род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 3 віды С.: зялёныя, або палуніцы (F. viridis), трапляюцца пераважна на ПдУ, у далінах рэк, на лугах; лясныя (F. vesca) найб. пашыраны ў лясах, родапачынальнікі сартоў рэмантантных суніц, і больш рэдкія — клубніцы. Культывуюцца С. ананасныя, або садовыя (F. ananassa), віргінскія (F. virginiana), клубніцы, а таксама іх гібрыды і сарты.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце трайчастае, доўгачаранковае, у прыкаранёвай разетцы. У пазухах лісця развіваюцца кароткія паўзучыя парасткі (вусы), якія ўкараняюцца ў вузлах Кветкі двухполыя, радзей аднаполыя, белыя, у суквецці шчыток. Плод — несапраўдная ягада, ядомая. Плады маюць у сабе вітаміны, арган. к-ты, пекцінавыя і дубільныя рэчывы. Харч. і лек. расліны.
А.М.Скуратовіч.
Суніцы садовыя і іх сарты: 1 — агульны выгляд; 2 — Раннія Махерауха; 3 — Прыгажуня Загор’я; 4 — Фестывальныя; 5 — Рубінавыя.