прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб. поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.Л.Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.
Літ.:
Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784;
Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;
Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,
першая міжнар.камуніст.арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.Энгельсам, В.Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.
Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).
Літ.:
Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАДА́ (Янка) (Іван Мікітавіч; 13.5.1879, в. Задзвея Баранавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 19.11.1943),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны ін-т (1903). У 1905—06 у арміі, знаходзіўся на Маньчжурскім фронце. У 1907—11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар’інагорскім с.-г. вучылішчы. Быў чл.Бел.сацыяліст. грамады, з 1914 публікаваўся на с.-г. тэмы ў час. «Саха». У 1-ю сусв. вайну на фронце, вайск. ветэрынар. З 1917 уключыўся ў бел.нац.-вызв. рух. Старшыня прэзідыума Усебеларускага з’езда 1917, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). У 1918 чл.ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1919—20 уваходзіў у Часовы Бел.нац.к-т, прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1921—25 навук. супрацоўнік, заг. б-кі Інбелкульта, выкладчык Мінскага бел.пед. тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхн. тэхнікума (1923—24). У 1925—29 дацэнт Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 навук. супрацоўнік Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З пач. 1930 жыў у Мінску. Аўтар прац па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі. 4.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27.12.1941 паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕФЕВІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава на Сярэднім Усходзе ў 1502—1736 на чале з дынастыяй Сефевідаў, якая дала пачатак сучаснай іранскай дзяржаве. Створана ў выніку паўстання азерб. плямён, якія ў 1499 узначаліў шэйх суфійскага брацтва Сефевіе Ісмаіл. Паўстанцы нанеслі паражэнне дзяржаве Ак-Каюнлу, што размяшчалася на тэр.Зах. Ірана і Ірака, і ў 1502 Ісмаіл абвешчаны шахам (гл.Ісмаіл I). Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў шыізм. Апорай першых Сефевідаў былі цюркскія азерб. плямёны кызылбашаў («чырвонагаловыя»), а цэнтр. вобласцю — Азербайджан, дзе знаходзілася сталіца С.дз. — напачатку Тэбрыз, з 1548 — Казвін. Пасля смерці Тахмаспа I [1524—76] міжусобіцы прывялі да фактычнага распаду С.дз. Яе аб’яднаў Абас I Вялікі [1587—1629]. Ён разбіў туркаў і ўзбекаў, вярнуў страчаныя тэрыторыі (Харасан, Азербайджан), заваяваў Ірак. Пры ім адбылася персізацыя дзяржавы, сталіца перанесена ў Ісфахан. У выніку адм., ваен. і інш. рэформ С.дз. ўмацавалася, што спрыяла яе эканам. і культ. росквіту на працягу амаль усяго 17 ст. Але хуткі рост насельніцтва прывёў у канцы 17 ст. да збяднення нар. мас. Пры шаху Султане Хусейне [1694—1722] сац.-эканам. крызіс паглыбіла паўстанне афганцаў, якія ў 1722 захапілі Ісхафан, а туркі — Азербайджан. Барацьбу супраць афганцаў і туркаў узначаліў палкаводзец Надзір-шах, які ў 1736 адхіліў ад улады апошняга сефевідскага шаха Абаса III [1732—1736].
Літ.:
Эфендиев О.А. Азербайджанское государство Сефевидов в XVI в. Баку, 1981;
Павлова И.К. Хроника времен Сефевидов: Сочинение Мухаммад-Масума Исфахани «Хуласат ас-сийар». М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,
старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасляВялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКХІ́ЗМ (ад сікхі),
рэлігія, якая ўзнікла ў 16 ст. ў Паўн.-Зах. Індыі. Засн. ў Пенджабе гуру Нанакам. Пасля яго смерці пропаведзь С. працягвалі 9 гуру (усе яны лічацца пераўвасабленнямі Нанака). Спалучае рысы індуізму і ісламу. Паслядоўнікі С. (сікхі) адмаўляюць індуісцкую ідэю Мнагабожжа, вераць у адзінага Бога, які ўвасабляе ў сабе Тварца, Захавальніка і Разбуральніка. Спасціжэнне Бога сікхі лічаць магчымым для кожнага чалавека, які прытрымліваецца шляху любові, веры, адданасці і разважанняў аб божых дзеяннях. С. адмаўляе каставую сістэму, складаную абрадавасць, аскетызм і пустэльніцтва. Свяшчэнная кніга сікхаў Адыгрантх (санскр. «спрадвечная кніга») аб’ядноўвае гімны 10 гуру С., а таксама гімны Кабіра (15 ст.), Намдзева (15 ст.), Фарыда (13 ст.), Джаядзевы (14 ст.) і інш. прадстаўнікоў індуізму і суфізму. Адмаўленне каставай сістэмы забяспечыла папулярнасць С. сярод сялян і рамеснікаў. У пач. 18 ст. ідэалогія С. паслужыла асновай для барацьбы супраць імперыі Вялікіх Маголаў. У 1765 сікхі стварылі незалежную дзяржаву, у 1849 у выніку Англа-сікхскіх войнаў страцілі незалежнасць. У сучаснай Індыі С. прытрымліваюцца каля 2% насельніцтва (пераважна штат Пенджаб). Рэліг. цэнтр С. — г. Амрытсар, дзе ў «Залатым храме» захоўваецца кніга Адыгрантх.
Літ.:
Семенова Н.И. История сикхского движения в Индии. М., 1963;
Бельский А.Г., Фурман Д.Е. Сикхи и индусы: Религия, политика, терроризм. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),
сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш.правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр.Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],
кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст. — «Аповесць пра Скандэрбега».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫЯ (Bayern),
зямля (адм. адзінка) на ПдФРГ. Пл. 70,6 тыс.км². 11,9 млн.чал.(1994). Адм. ц. — г.Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.
Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л.вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр.прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.
Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл.Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.