абжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Набыць усё неабходнае на новым месцы жыхарства, у новых умовах. Была зямелькі там валока, Дзе можна б моцна і глыбока Пусціць карэнні ў грунт, абжыцца — Было на чым разварушыцца. Колас.

2. Звыкнуцца з новымі ўмовамі жыцця, прывыкнуць да жыцця на новым месцы. Крыху абжыўся Данілка на бойні, але ўсё роўна думка аб вёсцы не давала спакою. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абчаса́ць, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Чэшучы сякерай, цяслою, зрабіць што‑н. роўным, гладкім. Абчасаць бервяно. □ Мала таго, [дзед] нават памог змайстраваць [калоды]: дзе трэба, абчасаў сякерай, пагабляваў, вычысціў круглай стамескай дупло... Рылько. // Аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. чэшучы. Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару. Ядвігін Ш. / у перан. ужыв. — Нас тут [у астрозе] так прапясочылі і абчасалі, такую палітграмату далі, што ні адзін універсітэт не дакажа. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пана; належыць пану. Зямля — дзе глянеш — панская, Вада, лес, дол, гара. Танк. Панскі палац пачаў ужо гарэць з аднаго канца. Лынькоў.

2. Уласцівы пану; прасякнуты пагардлівымі адносінамі да каго‑, чаго‑н. Людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба.., як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папро́сту, прысл.

1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.

2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.

3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Шырокі выступ печы, грубкі для ляжання і ацяплення. Побач з кухоннай печчу стаяла ляжанка, дзе ўжо трэці дзень гатавала страву гаспадыня. Колас. Мужчына вяла падняўся, спусціў з ляжанкі босыя ногі. Навуменка. Алег распаліў грубку і сядзеў на пакладзеным бокам зэдліку, пазіраючы ў полымя, якое ўжо гуло ў ляжанцы. Ермаловіч.

2. Месца, прыстасаванне для ляжання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

межава́ць, мяжую, мяжуеш, мяжуе; незак.

1. Разм. Тое, што і межавацца (у 1, 2 знач.). Той куток Беларусі, дзе я нарадзіўся, межаваў некалі па Дзвіне з Заходняй Беларуссю, якая ў той час была акупіравана Панскай Польшчай. Хадкевіч. Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас будзе рамантыкай, якая мяжуе з летуценнем. Шыцік. Мяжуе гора з добрай радасцю... Панчанка.

2. што. Вызначаць межы ўчасткаў пры падзеле зямлі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́йна,

1. Прысл. да неспакойны.

2. безас. у знач. вык. Аб стане неспакою, хвалявання, які адчуваецца кім‑н. Неспакойна было на душы ў Надзеі. Кавалёў. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.

3. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць спакою дзе‑н. Неспакойна было на дарогах і сцежках... Мележ. Перагарадзіўшы.. [Ганне] дарогу, Рыгор сказаў: — У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасо́хнуць, ‑не; пр. перасох, ‑ла; зак.

1. Стаць сушэй, чым трэба; вельмі высахнуць. Сена перасохла. □ Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі. Галавач. / часцей безас. Пра рот, губы і пад. Губы перасохлі. □ — Ніначка, хадзем дзе пашукаем вады, бо ў роце, у горле перасохла. Пестрак.

2. Стаць бязводным, зусім абмялець. Калодзеж перасох. □ Хутчэй перасохнуць азёры і рэкі, — Чым сэрцы астынуць у шчырай любві. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перачака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.

Прабыць дзе‑н., у якіх‑н. умовах і пад., чакаючы заканчэння чаго‑н. Прахожыя спыняліся тут, каб перачакаць спёку або схавацца ад дажджу. Чарнышэвіч. Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, Пакуль зара не прыадчыніць дзверы? Танк. // Пачакаць некаторы час. — Давай крыху перачакаем, — параіў Лабановіч. Колас. Лазарэўская вырашыла перачакаць хвілін пяць, каб на адзіноце разабрацца ў сваіх пачуццях. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кон, ‑у, м.

1. Месца, дзе ставяцца фігуры, якія трэба выбіваць (пры гульні ў гарадкі, пікара і пад.). Абчарціць кон. Паставіць фігуры на кон. // Фігуры, расстаўленыя на гэтым месцы ў адпаведнасці з правіламі гульні. Выбіць кон з круга. // Месца, куды кладуць стаўку ў азартных гульнях. На коне ляжала капеек пяць медзі. Гарэцкі.

2. Адна партыя якой‑н. гульні. Згуляць кон у гарадкі.

•••

Ставіць на кон гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)