ВЕ́РМУТ (ням. Wermut літар. палын),

віно вінаграднае, прыгатаванае з дабаўленнем спірту, цукру і араматызаванае настоямі вострапрыпраўных і лек. раслін. Настоі (экстракты) раслін (палын, бузіна чорная, кардамон, карыца, мята і інш.) рыхтуюць на 75%-ным спірце і дадаюць (2—4% па аб’ёме) у віно-аснову (пераважна сухія віны). Выпускаюць вермут белы, ружовы і чырвоны, моцны (мае 18 аб’ёмных працэнтаў спірту і 8% цукру) і дэсертны (па 16% спірту і цукру). Прамысл. выпуск вермуту пачаты ў 1786 у Турыне (Італія).

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІРУ́СА (Babyrousa babyrussa),

парнакапытнае млекакормячае сям. свіных. Адзіны від у родзе. Сустракаецца на в-ве Сулавесі і бліжэйшых астравах (Малайскі архіпелаг). Трымаецца забалочаных лясоў і прыбярэжных зараснікаў.

Даўж. цела да 1 м. Мае адносна маленькую галаву, кароткія вушы, высокія і тонкія ногі. Верхнія іклы ў самцоў да 30 см, загінаюцца назад. Скура маршчыністая з рэдкім шчаціннем. Нараджае двое аднаполых парасят. Актыўная ўначы. Корміцца лісцем травяністых раслін. Аб’ект палявання (мяса, скура, іклы). Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Бабіруса.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ДО́СЛЕДНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1946 у г. Бабруйск як аўтарамонтная майстэрня. З 1960 з-д нестандартнага абсталявання для тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў і па вытв-сці спецыялізаванага рухомага саставу для перавозкі грузаў. З 1967 мае сучасную назву. З 1972 у складзе вытв.-тэхн. аб’яднання «Аўтатранстэхніка». Асн. прадукцыя (1995): самазвальныя і бартавыя прычэпы і паўпрычэпы да аўтамабіляў грузападымальнасцю 5,5—12,5 т, абсталяванне гаражнае, для рамонту і абслугоўвання аўтамабіляў, выпускае таксама метал. кіёскі, гаражы і інш.

Ю.​Я.​Барсукоў.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНТЫ́ДЫЙ КО́ЛІ (Balantidium coli),

прасцейшае атр. роўнараснічных інфузорый. Паразітуе ў тоўстым кішэчніку чалавека, свіней і буйн. раг. жывёлы, узбуджальнік балантыдыязу і каліту. Упершыню выяўлены ў свіней ням. пратазаолагамі Р.​Лейкартам і Ф.​Штэйнам (1862).

Даўж. цела 30—150, шыр. 20—110 мкм, несіметрычнае, авальнае, укрыта кароткімі раснічкамі. Мае ротавую адтуліну, 2 ядры, 2 скарачальныя вакуолі. Размнажаецца папярочным дзяленнем. Жывіцца рэшткамі ежы ў калавых масах, элементамі крыві, крухмалам, зрэдку асобінамі свайго віду. Утварае цысты, якія з калам выходзяць з кішэчніка.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. appellatio зварот, скарга),

у праве многіх краін абскарджанне прыгавораў ці інш. суд. рашэнняў па крымін. і цывільных справах, якія не набылі законнай сілы. Апеляцыйны суд нанава даследуе сабраныя доказы па справе і мае права або зацвердзіць раней прынятае рашэнне, або вынесці новае. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае апеляцыі, а перагляд суд. рашэнняў (прыгавораў), якія не набылі законнай сілы, адбываецца ў касацыйным парадку (гл. Касацыя).

2) У пераносным сэнсе — просьба падтрымаць у чым-н.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІНІ́Н, L-аміна-δ-гуанідзінаваляр’янавая кіслата,

C6H14O2N4, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. У арганізме прысутнічае ў свабодным стане і ў складзе бялкоў, асабліва пратамінаў (да 85%) і гістонаў. У значнай колькасці ёсць у раслінах (асабліва ў рэзервовых і зародкавых органах). Мае ўласцівасці шчолачаў, утварае бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе. Садзейнічае назапашванню і пераносу азоту. Для дарослых млекакормячых не з’яўляецца незаменнай, а ў маладых яе біясінтэз недастатковы. Удзельнічае ва ўтварэнні мачавіны і арніціну (арніцінавы цыкл), крэаціну, аргінінфасфату і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЧНАСЦЬ,

непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл. Сутнасць і з’ява).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т КІРАВА́ННЯ Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь,

недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, менеджэраў, эканамістаў-менеджэраў, юрыстаў. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: кіравання, менеджэраў, эканам. адносін, правазнаўства, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, польскі ін-т. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. Мае лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр. Вядзе н.-д. работу. Падтрымлівае сувязі з Вышэйшай гандлёвай школай у Варшаве. Філіялы ун-та ў Брэсце. Магілёве, Оршы, Гродне, Полацку, Мазыры.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ІНГ»,

агульная назва самалётаў авіяц. карпарацыі ЗША «Боінг». Сярод іх шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт B-747 (выпускаецца з 1983). Мае 4 турбарэактыўныя двухконтурныя рухавікі з цягай па 244 кН кожны. Перавозіць да 660 пасажыраў. Крэйсерская скорасць да 940 км/гадз, узлётная маса каля 380 т, далёкасць палёту без дазапраўкі да 13,5 тыс. км. B-747 «Джумба Джэт» — на 386 пасажыраў, узлётная маса каля 400 т, далёкасць палёту каля 13 тыс. км. Самалёты «Боінг» вызначаюцца надзейнасцю і эканамічнасцю.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)