Плю́ска1 плюска́ ’шалупіны, абгортка з лісцяў вакол асновы плода, або ўвесь плод’ (ТСБМ, Нас.), ’мякіна’, ’плеўка, шалупінне насення’ (Нас.), плю́сквы ’шалупіны з аўса’ (паст., Сл. ПЗБ), плю́скі, плю́склы, плюшча́к ’недабраякаснае насенне’ (ельск., брагін., акц., Мат. Гом.), сюды ж: плюскачы́ ’яшчэ не паспелыя семачкі гарбуза’ (жытк., Нар. сл.); параўн. рус. наўг. плюски ’аўсянае шалупінне’, плюсёнки ’тс’, ’аўсяныя шматкі’, алан. плюсе́нь ’бацвінне рэпы, бруквы, рэдзькі, бульбы’; стараж.-рус. плюска ’шапачка жолуда’, серб.-харв. пљу̏скавице ’шалупіны’, балг. плюски ’боб ці гарох з малымі зярнятамі, малады боб або гарох’. Паводле Трубачова (Этимология–1968, 264), узыходзіць да анаматапеічнай асновы *plʼusk‑ (варыянт *blʼuzg‑), якая выкарыстоўваецца для абазначэння шалупіння, кажуры, струпоў, параўн. літ. pliùskė ’луска аўсянага зярняці, вотруб’е’, bluzgà ’шалупінне, мякіна’, blùzgana ’перхаць на галаве’, лат. blàuzgna ’тс’, plauskas, pluzganas ’шалупінне’, параўн. пляваць/бляваць. Сюды ж, відаць, нарв. дыял. flos, flus(k) ’шалупінне; перхаць у галаве’. Махэк (464) узводзіць рус. плюска́ ’ніжняя частка кветкі, шапачка жолуда’ да зыходнага плюха (гл.), насуперак Гаўлавай (Etym. Brun., 1, 23). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 26) каш. plëščka, pluščka ’плоскі недаспелы стручок’ выводзяць з прыметніка *pljuskъ ’плоскі’, узнятага пад уплывам гукапераймальнага *pljuskati (гл. плюскаць), бо ўдар робіць прадмет плоскім. Гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’.

Плю́ска2, плю́сква, плю́скла ’клоп, Acanthia lectularia’ (Бес.; астрав., воран., свісл., Сцяшк. МГ; Сержп. Грам.; Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; Жд. 2; Скарбы), ст.-бел. плюска, плюсква ’тс’ (XVII ст.) — са ст.-польск. pluskwa, pluska ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), якія, паводле Банькоўскага (2, 613), узыходзяць да plusk, pluskanie < прасл. *plʼuskati > бел. плю́скаць3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́рта 1, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Група людзей, прызначаная ахоўваць каго‑, што‑н. На ўсіх дарогах, якія вялі ў атрад, была пастаўлена ўзмоцненая варта. Сіняўскі.

2. Вартаванне, абавязкі па ахове чаго‑н. Заступіць на варту. □ Набраў Іван цэлы жмут лучынак і пайшоў на варту. Якімовіч.

3. Месца, пункт вартавання; пост. Паставіць на варту.

•••

Ганаровая варта — воінскае падраздзяленне ці група асоб, выстраеныя для аддання пашаны (у гонар) каму‑н.

Быць (стаяць) на варце гл. быць.

Пасадзіць пад варту гл. пасадзіць.

Узяць пад варту гл. узяць.

ва́рта 2, безас. у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, трэба; мае сэнс; карысна. [Няслаўскі:] — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць. Мурашка. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротныя.. Дуброўскі.

2. каму. Па заслугах, так і трэба. Варта.. [Свеце], няхай не скача, што каза. Пташнікаў.

3. з інф. У саставе складаных сказаў абазначае ўмову хуткага з’яўлення наступных падзей. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве зімовая пушча. Краўчанка. Гэтаму.. вобразу маё ўяўленне надавала розныя формы і змест, варта было толькі затрымацца на іх.. даўжэй. Колас.

•••

Гэта нікуды не варта; куды гэта варта — вельмі кепска; непрыстойна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Наскочыць, напароцца на што‑н. вострае. Наткнуцца на сук.

2. Рухаючыся, нечакана наскочыць на каго‑, што‑н. (на якую‑н. перашкоду). Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Паслядовіч. Ідзе [юнак] па тратуару і аглядваецца назад. Заглядзеўся і наткнуўся на вусатага дзядзьку з гаспадарчай сумкай. — Малады чалавек, не страляйце варон. Пянкрат.

