб касм. віхрах, дзе побач з поглядамі пра атамную будову касм. цел выказаны цікавыя здагадкі аб дыферэнцыяцыі касм. светаў, у прыватнасці адносна існавання жыцця. Д. правёў параўнанне паміж чалавечым арганізмам (мікракосмасам) і космасам. Свае сац.-паліт. погляды ён канцэнтраваў на праблемах дэмакратыі; ідэальнай формай дзяржаўнасці лічыў стараж.-грэч. дзяржаву — поліс. У этыцы развіў вучэнне аб атараксіі.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной философии в конспективном изложении. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),
навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.
Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст.вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.І.Ляпёхін, С.П.Крашаніннікаў, АФ.Мідэндорф, П.С.Палас і інш., батанікі ням. Л.Байснер і Я.Фітшэн, амер. А.Рэдэр, англ. Э.Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.
На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.
Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.Рэга, У.У.Адамаў, Дз.М.Нікольскі, Г.М.Высоцкі, С.П.Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.Дз.Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.Дз.Жылкіна, М.Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.І.Собалева, А.Т.Федарука, А.А.Чахоўскага, М.В.Шкутко і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе, Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це, Бел.с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр.бат. садзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕКАЦЯРЫНБУ́РГ,
горад у Расіі, цэнтр Свярдлоўскай вобл., на р. Ісець (Сярэдні Урал). 1278 тыс.ж. (1996). Буйны чыг. і аўтадарожны вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн. Газаправоды. Найбуйнейшы цэнтр машынабудавання (ВА «Уралмаш», «Уралэлектрацяжмаш», «Уралхіммаш»; з-ды турбаматорны, буравога і металургічнага абсталявання, трансп. машынабудавання, падшыпнікавы і інш.), чорнай металургіі (Верх-Ісецкі металургічны з-д); развіты таксама прыладабуд. і эл.-тэхн. (кабель, трансфарматары, з-ды дакладнай механікі, оптыкі, халадзільнікаў і інш.), хім. (шыны, пластмаса і інш.), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харчасмакавая прам-сць; каменярэзная вытв-сць (з-д «Уральскія самацветы»). Уральскае аддзяленне Рас.АН, 14 ВНУ (у т. л.ун-т), 8 музеяў, 5 тэатраў. Арх. помнікі: жылыя і грамадскія будынкі ў стылі класіцызму (18, 19 ст.), сабор Аляксандра Неўскага (1-я пал. 19 ст.).
Засн. ў 1721 В.М.Тацішчавым як горназаводскі культ. і гандл. цэнтр Урала. Пазней Ісецкі з-д і крэпасць назвалі Е. у гонар Кацярыны I. Тут размяшчаліся Уральскае горнае ўпраўленне, горназаводская школа, з 1735 манетны двор. У 1763 праз Е. пракладзены Сібірскі тракт. З 1781 цэнтр вобласці, з 1796 пав. горад Пермскай губ. У 1834 засн. Горны музей, у 1836 — абсерваторыя. З канца 19 ст. важны чыг. цэнтр Урала, адзін з цэнтраў рэв руху. У ліп. 1918 у Е. расстраляны апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй. Месца значных баёў у грамадз. вайну (гл.Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918). З 1919 цэнтр Екацярынбургскай губ., з 1923 — Уральскай, з 1934 — Свярдлоўскай абласцей. У 1924—91 наз. Свярдлоўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар.АМСССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял.Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.В.Нікалаевай (1943), свінаркі А.І.Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.Танка (1948), П.Броўкі, П.Глебкі (абодва 1968), К.Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.П.Каўтуновай (1975), мастакоў А.А.Анікейчыка (1977) і З.Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.
Літ.:
Герасимович П.Н. Е.А.Зайцев. М., 1980;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.
Г.А.Фатыхава.
Я.Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.П.Каўтунова. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́НКА,
1) заглыбленая ў зямлю жылая пабудова, прамавугольная або круглая ў плане, з перакрыццем з жэрдак ці бярвён, засыпаных зямлёй. Адзін з самых старажытных і пашыраных відаў уцепленага жылля, вядомы з эпохі верхняга палеаліту.
Сцены З. рабілі з бярвён або плялі з галля і абмазвалі глінай. Унутры звычайна знаходзілася агнішча, уздоўж сцен — нары. У эпоху неаліту З. былі невялікіх памераў, у эпоху бронзы — вялікія з некалькімі памяшканнямі і агнішчам. У неаліце, жал. веку, раннім сярэдневякоўі (6—9 ст.) і ў эпоху Кіеўскай Русі на землях славян, у т. л. ў Беларусі, вядомы таксама паўзямлянкі — З. з драўляным зрубам, большая ч. якога ўзвышалася над зямлёй (гл.Жыллё). Як жылыя пабудовы З. і паўзямлянкі зберагліся ў комі, удмуртаў і інш. да 17—18 ст., у ітэльменаў і ніўхаў да 19 ст., у каракаў, кетаў, селькупаў да 20 ст., у паўночна-амер. індзейцаў (напр., навахаў) і эскімосаў да нашых дзён.
2) З. вайсковая — дрэваземляное збудаванне для размяшчэння асабовага складу войск і штабоў у палявых умовах. Будуюцца адна- або двухсхільнымі з перакрыццем з жэрдак (накату з бярвён), глінянай праслойкі і грунтавой абсыпкі, з выхаднымі тамбурамі ў тарцах. Маюць печ для абагрэву і абсталяванне для адпачынку. У Вял.Айч. вайну сав. войскі і партызаны выкарыстоўвалі З. з драўляным зрубам і перакрыццем з бярвён у 2—3 накаты. Карысталася З. і насельніцтва вёсак, спаленых акупантамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.
Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; 1/2; 1; 3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−1/2, што дае T3=1/2 для пратона (Q=1) і T3=−1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; 1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Yw існуе сувязь: Q=T3w+1/2Yw (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНД (санскр.Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),
рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл.бас. 980 тыс.км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах.ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс.км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м.Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн.т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн.га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯў біялогіі,
стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.
У біял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),
савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам.гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.А.Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.А.Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.
Літ.:
Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.