КРЭ́ЙЧА (Krejča) Атамар (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.​Чэхава («Вішнёвы сад», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.

Літ.:

Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎТАН, Лаўтан,

Лотан (Laughton) Чарлз (1.7.1899, г. Скарбара, Вялікабрытанія — 15.12.1962), англійскі і амерыканскі акцёр. Скончыў Каралеўскую акадэмію драм. мастацтва ў Лондане (1926). Працаваў у т-рах Лондана, Стратфарда-он-Эйван, Нью-Йорка (ролі ў п’есах У.​Шэкспіра, М.​Гогаля, А.​Чэхава і інш.). З 1928 у кіно. Ствараў на экране вобразы, адметныя непаўторнасцю індывід. рыс, глыбінёй і сакавітасцю характарыстык. Зняўся ў фільмах: «Прыватнае жыццё Генрыха VIII» (1933, прэмія «Оскар»), «Адвержаныя», «Мяцеж на «Баўнці» (абодва 1935), «Рэмбрант» (1936), «Гарбун сабора Маці Божай» (1939), «Казкі Манхэтэна» (1942), «Трыумфальная арка» (1948), «Сведка абвінавачвання» (1957) і інш. Ставіў фільмы («Ноч паляўнічага», 1955, і інш.), спектаклі («Жыццё Галілея», 1947).

Літ.:

Утилов В.А. Чарльз Лаутон. М., 1973.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖУ́ХІН Іван Ільіч (26.9.1889, Масква — 18.1.1939),

расійскі кінаакцёр. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Працаваў у правінцыяльных т-рах, маскоўскім Увядзенскім нар. доме. З 1911 здымаўся ў кіно. Буйнейшы акцёр рас. дарэв. кінематографа. Іграў рамант. герояў у меладрамах, здымаўся ў быт. камедыях, салонных і дэкадэнцкіх драмах. Сярод роляў: гвардзейскі афіцэр Маўрушка («Домік у Каломне» паводле А.​Пушкіна, 1913), Стаўрогін («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы», 1915), Герман («Пікавая дама» паводле Пушкіна, 1916), князь Касацкі («Айцец Сергій» паводле Л.​Талстога, 1918). З 1920 у эміграцыі, здымаўся пераважна ў Францыі: «Дзіця карнавала» (1921, 1933, сцэнарыст і рэжысёр), «Дом таямніц» (1922), «Касцёр палае» (1923, сцэнарыст і рэжысёр), «Міхаіл Строгаў» (1926) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГВІНЕТУХУЦЭ́СІ Атар Вахтангавіч (н. 16.1.1932, Грузія),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.​Руставелі ў Тбілісі (1954). У 1954—61 і з 1972 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі. Сярод роляў: Уджуш Эмха («Хакі Адзба» Л.​Кіячэлі), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра), Лео («Правінцыяльная гісторыя» Л.​Росеба) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: Джамбулат («Фаціма», 1958), Джакола («Мальба», 1968), цар Георгій («Дзясніца вялікага майстра», 1970), Арзакан («Выкраданне месяца», 1973), Эліёз («Дрэва жадання», 1977), Дата Туташхія (шматсерыйны тэлефільм «Берагі», 1979), Н.​Пірасманішвілі («Добры дзень, усе!», 1980), Пагаў («Брат», 1982) і інш. Дзярж. прэмія Грузіі імя Марджанішвілі 1977. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́ Мікалай Пятровіч (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.​Дударава), Сорын («Чайка» А.​Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.​Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.​Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.​Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.​Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.​Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСКУ́ЛАЎ Муратбек (23.11.1909, с. Чаек Нарынскай вобл., Кыргызстан — 1.2.1974),

кіргізскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). З 1936 у трупе Кірг. муз.-драм. т-ра, з 1941 у Кірг. драм. т-ры ў г. Фрунзе. Сярод лепшых роляў: Тэйітбек, Каныбек («Курманбек», «Каныбек» К.​Джантошава), Акылбек («Лёс бацькі» Б.​Джакіева), Шэрмат («Хто смяецца апошнім» Т.​Абдумамунава), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Атэла, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра). Здымаўся ў кіно: «Салтанат», «Песня табуншчыка», «Тактагул», «Неба нашага дзяцінства» і інш. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1969.