3. перан. Рухаючыся, нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., набрысці на каго‑, што‑н. Познім адвячоркам абоз нечакана наткнуўся на варожую засаду. Якімовіч. Ішлі мы неяк вясной групай па лесе і наткнуліся на немцаў. Карпюк. // Нечакана, выпадкова выявіць, знайсці што‑н. Толькі ў канцы вайны неяк праглядаючы ў газеце спіс узнагароджаных Урадам партызан, Марынка нечакана наткнулася на .. прозвішча [Паходні]. Хадкевіч. Да дна ператрос чамадан у зацішку. Тут раптам вачыма наткнуўся на кніжку. Арочка. // Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. на сваім жыццёвым шляху, у сваёй дзейнасці. У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў і папаўся.. На першым польскім хутары яго накрылі. Багаты хутаранін, пакуль жонка карміла ўцекачоў,.. прывёў з недалёкага маёнтка салдатаў... Ды для Калодкі гэта быў не доказ. — На аднаго сабаку наткнуўся, дык думаеш, што ўсе такія. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тава́рыш, ‑а, м.

1. Чалавек, блізкі каму‑н. па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад. Школьны таварыш. Таварыш па працы. Таварыш па барацьбе. □ З маленства .. [Віктар і Мірон] былі суседзямі і таварышамі, таксама як іхнія бацькі. Маўр. Над свежай магілай .. Таварыша, друга і брата Журботна галовы мы схілім. Колас. Юлька пакінула таварыша з братам, а сама пабегла па кухню. Даніленка.

2. Грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве. [Пацяроб:] — На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык. Зарэцкі. // У тым жа значэнні пры прозвішчы, назве пасады, прафесіі і пад. [Канягін:] І прыняць .. [людзей] я зараз не магу: таварыш Бывалаў выклікае... Крапіва. — На мітынг! — Начальства застыла ў здзіўленні, А вестка, як ток, Ад салдата к салдату: — Да нас прыязджае таварыш Ленін!.. Арочка. / У складзе зваротка або як зваротак. Таварыш мой любы! Не той малады, Хто злічыць па пальцах Свае ўсе гады. Гілевіч. [Мясцкомавец:] — Таварышы, пачынаем мітынг. Чорны.

3. Чалавек аднаго ўзросту з кім‑н.; равеснік. Сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго [Янкі] таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Карчук з вёскі Чаромхі. Бядуля.

4. каго. Уст. У назвах службовых асоб — памочнік, намеснік. Таварыш міністра. Таварыш пракурора.

•••

Таварыш па няшчасцю — той, хто разам з кім‑н. папаў у якую‑н. бяду, у якое‑н. непрыемнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэра́са, ‑ы, ж.

1. Гарызантальная або некалькі нахіленая пляцоўка, якая ўтварае ўступ, часам зробленая штучна (для пракладкі дарог, стварэння архітэктурнага ансамбля і пад.). Там, дзе выразна выступае высокая пясчаная рачная тэраса, пралягае паласа сасновых бароў. Гавеман.

2. звычайна мн. (тэра́сы, ‑рас). Спец. Гарызантальныя або некалькі нахіленыя ўступы паверхні зямлі (на схілах гор, рачных далін і на ўзбярэжжы азёр і мораў), размешчаныя адзін над адным. [Балотаўтварэнне] шырока распаўсюдзілася на згладжаныя бяссточныя водападзелы і надпоймавыя тэрасы. «Беларусь». Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах Льецца вішань белы вадаспад. Танк. Рачныя даліны ў нізінах даволі шырокія і маюць тэрасы. Прырода Беларусі.

3. у знач. прысл. тэра́самі. У выглядзе ўступаў, прыступкаў, размешчаных адзін над адным. Насупраць бальніцы, на схіле ўзгорка, быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. Карпаў. У сярэдзіне гары тэрасамі — адзін над другім — павінны былі прайсці тры тунелі. Даніленка.

4. Летняя прыбудова да дома ў выглядзе пляцоўкі са страхой на слупах. З тэрасы кафэ, куды мы падняліся па прыступках, адкрываецца цудоўны від па Карфагенскі заліў. В. Вольскі. Спіны ў хлопцаў блішчаць, і .. [Антон] вядзе сваіх сыноў за рукі да хаты, і ўзыходзіць на тэрасу, дзе ўжо накрыты стол, і на стале іх чакае сняданак, і Тося разлівае па кеартах малако... Савіцкі.

