старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.
пісьменнік. Па паходжанні ірландзец. Пісаў на фанц. і англ. мовах. Скончыў Трыніты-каледж у Дубліне (1927). Быў сакратаром Дж.Джойса. Удзельнік франц. Руху Супраціўлення. Адзін з заснавальнікаў абсурду драмы («У чаканні Гадо», 1952; «Канец гульні», 1957; «Апошняя стужка Крапа», 1959; і інш.). У п’есе «Катастрофа» (1982) выступіў супраць абмежавання свабоды мастака. Тэкст раманаў «Мёрфі» (1938), «Малой», «Малон памірае» (абодва 1951), «Невыказны», «Уот» (абодва 1953), «Як гэта» (1961) — алагічны, без сувязі «паток свядомасці». Аўтар зб-каў апавяданняў («Больш уколаў, чым штуршкоў», 1934), вершаў («Кастаньеты рэха», 1936) і артыкулаў («Кавалкі і абрыўкі», 1977), анталогіі «Я не магу працягваць, я працягваю» (1976), эсэ пра М.Пруста (1931) і Джойса (1936). У яго творах знайшла ўвасабленне экзістэнцыялісцкая канцэпцыя свету і чалавека. На бел. мову п’есу Бекета «Не я» пераклаў Л.Баршчэўскі (у кн. «Пры зачыненых дзвярах», 1995). Нобелеўская прэмія 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭГ (Bragg),
англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.
Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.
Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац.фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.В.Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл.Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.Г.Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.
Тв.:
Рус.пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁЛЬ ((Böll) Генрых) (21.12.1917, г. Кёльн, Германія — 16.7.1985),
нямецкі пісьменнік. У раманах «Дзе ты быў, Адам?» (1951), «І не сказаў ніводнага слова» (1953), «Дом без гаспадара» (1954), «Більярд а палове дзесятай» (1959), «Погляды клоуна» (1963), аповесцях «Хлеб ранніх гадоў» (1955), «Канец адной камандзіроўкі» (1966), зб. апавяданняў «Вандроўнік, калі ты прыйдзеш у Спа...» (1950) і інш. вастрыня этычнай праблематыкі (маральнае супрацьстаянне грамадскаму злу), абумоўленая хрысц.-каталіцкай арыентацыяй Бёля, матыў нац. віны і адказнасці за злачынствы нацызму, глыбокі псіхал. аналіз, лірызм спалучаюцца з рэзкай, часам з’едлівай сац. крытыкай, у т. л. антыфаш. і антываеннай. Раман пра гіст. лёс пасляваен. Германіі «Групавы партрэт з дамай» (1971) уключае элементы гратэску. Аўтар паліт. раманаў «Зняслаўлены гонар Катарыны Блюм...» (1974), «Жанчыны на беразе Рэйна» (1985), тэатр., тэле- і радыёп’ес. Публіцыстыка, літ. крытыка. На бел. мову яго творы перакладалі Л.Баршчэўскі, С.Куваеў і інш. Нобелеўская прэмія 1972.
Тв.:
Бел.пер. — Мая дарагая нага // Полымя. 1967. № 7;
Більярд а палове дзесятай: Раман, апавяданні. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.
Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, безунутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.
На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.
Да арт.Гранільная справа. Каштоўныя камяні, апрацаваныя для калекцыі, і ювелірныя вырабы з кабашонамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),
стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.П.Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.
Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЙКА,
старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус.нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел.нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.Купалы наз. «Жалейка», 1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г.ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АНСССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989—91;
Бел.пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.
Літ.:
Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГВАЛТАВА́ННЕ,
злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.
З. ў крымінальным праве — злачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел.крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.