Мурло ’хара’, ’тоўсты і шырокі твар чалавека’, ’чалавек з такім тварам’, ’грубы, неахайны’, мурла́ты, мурла́сты ’мардаты’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Растарг.; мсцісл., Нар. словатв.; КЭС, лаг.; глус., Янк. Мат.; паўд.-усх., КЭС). Укр. мурло, рус. тамб., сіб. мурло, мурно ’морда жывёлы, рот’, тул. мурле́ ’шчокі’. Даль (2, 941), Гараеў (219) узводзяць да цюрк. murun, burun ’нос’, а заканчэнне ‑ло пад уплывам лексемы ры́ло. Фасмер (3, 13) дапускае анаматапеічнасць. Можна, аднак, дапусціць, што усх.-слав. мурло́ ўтварылася ў выніку кантамінацыі некалькіх лексем як са значэннем ’брудны, неахайны’ (параўн. літ. máura), так і ’шырокая морда, рот, твар, губа, хара’ (параўн. літ. máuėe, terlė́, marmū̃zė, burnà).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мы́са ’морда, пашча свойскай жывёлы’ (ТСБМ, Сцяшк.; Янк. 1, слуц., пін., тураў., КЭС), мы́сы ’морда’ (Клім.), мы́ся, мы́ська (дзіцячае) ’карова, кароўка’ (Нас.), пін. мыса́тый ’чалавек з тоўстым адутлаватым тварам’ (Вярэніч, Бел.-рус. ізал., 27), укр. ми́дза, ми́зя, муса ’морда, рыла’; рус. арханг., паморск. мыс ’галава рабіны’, кур. мыса́лы ’скулы, сківіцы’, заўральск. мыса́ло ’твар чалавека, морда’. Бел.-рус. ізалекса (Вярэніч, там жа, 27–30). Прасл. mysa. І.‑е. адпаведнікі: літ. mūza ’морда’, ’рот’, ’твар’, італ. muso ’морда, лыч жывёлы’, ’твар, морда чалавека’, лац. mūcro, ‑ōnis ’вастрыё’, ’меч, шабля, кінжал’, ст.-грэч. μυχός ’заліў, бухта’, ст.-інд. múkham ’пашча, морда’. Да і.-е. *mu‑. Параўн. мыс (ЕСУМ, 3, 458).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мярло 1, мірло (груб.) ’бярлога, пасцель’, мярлог, мярлох, мярлога ’бярлога мядзведзя, ваўка, ліса’, ’месца, дзе ляжыць жывёла’, ’лагво, лежа, пасцель звера’, паст. ’подсціл’ (Нас., Грыг., Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Касп., Бяльк., Растарг.; слаўг., Яшк.; полац., Хрэст. дыял.), арш. ’месца на раллі, на пяску, дзе ляжаў звер або качаўся конь’ (Яшк.), ’гняздо’ (дрыс., КЭС). Да бярлога (гл.). Паводле Карскага (1, 328), у дадзеным выпадку мае месца народнае пераасэнсаванне.
Мярло 2 (груб.) ’ненасытнае стварэнне’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ненасытны, прагны чалавек’ (гор., Мат. Маг.), ’абжора’ (Юрч. Фраз. 3). Няясна. Магчыма, звязана паходжаннем з рус. тул. мурле́ ’шчокі’, ст.-рус. мурлетка ’тоўсты, тлусты твар’, сіб. мурло ’пыса жывёлы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ На́шынец ’наш, тутэйшы, зямляк’ (Сабаленка), ’чалавек з мясцовага асяроддзя’ (Ян.), нашчанец ’наш чалавек, свой брат’ (Нас., Гарэц.), на́шчыніц ’мясцовы чалавек, тубылец’ (Нік. Очерки; мсцісл., З нар. сл.), рус. нашенец ’наш, свой чалавек’, ст.-польск. naszyniec ’тс’, чэш., славац. пасінее ’тс’, славен. паспее ’наш, зямляк, суайчыннік’, серб.-харв. нашинац ’тс’, балг. на́шенец ’тс’, макед. нашинец ’тс’. Утворана ад *нашын‑ скі (Снишына, гл.), параўн. рус. нашинский, на́шенский ’наш, належачы нам’, чэш., славац. našinsky, серб.-харв. нашински, балг. на́шенски, макед. нашински (гл. ESSJ SG, 2, 440) або ад *нашын, параўн. рус. на́шин ’наш’ (пск., цвяр., СРНГ); формы з ‑шч‑ ад *нашчынскі, што магло быць утворана ад наскі, наські (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́падабень ’пра непрыгожую, неахайную асобу’ (жлоб., Жыв. сл.). Да падо́бны ’уласцівы, прыстойны’, параўн. ніпадобны ’брыдкі, неахайны’ (там жа), ’непрыстойны, неўласцівы; неверагодны’ (Нас., Яруш.), усё да падаба́ць ’любіць, мець прыхільнасць’ (гл.). З іншым значэннем непадо́бны ’які не мае падабенства да каго-небудзь ці чаго-небудзь’ (Гарэц., ТСБМ), развіццё семантыкі зыходнага падобны ад ’падыходзячы’ да ’маючы падабенства’. Іншае развіццё значэння дэманструе хойн. непадобнасць (нэпадобнасць) : «вазьми ад е́тага чалавека нэпадобнасць, каторая дадзяна доўгими рука́ми» (Полес. этнолингвист. сб., 100), параўн. польск. niepodobność, niepodobieństwo, адно са значэнняў якога ’злосць, непрыстойнасць, нягоднасць’ тлумачыцца праз стадыю ’рэч немагчымая, непадобная да праўды’ (Варш. сл.), адкуль і ст.