[Фр. terrasse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́на ‘бружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdus ‘свяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трап1 ’сцежка, дарога, кірунак; крок’ (Нас.; слаўг., Яшк.), укр. торопа́ ’тс’, ’кірунак слядоў’ (калі тут не другаснае поўнагалоссе), рус. трап ’сцежка’, харв. кайк. trȁp, серб. тра̑п ’капец (для гародніны)’, ’каляіна’, ’яма для буракоў, бульбы’, ’роў’, дыял. ’бахчаўнік’, ’бахчавыя культуры, памідоры’, ’малады вінаграднік’, балг. трап ’каляіна’, макед. трап ’яма, роў’, ст.-слав. трапъ ’яма для лоўлі звяроў’. Прымаючы пад увагу ўкраінскі і паўднёваславянскі матэрыял, можна вывесці прасл. *torpъ ’яма, роў’; паводле Борыся (Etymologie, 214), *torpъ або *trapъ (з пытальнікам), што разглядаецца як паўднёваславянскае праславянскае дыялектнае ўтварэнне. Абаеў (Зб. Геаргіеву, 102–110) уключыў прасл. *torpъ у фрака-скіфска-славяна-балтыйскую ізаглосу, параўн. фрак. *tarpa ў тапоніме Tarpodizos > асец. tærfæ ’лагчына, нізіна, даліна’ (другая частка ў іран. daiza ’крэпасць’), афг. tarma ’балота’, літ. tárpas ’прамежак’, ’дзірка, адтуліна’, ’цясніна’, ’прадонне, прорва’, trapùs ’рыхлы, гнілы, крохкі’, tarpẽklis ’цясніна’, лат. starpa, starps ’прамежак’, ’прабел (у тэксце)’, tàrps ’чарвяк’ < ’свідравальшчык’ (Каруліс, 2, 286). Адсутнасць падобнай лексемы *torpъ (усх.-слав. тароп) на поўначы Славіі можа наводзіць на думку пра запазычанне з паўд.-слав. trap. Скок (3, 491), Фасмер (Die griechischen Lehnwörter im Serbokroatischen. Berlin, 1944, 143) дапускаюць паўднёваславянскае запазычанне з грэч. τρύπη ’яма, пастка’ (< і.-е. *trūp‑) ці з τάφρος ’яма, роў’ > τράφος ’роў, рэчышча’, ’мяжа’, ’плот з камянёў’. Параўн., аднак, трап’е, гл.

Трап2 ’сходы на караблі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’лесвіца на страсе, каб лазіць да коміна’ (кобр., драг., жытк., Нар. сл.). Праз польскую ці рускую мовы з нідэр. trap ’лесвіца на караблі’ (Фасмер, 4, 94; SWO, 1980, 772; СИС, 516; Булыка, СІС, 472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́па1 дрэва ліпы, Tilia L.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., ТС, Кіс.) і ліпа́ ’тс’ (смарг., віл., іўеў., воран., трак., Сл. паўн.-зах.), маг. лі́пнік ’тс’ (Кіс.), іўеў. ’ліпавы цвет’ (Сл. паўн.-зах.), ’кара, лыка’ (трак., навагр., Сл. паўн.-зах., ТС), лі́піна ’асобнае ліпавае дрэва’, ’драўніна з ліпы’ (Касп.; міёр., Нар. словатв.), ’белы, бяскроўны’ (Янк. III, Гарэц.), ’ліпавае лыка’ (Ян.), ’ліпа’ (лудз., Сл. паўн.-зах.), драг. лэ́па, пін. лы́па, лы́піна ’ліпа’ (КЭС). Укр., рус. липа, польск. lipa, палаб. lai̯po, луж. lipa, чэш. lípa, славац. lipa, славен. lípa, серб.-харв. ли̏па, макед. липа, липата, балг. липа́ ’тс’, страндж. ’лыка’. Прасл. lȉpa ’ліпа’. Найбольш блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. líepa, лат. liẽpa, ст.-прус. leip‑ (у тапоніме Leipiten), — якія з’яўляюцца роднаснымі да прасл. lьpěti ’прыклейвацца, ліпнуць, гарнуцца’, параўн. бел. ліпець (гл.), а таксама, відаць, кімр. llwyf ’ліпа, вяз’, ст.-грэч. (Гесіхій) ἀλίφαλος δρῦς ’від дуба’ < і.-е. lēipa ’ліпа’ (Голамб, Зб. Якабсону, 1, 1967, 778; Махэк₂, 334). Матывацыя назвы дрэва — яго ліпкі сок (Міклашыч, 178 і інш.; Фасмер, 2, 499; Слаўскі, 4, 271; Скок, 2, 305; Бязлай, 2, 143). Паўн.-слав. lipъka. Сюды ж бел. ліповы, лі́павы (Шат., Сцяшк., Мат. Гом., ТС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ліпавый (Яруш., Бяльк.), ст.-бел. липовый ’зроблены з ліпы, адносіцца да ліпы’ (Булахаў, Гіст. прым., 117), лі́павіна ’адна ліпа’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ліпава́ты ’мяккі (пра драўніну)’ (ТС), лі́павец (Грыг.), лі́пка ’лыка з вяза’ (Маш.), лі́пнік ’лыка з ліпы’ (лун., Шатал., ТС), ’малады ліпняк’ (б.-каш., лун., Шатал., Мат. Гом., ТС), ліпнёг ’сушанае лісце ліпы’ (лаг., Жд. 2).

Лі́па2 ’пра нешта’ фальшывае, несапраўднае’ (ТСБМ). Запазычана з рус. арго зладзеяў (Ушакоў, 2, 66). Сюды ж лі́павы ’падроблены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)