Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухць — выклічнік ’бух’ (шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж пухчэ́ць, пухце́ць ’брадзіць; бурчаць’ (в.-дзв., паст., рас., Сл. ПЗБ). Аўтары названага слоўніка параўноўваюць з літ. pū́kt ’тс’, pukšė́ti ’тс’, аднак, хутчэй за ўсё, гэта вытворнае ад гукапераймальнага пу́хаць (гл.), параўн. серб.-харв. пухтати/пу́ктати, пу̏кћем ’біць ключом, бурліць’, у якіх Скок (3, 69) бачыць анаматапеізмы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́чыкі ’цюльпаны’ (паст., Сл. ПЗБ), драг. мэ́чыке ’гладыёлусы’ (Лучыц-Федарэц), відаць, з польск. mieczyk ’тс’, як і чэш. mečík, серб.-харв. ма̏ч, mačika, mečiką, mačȋc, mačinac, ’тс’, mačac ’стальнік, Ononis spinosa’ славен. mȅč ’гладыёлус’, mečíka ’касач’, — усе першапачаткова з’яўляюцца старым перакладам з лац. gladiolus ’невялікі меч’ > ’мечавідны ліст’ < gladius ’меч’ паводле падабенства лістоў да мяча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міхіе́р ’мачавы пузыр’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. михі́р, міху́р ’пузыр’, рус. михи́рь, ст.-рус. мѣхирь, михирь, мѣхиръ (мѣхыръ) ’пузыр — орган цела’, ’membrum virile’, польск. miecherz, чэш. měchýř, славац. mechúr, славен. mehír, серб.-харв. mjèhȋr, ме̏хур, балг. меху́р. Прасл. měxyrъ/měxyrʼь, měxurъ/měxurʼь, якое ад měchъ (Слаўскі, SP, 2, 26 і 28). Да мех (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нож ’нож, рэжучая прылада’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ну͡ож ’тс’ (Бес.), ныж ’тс’ (Сл. ПЗБ), ніж ’тс’ (Дразд.), niż ’сашнік плуга’ (Тарн.), укр. ніж, рус. нож, польск. nóż, чэш. nůž, славац. nôž, в.-луж. nóž, н.-луж. nož, славен. nòž, серб.-харв. но̑ж, макед., балг. нож. Прасл. *nožь, звязана з зано́за, ніза́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лупа́ціць ’бегчы (вельмі хутка знікаць)’ (браг., Мат. Гом.). Укр. лопоті́ти ’тупаць, бежучы’. У выніку кантамінацыі лупі́ць і лапаце́ць (гл.). Параўн. чэш. lupotat — аб дажджы. Адносна таго ж значэння лупі́ць параўн. рус. валаг. лупи́ть ’хутка ісці, бегчы’, серб.-харв. лу̏пити ’кінуцца, пабегчы’, балг. лу́пя ’тс’, ’хутка пабегчы’ (БЕР, 3, 521), бел. лупяну́ць ’рушыць у дарогу’ (Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мале́ча ’маленькія дзеці, жывыя істоты’, ’драбната, драбяза’, ’дзіцяня’ (ТСБМ, Янк. 1, Сцяшк., Нас., Бяльк., Растарг.), ’чалавек нізкага росту’ (Растарг.). Укр. мале́ча ’малыя дзеці’, рус. мале́ча: смал. ’дзіця’, славен. malȏča ’дробязь’, серб.-харв. мало̀ћа ’малая колькасць’. Трубачоў (Проспект, 59–61) дапускае праблематычнасць пры ўзвядзенні гэтых форм да прасл. malotja; магчыма, ‑otja > ‑etja (?). Да малы́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мамы́ліць ’надуваць губы ад незадавальнення’, мамы́ль ’сярдзіты, з надутымі губамі’ (Нас.). Рус. смал. мамы́лить ’тс’, ’злаваць, крыўдзіцца’, серб.-харв. маму̀љати ’жаваць, есці з закрытым ротам’, чак. му̏мати; му̀млати ’мармытаць’, ’бурчаць’, балг. мамо́ля ’няясна гаварыць’, славен. momljáti ’тс’, ’бурчаць’, чэш. mumlati ’тс’. Гукапераймальнае (Бернекер, 2, 75; Фасмер, 3, 30; Скок, 2, 366–367; БЕР, 3, 633).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Палі́ць ’знішчаць агнём, спальваць; распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад.; моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць’. Агульнаслав. (рус. пали́ть, укр. пали́ти, ст.-рус., ст.-слав. палити, польск. palić, серб.-харв. па́лити і г. д.) і прасл. paliti. Звязана чаргаваннем галосных са ст.-слав. полѣти ’палаць, гарэць’ (параўн. палаць). Далейшыя сувязі гл. попел, полымя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)