Літ.:

Иманкулов Д. Наш Муратбек. Фрунзе, 1970;

Брудный Д. Муратбек Рыскулов. М., 1974.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́КАЛ Майсей Барысавіч (5.10.1904, г. Жмерынка Вінніцкай вобл., Украіна — 8.3.1975),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскую тэатр. студыю «Культур-ліга» (1924). Працаваў у Харкаўскім, з 1927 у Дзярж. яўр. т-ры Беларусі, дзе паставіў спектакль «Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема (1939; выконваў і гал. ролю). З 1949 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся псіхал. дакладнасцю і яркім вонкавым малюнкам. Сярод значных роляў: Блазан («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Суддзя («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Том («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.​Бічэр-Стоу), Сілан, Рабінзон («Гарачае сэрца», «Беспасажніца» А.​Астроўскага), Шпрых («Маскарад» М.​Лермантава), Якаў Трошын («Дзеці сонца» М.​Горкага) і інш.

А.​А.​Савіцкая.

т. 15, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАІ́РАЎ (сапр. Корнбліт) Аляксандр Якаўлевіч

(6.7.1885, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 25.9.1950),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1935). Творчую дзейнасць пачаў у 1905 як акцёр, з 1908 — рэжысёр. Заснавальнік (сумесна з А.​Коанен) і маст. кіраўнік Камернага т-ра (1914—49) у Маскве. Адзін з рэфарматараў рус. сцэны. Імкнуўся да стварэння «сінтэтычнага т-ра» — пераважна рамант. і трагедыйнага рэпертуару, выхавання ў акцёраў віртуознага майстэрства, пераўтварэння сцэн. прасторы. Сярод пастановак: «Фаміра-кіфарэд» І.​Аненскага (1916), «Саламея» О.​Уайльда (1917), «Прынцэса Брамбіла» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (1920), «Федра» Ж.​Расіна (1922), «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла (1926), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1933), «Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера (1940) і інш.

т. 15, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПАРКО́Ў Васіль Восіпавіч (16.3.1889, С.-Пецярбург — 25.8.1970),

расійскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). Працаваў у т-рах Пецярбурга і Масквы, з 1927 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры. Выкладаў у Школе-студыі імя У.​Неміровіча-Данчанкі (з 1948 праф.). Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, імкнуўся да вастрыні і выразнасці сцэн. малюнка, тонкі псіхалагізм спалучаў з глыбокай эмац. насычанасцю. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Кругасветлаў («Плады асветніцтва» Л.​Талстога), Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Морыс («Глыбокая разведка» А.​Крона), Аргон («Тарцюф» Мальера) і інш. Аўтар кніг і артыкулаў аб вучэнні Станіслаўскага.

Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952.

Літ.:

Рогачевский М.Л. В.​О.​Топорков. М., 1969.

т. 15, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІ́НСКІС, Цылінскі (Cilinskis) Гунарс Алфрэдавіч (23.5.1931, г. Огрэ, Латвія — 25.7.1992), латвійскі акцёр, сцэнарыст, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў тэатр. ф-т Латв. кансерваторыі (1955). У 1955—75 у Латв. т-ры драмы імя А.​Упіта. Сярод роляў: Оскар Клява («Сын рыбака» В.​Лаціса), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» Л.​Талстога), Лаэрт («Гамлет» У.​Шэкспіра). Выканаў ролі моцных і мужных людзей у фільмах «Накцюрн», «Моцныя духам», «У цені смерці», «Пад перакуленым месяцам» і інш. Паставіў фільмы: «Саната над возерам» (1976, з В.​Браслам), «Ранняя ржа» (1979), «Таран» (1982), «Страх» (1986), «Дзіўнае месяцавае святло» (1987), «Індраны» (1991) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968. Дзярж. прэмія Латвіі 1977.

Літ.:

Кокоревич Б.А. Гунар Цилинский. М., 1978.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)