Кача́н ’плод капусты: шчыльна звітыя ў галоўку капусныя лісты’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ); таксама ’цвёрдая частка галоўкі капусты, ад якой растуць лісты; пачатак кукурузы’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. коча́н, укр. коча́н, кача́н, польск. koczan, kaczan, чэш. kočan ’пэўная расліна’, балг. коча́н, серб.-харв. ко̀ча̑н, макед. кочан. Прасл. форма kočanъ (агляд матэрыялу гл. у Фасмера, 2, 356; Трубачова, Эт. сл., 10, 104–105). Трубачоў (там жа. 104) лічыць, што мы маем справу з утварэннем пры дапамозе суф. ‑ʼanъ (‑ěnъ?) ад таго ж кораня, што і *koča, *kočera, *kočerъ з агульнай семантыкай чагосьці, што ўзвышаецца, тарчыць і да т. п. Вельмі разгалінаванае сямейства слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кача́ць ’качаць’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сцяшк. МГ); ’качаць бялізну’, ’качаць, валяць’, ’раскачваць цеста’ і г. д. Параўн. ст.-рус. качати ’гайдаць, хістаць’, рус. кача́ть ’калыхаць, хістаць’, укр. кача́ти ’катаць’, ’качаць бялізну’, ’качаць цеста’. Далей параўн. польск. дыял. kociać się ’качацца, валяцца і да т. п.’, чэш. káceti ’валіць, разбураць’, káceti se ’валіцца’, ст.-славац. káceť ’рубіць (лес)’, славац. (дыял.) kácat sa ’хістацца’. У аснове гэтага дзеяслова са шматлікай семантыкай, але досыць празрыстай формай, ляжыць зыходнае *katjati (), якое з’яўляецца ітэратыўна-дуратыўным утварэннем да прасл. *kotiti. Пры гэтым атрымліваецца аблаўтная форма вакалізма (a < ō < о). Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашча́вы ’схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі’ (ТСБМ), ’худы, кастлявы’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. дыял. коща́вий ’тс’, ст.-рус. кощавий, укр. коща́вий, ст.-славац. koštavý, славац. (дыял.) košťavý ’тс’, балг. (дыял.) ќошчаф ’упарты’, серб.-харв. ко̏штав ’кастлявы, худы’. Прыметнік, утвораны суфіксам *‑javъ ад слова *kostь ’косць’. Звяртае ўвагу тое, што лексема ў слав. арэале мае прыкметы дыял. характар. Калі на ўсх.-слав. тэрыторыі слова *koščav(jь) вядома ва ўсіх трох усх.-слав. мовах, то ў зах. славян яго ведае толькі славац. мова, а ў паўдн. — толькі балг. і серб.-харв. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 186. Параўн. кашчу́нства, кашчэ́й.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *k​uasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўта́ць ’глытаць’ (дыял.; ТСБМ, БРС, Шат.), каўтану́ць ’праглынуць’ (Сцяшк. МГ), каўток ’глыток’. Параўн. рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, колто́к ’глыток’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ’каўтаць’. Фасмер (2, 297) параўноўвае з польск. kłtać. Але паводле Слаўскага, 274, польскае слова нідзе не зафіксавана. Магчыма, мы маем справу з двума прасл. варыянтамі слова: *glъt‑ і *kъlt‑. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што і.-е. адпаведнікі ёсць толькі для варыянта *glъt‑: параўн. ст.-рус. глътати, чэш. hltati, балг. гъ́лтам і г. д., якія блізка стаяць да лац. glūtio glūtīre ’глытаць’. Параўн. Фасмер, там жа; Траўтман, 93; падрабязна, з аглядам літаратуры, Трубачоў, Эт. сл., 6, 157–158.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сан ’званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ). Стараж.-рус. сань, ст.-слав. санъ. У беларускай, відавочна, запазычанне з рус. сан (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 48), якое большасць даследчыкаў (Міклашыч, 288; Брукнер, ZfslPh, 4, 213) лічаць запазычаннем з дунайска-балг., параўн. тур., чагат. san ’вялікая колькасць, сан, слава’, паўн.-цюрк. sanamak ’цаніць’. З іншага боку, параўноўваюць таксама (Траўтман, 250; Праабражэнскі, 2, 250, Бернекер, AfslPh, 38, 263) са ст.-інд. sā́nu сяр. р. ’вяршыня, вышыня, вастрыё’. Гл. таксама Фасмер, 3, 555. Трубачоў, Этимология–1965, 22 супраць супастаўлення з іранскім, лічачы слова чыстым цюркізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Селяні́н ‘жыхар сельскай мясцовасці, земляроб’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.). Укр. селяни́н, рус. селяни́н, ст.-рус. селянинъ ‘селянін, вясковы жыхар’, серб.-харв. сѐљанин ‘вясковы жыхар’, славен. selján ‘селянін, вясковы жыхар’, балг. се́лянин, макед. селанин, селанец ‘селянін’, ст.-слав. селꙗнинъ ‘земляроб’. Паводле Трубачова (Проспект, 77), прасл. *sedlʼaninъ/*sedlěninъ < прасл. *sedlo (адрознага ад *sedъlo ‘сядло’) ‘земляробчая гаспадарка з домам’ (Махэк₂, 539) з і.-е. *sedlom, роднаснага лац. sella ‘сядзенне’ < *sedlā, што мае фанетычную і словаўтваральную адпаведнасць у палеабалканскім Ἕλλα ‘назва храма Зеўса ў Дадоне’, ад якога выводзіцца племянная назва Ἕληνες, паралельная да *sedlʼane ‘сяляне’ (Трубачоў, Этимология–1980, 14–15). Гл. сяляне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёлкі ’ёлкі, горкі’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Янк. II, Янк. Мат., Гарэц., Яруш.). Укр. ілкий, рус. ёлкий, польск. jełki, iłki ’тс’. Аднак паралелі не абмяжоўваюцца ўсх.-слав. і, магчыма, польск. моўнай тэрыторыяй. Махэк₂ (729) выводзіць чэш. žluknouti ’прагоркнуць’ з *jьzjьlъk‑nǫti, а Гадравіц (ZfS, VII, 1962, 651–652) сюды ж адносіць серб.-харв. žlkak, славен. žolhek ’горкі, ёлкі’. Такім чынам, слова мае рысы праславянскага ўтварэння, можа быць рэканструявана, як еlъkъ < еlъ (й — аснова) + рэгулярная для гэтай асновы ‑къ‑суфіксацыя; еlъ у сваю чаргу ад оlъ (балта-слав. назва піва) (Трубачоў, Эт. сл., 6, 22).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ідзе́ ’дзе’ (Нас., Бяльк.; Оч. В. Бел. 1892, 2, 201). Магчымы два тлумачэнні. Бел. лексема можа узыходзіць да прасл. *jьde з займ. *jь і энкліт. часц. ‑de, адкуль рус. дыял. иде́ ’дзе’, ’куды’, ’як’, чэш. уст. jdeže ’дзе’, ст.-слав. иде ’дзе, калі’, ст.-рус. идѣ ’дзе, калі’ (XI ст.). І.‑е. адпаведнасці: ст.-інд. ihá < *idhe, авест. iδa‑, грэч. ἰθα‑, лац. ibi‑ ва ўказальнай функцыі. Гл. Бернекер, 1, 418; Фасмер, 2, 117; Трубачоў, Эт. сл., 8, 206. Іншая мажлівасць: і‑ мае пратэтычны характар, што падмацоўвае ст.-бел. игдѣ (Гіст. лекс., 54, прыстаўны галосны); параўн. таксама ўкр. ігде. Гл. дзе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)