род кветкавых раслін сям. тутавых. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў цёплаўмеранай зоне Азіі, часткова ў Амерыцы і Афрыцы. У Кітаі культывуюць Ш. белую (M. alba) больш за 2,5 тыс. гадоў. Існуе каля 400 сартоў і форм. На Беларусі інтрадукавана Ш. белая і чорная (M. nigra).
Лістападныя дрэвы выш. 16—35 м, жывуць да 200 гадоў. Крона густая, шатрападобная. Лісце на маладых парастках суцэльнае, потым — лопасцевае, зубчастае. Дробныя кветкі раздзельнаполыя, сабраны ў каташкападобныя суквецці, паяўляюцца разам з лісцем. Плод — несапраўдная сакаўная касцянка ў суплоддзі, белая, чырв. або чорная, ядомая. Мае да 22% цукроў (пераважна фруктоза і глюкоза). Спажываецца ў свежым і перапрацаваным выглядзе. Лісце Ш. белай — асн. корм лічынак тутавага шаўкапрада, з коканаў якога атрымліваюць натуральную шаўковую пражу. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве. Харч., тэхн., дэкар. расліны.