возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 30 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,47 км², даўж. 3,3 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі каля 10 км. Пл. вадазбору 351 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Пойма шыр. да 100 м, забалочаная, парасла хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, з глыб. 2 м дно ілістае. На Пд востраў пл. 1 га. Упадаюць рэкі Кудзінка і Мыльна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛІ́ЦА (Agrostis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. На Беларусі найб. вядомыя віды М.: гіганцкая, або белая (A. gigantea), кармавая расліна натуральных сенажацяў і пашаў; парасткаўтваральная (A. stolonifera); сабачая (A. canina); тонкая (A. tenuis). Трапляюцца па лугах, хмызняках, берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы выш. да 120 см. Лісце лінейнае, шурпатае.
Дробныя двухполыя кветкі сабраны ў раскідзістую рыхлую шматкаласковую мяцёлку. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ВРАЦІЛЬ (Navrátil),
Іозеф (17.2.1798, Слані каляг. Кладна, Чэхія — 21.4.1865), чэшскі жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Пражскай АМ (1819—23). Аўтар манум. размалёвак у замках ў Лібехаве (1838—43), Кленаве (1840), Йірні (1845—47, 1857), Плошкавіцы (1853—54), будынках Новай мукамольні (1847—50) і доме Ваўры (1847) у Празе. Пісаў невял. па памерах пейзажы, нацюрморты, карціны быт. жанру, якія вызначаюцца свабоднай лепкай формы і сакавітым каларытам: серыя «Паляванне на ліса», «Вадаспад у вёсцы», «Маці з дзіцем», «Малочніца на вуліцы», «Сцэна ў стылі ракако», «Танцоўшчыцы», «Селядцы на талерцы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПЕ́РСТАЎКА (Digitalis),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Н. буйнакветная (D. grandiflora). Трапляецца ў хмызняках, на ўзлесках. Культывуецца Н. пурпуровая (D. purpurea).
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Сцёблы прамыя, негалінастыя Лісце чаргаванае, суцэльнае, ланцэтападобнае або прадаўгавата-яйцападобнае. Кветкі ў верхавінкавых густых гронкападобных суквеццях, няправільныя, пераважна буйныя, жоўтыя, пурпуровыя, рудаватыя. Вяночак двухгубы, званочкавы, нагадвае напарстак (адсюль назва) або шарападобна ўздуты. Плод — каробачка. Трава Н. (пераважна лісце) выкарыстоўваецца ў медыцыне. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЫЯ́НТА (Neottianthe),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. клабучковая (N. cucullata) — еўразійскі таежны рэліктавы від; занесена ў Чырв. кнігу.
Трапляецца ў хвойніках-зеленамошніках, часцей на ўзгорыстай мясцовасці.
Н. клабучковая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з ныркападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло тонкае, граністае, каля асновы 2 супраціўныя лісты, вышэй — 1—3 дробныя вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, часам белыя, сабраныя па 6—24 у аднабокі рэдкі колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МКІ, мутыліды (Mutillidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 4,8 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі найб. трапляецца Н. еўрап. (Mutilla europaea), якая паразітуе ў гнёздах пчол і чмялёў.
Даўж. да 16 мм. Цела ўкрыта густымі валаскамі з яркімі плямкамі і палоскамі. У Н. еўрап. цела чорнае з сінім адценнем. Самцы крылатыя, самкі бяскрылыя, вонкава нагадваюць мурашак. Большасць відаў Н. развіваецца на лічынках і кукалках перапончатакрылых (адзіночныя пчолы, чмялі, сфецыды, дарожныя і складкавакрылыя восы), некат. відаў жукоў і мух. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя.