ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

Схема будовы вымя каровы ў разрэзе: 1 — скура; 2 — паверхневая фасцыя вымя; 3 — глыбокая фасцыя вымя; 4 — альвеолы; 5 — вывадныя канальцы; 6 і 7 — малочныя хады; 8 — малочная цыстэрна; 9 — сасковы канал; 10 — сфінктар саска; 11 — пучкі гладкай мускулатуры вакол малочных хадоў; 12 — нерв; 13 — артэрыя; 14 — вена; 15 — злучальная тканка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАГЛІ́ФІКА (ад дэрмата... + грэч. glyphō гравірую),

навука пра скурныя малюнкі далоней і падэшваў у чалавека і некат. малпаў. Тэрмін прапанаваны амер. вучонымі, афіцыйна зацверджаны ў 1926. Мае некалькі кірункаў. Этнічная Д. вывучае характар і прычыны зменлівасці скурных малюнкаў у розных рас і народаў, яе даныя шырока выкарыстоўваюць для праверкі гіпотэз па сістэматызацыі рас і паходжанні асобных народаў. Генетычны кірунак у Д. вывучае механізм перадачы па спадчыннасці папілярных (сасочкавых) малюнкаў, магчымасці выкарыстання іх як дыягнастычнага тэста пры спадчынных хваробах. Анатамічны кірунак вывучае сувязі скурных малюнкаў з сасудзістым пучком і нерв. адросткамі, а таксама ўзнікненне ў плода скурных малюнкаў (морфагенез). Даследаваннямі ўстаноўлена, што асн. віды малюнкаў — петлі, завіткі і дугі паяўляюцца на 17-м тыдні эмбрыянальнага развіцця, а ў 5-месячнага плода назіраецца ўстойлівы тып сігнальных барознаў і скурных малюнкаў, які на працягу далейшага жыцця не мяняецца, а пасля неглыбокіх раненняў аднаўляецца. У суд. медыцыне (дактыласкапія) скурныя малюнкі выкарыстоўваюць для ідэнтыфікацыі асобы.

Літ.:

Тегако Л.И. Дерматоглифика населения Белоруссии: Популяционные аспекты изменчивости. Мн., 1989.

Л.​І.​Цягака.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШАЛЬ,

засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).

Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́ ЦЫКЛ,

морфафізіялагічныя працэсы ў палаваспелых самак вышэйшых шматклетачных жывёл і чалавека, якія перыядычна паўтараюцца і звязаны з размнажэннем. Поліцыклічныя жывёлы размнажаюцца на працягу ўсяго года (П.ц. паўтараецца шматразова і бесперапынна). Монацыклічныя жывёлы (насяляюць пераважна ўмераныя і сярэднія шыроты) маюць адзін П.ц. у адзіны рэпрадуктыўны перыяд года. Найб. просты П.ц. (у большасці беспазваночных, рыб, земнаводных і паўзуноў) мае фалікулярную стадыю, на працягу якой адбываецца рост яец, іх выспяванне і вывядзенне ў навакольнае асяроддзе (нераставанне ў рыб і земнаводных, адкладанне яец у паўзуноў). У птушак П.ц. мае 3 стадыі: фалікулярную, стадыю наседжвання знесеных яец і стадыю выкормлівання птушанят. Поўны П.ц. уласцівы плацэнтарным млекакормячым і мае 4 стадыі, у большасці млекакормячых наз. эстральным (цечка), у прыматаў і чалавека — менструальным цыклам. У ганадах самцоў жывёл, што размнажаюцца сезонна, з наступленнем шлюбнага перыяду пачынаецца рост і выспяванне семявых клетак, які завяршаецца адначасова з наступленнем цечкі ў самак. У поліцыклічных жывёл самцы маюць пастаянную патэнцыю, якая рэалізуецца ў залежнасці ад гатоўнасці самкі да спарвання. П.ц. рэгулюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг), хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч,

вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарочваюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.

Літ.:

Полиомиелит. Начало конца. Женева, 1998.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАПЕРЫЯДЫ́ЗМ (ад фота... + грэч. periodos абход, пэўнае кола часу),

рэакцыя арганізмаў на змену дня і ночы, якая выяўляецца ў ваганнях інтэнсіўнасці фізіял. працэсаў.

У раслін Ф. — прыстасавальная рэакцыя да комплексу сезонных змен навакольных умоў. Органы ўспрымання фотаперыяду — лісце. Асн. вынік — утварэнне ў розных органах раслін фітагармонаў, што ўплываюць на цвіценне, утварэнне клубняў, цыбулін, караняплодаў і інш., а таксама на фізіял. працэсы (напр., пераход да спакою, засухаўстойлівасць). У залежнасці ад рэакцыі на даўж. дня, якая паскарае цвіценне, расліны падзяляюць на даўгадзённыя (напр., збожжавыя злакі, блёкат). караткадзённыя (каноплі, рыс, соя, тытунь і інш.) і нейтральныя (напр., гарох, грэчка). Даўгадзённыя расліны пашыраны пераважна ва ўмераных і прыпалярных шыротах, караткадзённыя — бліжэй да субтропікаў. Асаблівасці Ф. выкарыстоўваюцца ў селекцыі. У жывёл Ф. кантралюе надыход і спыненне шлюбнага перыяду, пладавітасць, восеньскія і веснавыя лінькі, міграцыі і інш. Генетычна абумоўлены і звязаны з біялагічнымі рытмамі. Рэгулюецца нерв. і гарманальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для прагназавання дынамікі і рэгуляцыі колькасці жывёл, у сельскай гаспадарцы (напр., штучнае падаўжэнне дня ў асенне-зімовы перыяд стымулюе яйцаноскасць).

т. 16, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНК Глеб Міхайлавіч (24.5.1904, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 10.10.1976),

расійскі вучоны ў галіне біяфізікі; стваральнік навук. біяфіз. школы. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1960). Чл.-кар. АМН СССР (1945). Брат І.М.Франка. Скончыў Крымскі ун-т (1925, г. Сімферопаль). З 1929 у Ленінградскім фіз.тэхн. ін-це, з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та біяфізікі АМН СССР. З 1952 у Ін-це біял. фізікі АН СССР (з 1957 дырэктар). Адначасова ў 1950—71 праф. Маскоўскага ун-та. З 1961 у Навук. цэнтры біял. даследаванняў АН СССР (у 1963—67 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні ўздзеяння ультрафіялетавага і іанізавальнага выпрамяненняў на біял. аб’екты, біяфізіцы мышачнага скарачэння і нерв. ўзбуджэння. Распрацаваў метады рэгістрацыі мітагенетычнага выпрамянення клеткі. Стварыў колькасныя асновы фотабіялогіі і фотатэрапіі, радыёбіял. пашкоджання і абароны арганізма. Даследаваў уздзеянне фактараў касм. палётаў на жывыя арганізмы. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1978.

Тв.:

Биофизика живой клетки: Избр. тр. М., 1982.

Літ.:

Г.​М.​Франк (1904—1976). М., 1983;

Грибова З.П. Г.​М.​Франк, 1904—1976. М., 1997.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.М.Франк.

т. 16, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,

агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.

Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)