ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТРЫ́Я (ад полі... + ...метрыя),

1) у паэтыцы — ужыванне ў адным творы некалькіх памераў вершаваных, што робіць верш рытмічна больш разнастайным. Вядома з ант. часоў, у новы час часта ўжывалася ў паэзіі барока, рамантызму і 20 ст. Гл. таксама Лагаэд.

2) У музыцы — адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх тактавых памераў з перыяд. несупадзеннем гал. метрычных акцэнтаў; адна з пашыраных форм арганізацыі полірытміі. Сустракаецца спалучэнне розных метраў на працягу ўсяго твора або значнай часткі, паміж дзвюма і больш тэмамі (напр., адначасовае гучанне трох танцаў — ​3/4, ​2/4, ​3/8 — у сцэне балю оперы В.​А.​Моцарта «Дон Жуан», фіналу 4-й сімфоніі — ​8/8, ​7/8 — Я.​Глебава), а таксама несупадзенне метра ў мелодыі і яе суправаджэнні (Вальс ор. 42 Ф.​Шапэна, кульмінацыя 4-й ч. 1-й сюіты з балета «Выбранніца» Глебава). Больш пашыраны кароткія поліметрычныя эпізоды, часам не пазначаныя адпаведнымі знакамі, на аснове матыўнай П., або геміёлы — 2-дольных матываў у 3-дольных тактах (2-я ч. 2-га квартэта А.​Барадзіна, 2-я сімфонія «Песні для аркестра» А.​Мдывані, у многіх творах І.​Стравінскага, М.​Рымскага-Корсакава, Глебава, Дз.​Смольскага і інш).

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,

механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.

У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл. Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плётка1 ’раменны, вяровачны ці іншы бізун’ (ТСБМ; Нас.; Бяльк.; ТС; даўг., Сл. ПЗБ); ’сплецены з трох ці болей столак матуз’ (Варл.), ’нізка грыбоў’ (міёр., ЛА, 1), ’пляцёнка цыбулі’ (полац., шуміл., ЛА, 2), ’пляцёнка цыбулі’, ’матузок у фартуху’, ’сплеценая каса льну’, ’сплеценыя канцы асновы, краёў пасля датыкання’ (Сл. ПЗБ), ’каснік’ (жытк., мазыр., Мат. Гом.). Прасл. *plet‑ъka ад *plesti > бел. пле́сці (гл.).

Плётка2, плёткі ’ілжывая чутка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Шат., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), плёткі/cплёткі ’тс’ (Растарг.), бых. плётка ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ЛА, 3). З польск. plotka, plotki ’ілжывыя чуткі’, якое узыходзіць да plotka ’нешта сплеценае’ < прасл. *plet‑ъka. Сюды ж плётка, плётнік ’пляткар’ (Нас.). Семантычна суадносіцца з *plesti ’плявузгаць, гаварыць лухту’, гл. пле́сці ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лі́рыка

(фр. lyrique < лац. lyrica, ад гр. lyrikos = пачуццёвы)

1) адзін з трох асноўных родаў мастацкай літаратуры (побач з драмай і эпасам); паэзія, якая адлюстроўвае жыццё праз вобраз-перажыванне, а таксама сукупнасць твораў гэтага віду паэзіі (напр. беларуская л., л. Багдановіча);

2) перан. чуллівасць, перажыванні (напр. упасці ў лірыку).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

у¹, прыназ.

I. з В і М.

1. Ужыв. пры абазначэнні месца, напрамку куды-н. ці знаходжання дзе-н. каго-, чаго-н.

Пакласці рэчы ў куфар.

Адзенне вісіць у шафе.

Падаць заяву ў інстытут.

2. Ужыв. пры абазначэнні з’яў, якія ўяўляюць сабой галіну дзейнасці, стан чаго-н.

Збірацца ў паход.

Быў у паходзе.

Паглыбіцца ў роздум.

3. Ужыв. для ўказання на выгляд, форму чаго-н.

Расцерці ў парашок.

Лякарства ў парашках.

Цукар у кавалках.

Пальцы ў чарніле.

4. Ужыв. пры ўказанні на знешні выгляд каго-, чаго-н., на абалонку, на адзенне.

Купацца ў плаўках.

Загарнуць у абрус.

Цукеркі ў абгортцы.

Апрануцца ў новае паліто.

5. Ужыв. для ўказання колькасці якіх-н. адзінак, з якіх што-н. складаецца.

Даўжынёй у тры метры.

П’еса ў трох дзеях.

6. Ужыв. пры абазначэнні моманту ці тэрміну.

У ноч з пятніцы на суботу.

У наступным годзе.

7. Ужыв. пры абазначэнні прадметаў, з’яў, у адносінах да якіх што-н. адбываецца, назіраецца.

Недахопы ў рабоце.

Розніца ў гадах.

II. з В.

1. Ужыв. пры абазначэнні суадносін лікаў.

У два разы больш.

2. Дзеля, для, у якасці чаго-н.

Не ў крыўду кажучы.

Сказаць у насмешку.

3. Ужыв. пры абазначэнні поўнага падабенства, тоеснасці з кім-н.

Уся ў бацьку.

III. з М. Ужыв. пры абазначэнні адлегласці ад чаго-н.

У трох кіламетрах ад горада працякае рэчка.

IV. з Р.

1. Ужыв. пры ўказанні на асоб, у асяроддзі якіх або ў межах дзейнасці, валодання, разумення якіх ці ў межах прыналежнасці якім што-н. адбываецца, маецца.

Шыць кажух у краўца.

Гасціць у родных.

Як у вас холадна!

У яго спрыт у рабоце.

Глядзі ў мяне! (выраз пагрозы; разм.).

2. Указвае на крыніцу атрымання, паходжання чаго-н.

Даведацца ў знаёмага.

Купіць карову ў суседа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

трыпле́т

(ад фр. tripler = утройваць, ад лац. triplex = трайны)

1) сістэма, устройства, якія характарызуюцца наяўнасцю трох частак;

2) трэці экзэмпляр якой-н. рэчы (пераважна рэдкай);

3) удар у більярднай гульні, пры якім шар трапляе ў цэль, адскочыўшы спачатку ад аднаго, потым ад другога борта;

4) тое, што і кадон.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Вусы́1 ’кліны ў адзенні’ (Сакал., Малчанава, Мат. культ., 150; Некр. 166: «белая світка з вусамі»). Да вус (гл.) з-за падабенства па форме; параўн. апісанне рэаліі (Бел. нар. адзенне, 61).

Вусы́2, вусэ́ ’прыстасаванне з трох жэрдак у выглядзе трохвугольніка, якое кладзецца на воз для перавозкі сена’ (навагр., Нар. сл.). Відаць, да вус (бо «тарчаць» з двух бакоў воза); параўн. вуса́тые калё́сы ’даўнейшы воз з драўлянай воссю’ (мядз., Жыв. сл.).

Ву́сы1 ’шнуры, якія прытрымліваюць адтуліну жака ў раскрытым стане’ (КСТ); ’пяньковыя вяроўкі для ўмацавання плыта’ (жытк., З нар. сл.). Да вус (гл.) на падставе вобразнай метафары (бо «разведзены» ў два бакі).

Ву́сы2 ’асцюкі ў коласе’ (Жд., 2), ву́са ’тс’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.; параўн. укр. ву́си ’тс’. Да вус (гл.) з-за падабенства па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРЫП (франц. grippe ад gripper схопліваць),

вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.

Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)