-бел. неподобность, неподобенство ’немагчымасць, неймавернасць; немагчымая, непраўдападобная рэч’ (пач. XVI ст., КГС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нябо́жчык (нябо́шчык, небо́шчык, нібошчык) ’памёрлы чалавек’ (Нас., Гарэц., Грыг., Некр., Мал., Булг., Мядзв., Чуд., Касп., Пятк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), niebójszczyk ’тс’ (Маш.), укр. небі́(о́)жчик ’памерлы чалавек; небарака’, польск. nieboszczyk ’памерлы чалавек’, чэш. nebožtik ’тс’. Арэальная славянская інавацыя ад *nebogъ (гл. нябога); паводле Махэка₂ (393), «нябожчык той, хто ўжо не мае сваёй долі на гэтым свеце», параўн. славац. neboh, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’. Цэнтр гэтай інавацыі хутчэй за ўсё быў на чэшскай моўнай тэрыторыі, параўн. ст.-чэш. nebožec, nebožčík, nebožtik ’тс’, на беларускую тэрыторыю яна распаўсюдзілася праз польскую. Параўн. Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нязгра́ба ’няўдалы чалавек’ (кап., Нар. словатв.), нязгрэ́ба ’няўдалы, няспрытны’ (Сцяшк.). Відаць, другаснае ўтварэнне ад нязгра́бны ’нястройны, няўклюдны’ (Касп., Бяльк.), ’неахайны; няўклюдны, нястройны; неасцярожны’ (Нас.), нязграбны ’непрыгожы’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты, непаваротлівы’ (ТС), ад зграбны ’стройны’ (гл.), што лічыцца паланізмам (ад grabic, Брукнер, 155); унутраная форма — ’прыгладжаны, прычасаны, ахайны’, параўн. згрэ́баць ’зграбаць’ (ТС). Параўн., аднак, серб.-харв. незграпно ’нязграбна’, што магло б паставіць пад сумненне названую этымалогію, параўн. несграбно ’нястройна, непрыемна, без усякага парадку’ (Мядз.). Сюды ж нязграбнік ’няўклюдны чалавек’ (Янк. 3.), незграбо́цё ’тс’ (Сцяшк. Сл.), незграбэ́йла (нізграбэйла) ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), паводле аўтараў слоўніка, з літ. nezgrabáila ’тс’, што можна прыняць толькі з улікам словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нішто́ ’нішто; абы-як; не шкодзіць’ (Нас.), ’нядрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’нішто’ (Касп., Бяльк.), ’нядрэнны, нядрэнна’ (докш., Янк. Мат.; Янк. 1), ’нічога сабе, нішто’ (Гарэц.), нішчо́ ’нішто, ні адно; нічога, так сабе; нядрэнна, добра; нічога страшнага, хоць бы што; нядрэнны, неблагі; немалы’ (ТС), ’нічога, нішто’ (Мат. Гом.), укр. ніщо́ ’нішто, няма чаго’, рус. ничто́ ’нічога; добра, нядрэнна’, польск. nic ’нічога, ані трошкі’, чэш. nic ’нічога’, славац. nič, в.-луж. ničo, н.-луж. nico, славен. nȉč, серб.-харв. ни̏шта, макед. ништо, балг. нищо. Прасл. *ni‑čь(to), параўн. авест. naēčit ’нішто’ (ESSJ SG, 2, 488–490; Фасмер, 3, 76; Махэк₂, 398; Бязлай, 2, 222; Шустар-Шэўц, 13, 1001). Адносна семантыкі гл. нічога.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паве́ць, паве́тка ’пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго-н. ад дажджу, непагоды; памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы, дрывотнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., КЭС, лаг., Сцяшк.), пове́ць (ТС), паве́тка (Сл. ПЗБ). Рус. дыял. пове́ть ’страха, навес, хлеў, адрына’, укр. пові́тка ’хлеў, навес’. Паводле Міклашыча (387), ад веяць. Больш пераканаўчай здаецца версія Машынскага (JP, 37, 1957, 297) аб роднаснасці са слав. jata (падрабязна гл. аб гэтым вятка, ятка 2) і рэканструкцыя гэтага слова як po‑(v)ětь (Гл. яшчэ Фасмер, 3, 293 і наст.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) крыніцай лексемы лічыць усх.-балт. *pa‑vietas, якое суадносіцца з літ. vietà ’месца’ (усх.-літ. vietà ’хаваць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пампу́шка 1 ’невялікая круглая пышная булка; аб тоўстым пульхным дзіцяці, жанчыне’ (ТСБМ, Нас., Федар. VI, VII), ’аладка’ (Яруш., Бяльк.), пампу́шкі ’булкі’ (Сл. Брэс.). Рус. паўдн. пампу́ха, пампу́шка ’від вырабу з цеста; праснак з часнаком’, укр. пампу́х ’пампушка’. Праз польск. pampuch ’аладка’ з ням. Pfannkuchen ’блін’ з дыстантнай асіміляцыяй p‑k > p‑p (Мацэнаўэр, 269; Міклашыч, 230; Фасмер, 3, 194). Праабражэнскі (2, 10) мяркуе аб магчымым уплыве пу́хнуць.
Пампу́шка 2 ’скрутак тытуню’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. пампухъ ’пачка тытуню’ (Чартко, Даследаванні па літ. і мове, Гродна, 1967, 54). Рус. арханг. пампу́ша ’звязка лісця тытуню’. Гл. папуша. Сюды ж, відаць, і панпу́шка ’клубок нітак’ (Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)