клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.
У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.Станкевічам),
гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.Жук-Грышкевіч, з 1926 М.Гузоўскі, з 1932 А.Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЁС (Avena),
род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст.н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).
Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс.га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.
Літ.:
Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,
адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст.царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд.Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКА́МА (Atacama),
пустыня ў Паўд.Амерыцы, на Пн Чылі, уздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Даўж. каля 1000 км. Уключае Берагавую Кардыльеру (выш. да 3200 м), зах. схілы Кардыльеры-Дамейкі (да 4325 м) і паміж імі Падоўжаную даліну (выш. каля 500 м). Пераважаюць камяністыя і друзавата-галечнікавыя абшары, месцамі рухомыя пяскі. Радовішчы салетры, буры, ёду, кухоннай солі, медных рудаў.
Клімат трапічны, пасатны, адносна халаднаваты пад уздзеяннем халоднага Перуанскага цячэння. На ўзбярэжжы сярэдняя т-растудз. 19—20 °C, ліп. 13—14 °C, у Падоўжанай даліне адпаведна 22—23 °C і 11—12 °C. Ападкаў менш за 50 мм за год (полюс сухасці мацерыка). Для ўзбярэжжа Атакамы зімой і вясной характэрны высокая адносная вільготнасць, якая дасягае 82%, частыя туманы і імжа. Вадацёкаў мала, у Ціхі ак. упадае р. Лоа. Укрыта пяскамі і саланчакамі; рэдкія ксерафітныя хмызнякі, кактусы. Жывёльны свет: агуарачай, браняносец, чарапахі, змеі, яшчаркі; з птушак — грыф, трусіная сава, мухалоўка, калібры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗДЫ́,
шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.
Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,
рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн.Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),
род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (H. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (H. paniculata) і рознашарсцістая (H. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (H. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (H. macrophylla).
Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁН (Persicaria),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд.Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.