самазабыццё, ‑я, н.
1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.
2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.
2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.
3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыві́ць, скрыўлю, скрывіш, скрывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым; перакасіць, выгнуць. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ». [Маша] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. І сама галаву неяк скрывіць. Брыль. / у безас. ужыв. Яго скрывіла ад скразняку. // Збіць набок, стаптаць. Скрывіць туфлі. // Адхіліць ад пэўнага кірунку; пайсці не прама. Навёў [Платон] .. [паркан] ад хлявоў, як ён і стаяў, цэлячыся на дзічку. Вёў, вёў яго і раптам — хваць! — скрывіў. Укапаў шулку так, што груша апынулася на яго баку. Ракітны. І, як на злосць, яму [Мікіту] адну Валы скрывілі баразну. Купала. // Надаць ненатуральны выраз (рысам твару); перакасіць. Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Зарэцкі. Вакула паціснуў плячамі і скрывіў рот: што, маўляў, чэпішся да мяне брыгадзір. Радкевіч. Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. У спраўніка твар аж скрывіла ад злосці. Лобан. // Пачаць дзейнічаць насуперак устаноўкам, рашэнням, дырэктывам. Скрывіць лінію партыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.
1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.
•••
Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улюбёны, ‑ая, ‑ае.
1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ‑ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.
2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.
2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.
3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.
4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Марудна або з цяжкасцю дасягнуць якога‑н. месца. Толькі пад самую раніцу дабраўся.. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Дзе пехатою, а дзе на спадарожных машынах, дзядзька за тыдзень дабраўся з Гродна ў свае Дабрынічы. Дамашэвіч. // Капаючы, разграбаючы і пад., наблізіцца да чаго‑н., здабыць што‑н. Капцы не былі яшчэ канчаткова прыкіданы зямлёй, і дабрацца да бульбы было зусім проста. Ермаловіч. // Пашыраючыся, распаўсюджваючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У цяньку, куды пасля ночы не паспела дабрацца сонца, траву пакрывае шараваты іней. Ляўданскі. // Дайсці пры чытанні, размове і пад. да якога‑н. месца, падзеі. Здалося Цімоху — дабраўся да «цэнтра» размовы Койніш. Шынклер. // перан. Прыкладаючы намаганні, дасягнуць разумення чаго‑н. Дабрацца да ісціны. □ [Антон з Мікітам] няхутка дабраліся да сэнсу ігры гэтых літар і слоў. Ракітны.
2. Разм. Атрымаць магчымасць узяцца за каго‑, што‑н., расправіцца з кім‑н. [Другі рыбак:] Яшчэ дабяромся мы да паноў! Не вырвуць каты з нашых рук мазольных Азёр і невадоў! Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
балбата́ць, ‑бачу, ‑бочаш, ‑боча; незак.
Разм.
1. што і без дап. Шпарка, несупынна гаварыць. Эдзік жа балбатаў без перапынку, расказваў пра леташняе жыццё ў палатцы і пра ўсё, што толькі траплялася на язык. Гаўрылкін. // без дап. Бегла гаварыць на замежнай мове. Балбатаць па-французску.
2. без дап. Гаварыць гучна, але невыразна. [Платон:] — Салдатня балбатала, бразгала кацялкамі, вёдрамі — ранак марозны, усё аж грыміць. М. Ткачоў. // Утвараць гукі, падобныя на невыразную гаворку (пра птушак). За бярэзнікам, каля сасновага бору, балбатаў цецярук. Ляўданскі. [Лубяніха:] — У двары індыкі балбочуць, куры-цацаркі важна пахаджваюць. Ракітны.
3. што і без дап. Распускаць чуткі; гаварыць пра тое, пра што лепш маўчаць. [Кулеш:] — Балбочуць у вёсцы, што партызаны заходзяць да Масола. Праўда гэта? — Сам кажаш, што балбочуць. Значыць, балбатня і ёсць, — адказала Палагея. Шамякін. [Цётка К у ліпа:] — Ад злога вока нікуды не схаваешся. Цяпер пачнуць рознае балбатаць. Жычка.
4. без дап. Займацца пустымі размовамі, а не справай. Балбатаць, вядома, лягчэй, чым рабіць. Паслядовіч.
5. без дап. Булькаць — пра ваду, што бяжыць або кіпіць. Так весела ў каменьчыках Балбоча ручаёк. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куль 1, ‑я, м.
1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.
2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.
куль 2, ‑я, м.
1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.
2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).
куль 3, ‑я, м.
Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)